Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСпорт и ТуризмСпортивная жизнь МостовщиныНаука и образованиеНаука и образованиеБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныНовости МостовщиныМолодёжьМолодёжь

Мастоўскія вучні паказалі дастойныя вынікі на алімпіядзе па фізічнай культуры і здароўі

Мастоўскія вучні паказалі дастойныя вынікі на алімпіядзе па фізічнай культуры і здароўі24 января 2020 — 12:30

Людзі цэняць каштоўныя камяні. Яны берагуць іх, падбіраюць прыгожую аправу, беражліва захоўваюць і баяцца страціць, а самую галоўную каштоўнасць – жыццё, часта пускаюць насамацёк. Гэтага нельга сказаць пра вучняў Гудзевіцкай сярэдняй школы Ангеліну Эйсмант, Роберта Эйсманта, Дар’ю Валюшка, а таксама пра дзевяцікласніцу Дубненскай сярэдняй школы Надзею Кавалёву. 

 

Дзеці бачаць перад сабой яскрава акрэсленую мэту. Яны не могуць уявіць сабе ні аднаго дня без заняткаў спортам, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай іх жыцця.  Хлопцы і дзяўчаты, колькі сябе памятаюць, заўсёды гулялі ў разнастайныя рухомыя гульні з сябрамі, атрымлівалі ад гэтага неверагоднае задавальненне! Пазней, акрамя асалоды і фізічнага здароўя, заняткі спортам падарылі ім шмат цікавых сустрэч з неардынарнымі людзьмі.  І цяпер кожны дзень яны знаходзяць час, каб прыйсці на трэніроўку. Там адпачываюць душою пасля напружанага пасля ўрокаў дня, там штодзень гартуюць сябе. І вынікі не прымусілі доўга чакаць.

 

З 13 па 17 студзеня 2020 года яны былі ўдзельнікамі II этапу Рэспубліканскай алімпіяды па прадмету “Фізічная культура і здароўе” ў г. Гродна. Ангеліна Эйсмант па выніках алімпіяды атрымала дыплом І ступені, Дар’я Валюшка –  дыплом  ІІ ступені, Роберт Эйсмант –  дыплом ІІІ ступені. З такім дастойным поспехам вярнуліся яны ў школу з абласной алімпіяды. Вось вам і праца, вось вам і заняткі любімай справай!

Ведаеце, не знойдзеш чалавека, у лёсе якога не адыграў бы пэўнай ролі настаўнік. Такім настаўнікам у жыцці вучняў стаў настаўнік фізічнай культуры Анджэй Рышардавіч Занеўскі. Менавіта ён зацікавіў дзяцей так, што спорт для іх стаў неад’емнай  часткай жыцця. Таму цяпер, Ангеліна, Даша, Роберт і спорт – гэта адно цэлае.

 

Гэта ж можна сказаць і пра вучаніцу дзевятага класа Дубненскай сярэдняй школы Надзею Кавалёву. Ніколі нікому перамога не даруецца ад нараджэння. Надзея з дзяцінства марыла стаць моцнай, спрытнай, дужай і вынослівай. Паходы і экскурсіі, паездкі ў аквапарк і актыўны адпачынак, удзел у школьных і раённых спартыўных святах – на гэта заўсёды знаходзілі час бацькі дзяўчыны Святлана Пятроўна і Віктар Міхайлавіч Кавалёвы.

 

А ў школе з Надзеяй займаецца таленавіты педагог Марыя Аляксандраўна Касазубава, якая асабістым прыкладам выхоўвае спартыўны характар, уменне перажываць няўдачы і бачыць мэту за днямі, месяцамі, гадамі звычайных трэніровак.

 

Па меркаваннях самой Надзеі, толькі шчырая адданасць мары і непахіснасць пракладваюць шлях да перамогі. Сваё будучае яна звязвае з фізкультурай і спортам – плануе стаць трэнерам.

 

Служба інфармацыі “Зары над Нёманам”

 

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио