Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМостовский крайНаш край

Можна паглядзець і нават пагладзіць

Можна паглядзець і нават пагладзіць08 апреля 2015 — 10:00

 Прачытала ў адным артыкуле вашай газеты “Зара над Нёманам” аб музеі ў В.Бераставіцы і аднойчы, праязджаючы каля яго, не змагла ўтрымацца, каб не наведаць. Мяне сустрэў супрацоўнік музея Аляксандр Мікалаевіч, а калі даведаўся, што мы з Гудзевіч, радасна ўсклікнуў : “Землякі!”  Пэўны час ён жыў і працаваў у нашай вёсцы.  У газеце я прачытала, якія залы ёсць ў музеі, а А.М.Галавач правёў нас па іх і кораценька расказаў аб прызначэнні кожнай. Ён апавядаў так цікава,  з такім захапленнем, што я цвёрда вырашыла арганізаваць у гэты музей экскурсію для сваіх другакласнікаў.

І вось мы ў музеі. Нас сустрэлі яго супрацоўнікі са шчырай радасцю. Прывітала нас і вавёрачка ў вальеры. Яна прыехала з Масквы за 200 долараў.  Не менш цікава было пастаяць каля інтэрактыўнай карты свету і панаціскаць на кнопачкі. Дзеці адразу бачылі, у якой частцы свету жыве выбраная імі вавёрачка.Бываючы ў музеях, дзе знаходзяцца экспанаты, можна пачуць: “Не чапайце рукамі, гэта небяспечна”, а тут: “Калі ласка, можна пагладзіць”. Нават экскурсавод  пажартаваў, сказаў: “Пагладзьце  хвосцікі гэтых звяркоў, і вы самі станеце такімі  ж хуткімі і прыткімі, як яны”.

Калі ў вучняў пытаеш, дзе жывуць вавёрачкі, то можна пачуць адказ: “У лесе, у дуплах дрэў, а дзе ж яшчэ?”У  музеі  дзеці  ўбачылі, што вавёрачкі сапраўды  жывуць   ў дуплах дрэў. Але найбольш здзівіла маіх дзяцей тое, што вавёрачкі могуць жыць яшчэ і ў так званых звітых гнёздах – гайнах у галінах дрэў.

 У нашых экскурсіях, што немалаважна, прымаюць удзел і бацькі вучняў. Гэта дапамагае стварыць атмасферу даверу і адказнасці паміж дзецьмі і вучнямі, зацікаўленасці ў школьных справах сваіх дзяцей.Мы даведаліся, што ў 36 краінах на гербах ёсць выявы вавёрак. Многія з краін адгукнуліся на просьбу музея даслаць іх фотаздымкі. І вось ўжо ляжыць цэлы альбом, які можна пагартаць і пазнаёміцца з гербамі гэтых краін.Адзін з культурных дзеячаў В.Бераставіцы доўгі час жыў і працаваў у далёкай Манголіі. І вы не паверыце, даведаўшыся, што адкрыўся музей “Белки” у В.Бераставіцы, супрацоўнікі музея  той краіны даслалі мужчынскую і жаночую вопратку, якую насілі жыхары той мясцовасці. А яшчэ ў падарунак даслалі музычны інструмент. Але пры чым тут музычны інструмент, скажаце вы? Справа ў тым, што на грыфе гэтага інструмента знаходзяцца задыякі. Дык вось там прысутнічала вавёрка, але, на жаль, яна ў час падарожжа выпала і згубілася, яе не змаглі адшукаць.

 Дзеці з вялікай цікавасцю разглядалі палац уладальніка Касакоўскага. У час вайны ён  быў амаль што поўнасцю спалены. Мы даведаліся, што  супрацоўнікі і студэнты  Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка ­ археалагічнага музея па  архіўных дакументах стварылі макет, які кропля ў кроплю  паўтарае арыгінал. І вось цяпер, гледзячы на такую архітэктурную прыгажосць, цяжка паверыць, што і ў той,  далёкі ад нас час,  ствараліся  такія велічныя збудаванні. Цяпер ім толькі ў музеі і можна палюбавацца, бо яго ў В.Бераставіцы няма.

Затое, які касцёл Дзевы Марыі быў  ў В.Бераставіцы! Ён таксама захапляў сваёй непаўторнасцю і велічнасцю, але, на жаль,  ад яго нічога не засталося, акрамя разбуранай цягам часу фасаднай сцяны. І зноў жа мы змаглі ўбачыць, якім ён быў першапачаткова, у музеі.

   Пасля наведвання такіх музеяў сапраўды пачынаеш задумвацца над тым, наколькі важна і неабходна іх ствараць, каб з цягам часу не згубіць свае карані, памяць аб тых, хто стараўся, каб і ў той, далёкі ад нас час, зямля квітнела і працвітала. Музеі захоўваюць і дапамагаюць данесці гісторыю да маладога пакалення. Мы засталіся задаволены гэтай паездкай і раім вам, калі вы будзеце планаваць свой адпачынак, адправіцца туды. Упэўніваем – не пашкадуеце.

Хочацца выказаць шчырыя словы падзякі дырэктару ЗАТ “Гудзевічы” А. А. Санько, які дапамог арганізаваць гэтую паездку, прадставіў нам аўтобус. Ён, па магчымасці, заўсёды ідзе насустрач  просьбам.                                                                               Супрацоўнікі музея перадаюць прывітанне і вялікі дзякуй вам, супрацоўнікі рэдакцыі газеты “Зара над Нёманам”, за тое, што вы на старонцы сваёй газеты праінфармавалі аб стварэнні ў В.Бераставіцы музея. Дзякуючы гэтаму, павялічылася колькасць наведвальнікаў з розных мясцін.

Я таксама выпісваю вашу газету. Задаволена ёю. Сапраўды, прачытаўшы яе,  ведаеш, дзе і што адбываецца не толькі па сваім раёне, але і за яго межамі. 

 І. КУРБАТ, настаўніца 2 класа ДУА “Гудзевіцкая гімназія”



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: