Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
26
7
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныКультура и история75 лет Гродненской областиКультура и историяКультураБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш край

Музей “Лес і чалавек” запрашае на выстаўку “Мастоўшчына – куточак маёй Гродзеншчыны”

Музей “Лес і чалавек” запрашае на выстаўку “Мастоўшчына – куточак маёй Гродзеншчыны”13 августа 2019 — 14:11

Пазнаёміцца з тым, як рос і будаваўся наш раённы цэнтр, якія адметнасці былі характэрны ў яго абліччы ў мінулым стагоддзі, як працавалі і адпачывалі мастаўчане дзясяткі гадоў таму можна на выстаўцы ў Мастоўскім музеі “Лес і чалавек”.

– Наша выстаўка мае назву “Мастоўшчына – куточак маёй Гродзеншчыны” і прымеркавана да 75-годдзя з дня ўтварэння Гродзенскай вобласці. Мы прапануем нашым наведвальнікам праз гісторыю роднага краю прасачыць і 75-гадовы шлях развіцця Гродзеншчыны, – удакладняе старшы навуковы супрацоўнік музея Святлана Рагацэвіч. – Дакументальныя матэрыялы, прадстаўленыя з фондаў нашага музея, безумоўна, будуць цікавымі як людзям больш сталага ўзросту, бо гэта гады іх маладосці, так і дзецям, якія з захапленнем разглядваюць старыя фотаздымкі і шукаюць агульныя рысы з сённяшнім днём.

І гэта сапраўды так. Трэба было бачыць, з яко зацікаўленасцю знаёміліся з матэрыяламі выстаўкі выхаванцы аздараўленчага лагера пятай гарадской школы.

– Мне вельмі спадабаліся здымкі, дзе паказана, як будаваліся наш завод і мост, праз які мы ездзім. Цікава, што раней цяжкія грузы перавозілі на павозцы, запрэжанай канём, а цяпер гэта робяць магутныя МАЗы, – дзеліцца ўражаннямі Косця Сербін.

– А мне найбольш запомніліся фотаздымкі з выратавальнікамі – яны сапраўдныя героі, бо дапамагаюць людзям у розных складаных сітуацыях, і я хачу быць падобным да іх, – дапаўняе брата Максім Сербін.

Не менш уражанняў юным мастаўчан прынесла і карціна нашага земляка Дзмітрыя Іваноўскага “Скарбы зямлі маёй”, дзе плуг цягне не трактар, а конь, а за плугам ідзе пажылы мужчына. Зараз такую “экзотыку” рэдка дзе сустрэнеш.

Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выстаўкі выклікаюць здымкі са святкавання 500-годдзя горада Масты, на якіх цяперашнія сур’ёзныя дарослыя могуць пазнаць сябе яшчэ ў школьным узросце.

Гісторыя застыла на фота, дзе адлюстравана пераправа праз раку Нёман. Спачатку гэта паром, затым пантонны мост і, нарэшцэ, – сучасны аўтамабільны мост. Пра тое, як развіваўся, рос і прыгажэў наш раённы цэнтр, таксама яскрава раскажуць прадстаўленыя фотаздымкі, а шматлікія фотаальбомы распавядуць пра жыццё працоўных калектываў Мастоўшчыны.

Можна пазнаёміцца на выстаўцы і з гісторыяй развіцця фанернага завода братоў Канапацкіх, а зараз адкрытага акцыянернага таварыства “Мастоўдрэў”. Дзяўчынак, напрыклад, зацікавілі макеты мэблі ў паменшаным памеры, якую ў свой час выпускалі на прадпрыемстве. “Гэта ж цэлы лялечны домік”, – вынеслі свой вердыкт юныя гаспадынькі.

Таксама зацікавіла малых школьная парта – за такімі калісьці вучыліся іх бабулі і дзядулі. Як гэта – сядзець за драўлянай партай з адкідной крышкай – ім нават дазволілі паспрабаваць. Параўналі хлопчыкі і дзяўчынкі і колішні чамадан з сучаснымі зручнымі дарожнымі сумкамі.

Ёсць на выстаўцы і іншыя цікавыя эспанаты. Сярод іх, напрыклад, нумары нашай раённай газеты “Зара над Нёманам”, датаваныя студзенем 1975 года.

Так што маецца выдатная нагода наведаць музей “Лес і чалавек” – выстаўка працягне сваю работу да 23 жніўня.

Н. ШЭЎЧЫК

Фота аўтара



Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио