Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноУрожай-2017Урожай-2017

Мудрасці вучыць праца і жыццё

Мудрасці вучыць  праца і жыццё26 сентября 2016 — 11:10

 

Сёлета калектыў сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва імя Адама Міцкевіча прапанаваў для занясення на раённую Дошку гонару кандыдатуру вадзіцеля аўтамабіля Уладзіслава Браніслававіча Лобача. Такую павагу і гонар ён заслужыў шматгадовай плённай працай у гаспадарцы, памяркоўным характарам і паважлівымі адносінамі з калегамі і аднавяскоўцамі.

Пра такіх, як Уладзіслаў Браніслававіч гавораць, што на яго можна разлічваць у любой сітуацыі – ён не падвядзе. Такога работніка не трэба кантраляваць, бо лепшы кантроль – гэта яго сумленне. Не патрэбны вопытнаму вадзіцелю і лішнія ўказанні, бо амаль за сорак гадоў працы ў гаспадарцы ён дасканала вывучыў як прафесійныя абавязкі, патрабаванні тэхнікі бяспекі і правіл дарожнага руху, так і арганізацыю сельскагаспадарчых работ.

Дарэчы, сустрэліся з Уладзіславам Браніслававічам мы падчас нарыхтоўкі кармоў. На сваім МАЗе ён перавозіў зялёны фураж з поля да сянажнай траншэі. Як заўсёды, знаходзіўся ў ліку вадзіцеляў­перадавікоў, што былі заняты на корманарыхтоўцы.

­­ Падчас жніва перавожу зерне ад камбайнаў на зернясховішча. Так увесь год і праводжу за рулём. Так і жыццё праімчалася за акном аўтамабіля, ­­ разважае Уладзіслаў Браніслававіч.

Сціпласць, якая, здаецца, перадаецца сельскім жыхарам разам з матчыным малаком, не дазваляе нашаму суразмоўцу выхваляцца вынікамі сваёй працы. “Працую, як і ўсе,”­­ толькі і дадае да сказанага У.Б.Лобач. Між тым, ён займае лідзіруючыя пазіцыі і сярод вадзіцеляў, занятых на жніве. І не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне. Летась, напрыклад, адным з першых перавёз тысячу тон зерня новага ўраджаю.

Родам Уладзіслаў Браніслававіч з Вялікай Рагозніцы, дзе зараз яны жывуць удваіх з жонкай. Яна таксама працуе ў сельгаскааператыве імя Адама Міцкевіча бухгалтарам. Штомесяц у госці да бацькоў наведваюцца сыны, што жывуць у Мінску. Асаблівая радасць для бабулі і дзядулі – іх шасцігадовая ўнучка, якая любіць гасцяваць у вёсцы, бавіць час на ўлонні прыроды і крыху нават нязвыклай для гарадскога жыхара цішыні.

...Разгрузка, некалькі хвілін на размову з намі – і зноў Уладзіслаў Браніслававіч звычным рухам уздымаецца на прыступкі МАЗа, які праз хвіліну­другую ўжо імчыць насустрач палеткам і скошаным травам. Хутка­хутка пальецца ў яго кузаў і “золата” хлебнай нівы. Такая вось праўда і мудрасць жыцця.

 

Н.ШЭЎЧЫК

 

Фота аўтара



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: