Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМостовский крайНаш край

Мастоўская Масленіца частавала, забаўляла і спявала

Мастоўская Масленіца частавала, забаўляла і спявала05 марта 2014 — 10:00

У мінулую суботу мастаўчане адсвяткавалі Масленіцу. Раённае свята з гульнямі і забавамі на лоўкасць, сілу і кемлівасць, вясёлымі песнямі, спартыўнымі спаборніцтвамі прайшло на пляцоўцы ля стадыёна «Нёман».

Масленіца ­­ гэта народны святочны цыкл, які захаваўся у нас з даўніх часоў. Абрад звязаны з провадамі зімы і сустрэчай вясны. Сваю назву свята атрымала таму, што ў гэты перыяд часу ­­ апошні тыдзень перад Вялікім постам ­­ дазвалялася ўжываць малочныя прадукты, сметанковае масла і рыбу.

Масленіцу нашыя продкі адзначалі сем дзён. Кожны дзень Масленічнага тыдня меў сваю назву,  у якую ўкладваўся  пэўны сэнс. Людзі хадзілі адзін да аднаго ў госці,  і абавязковым пачастункам у гэты час былі бліны. У праваслаўных лічыцца, што сэнс Сырнай сядміцы  ­­ дараванне крыўд, падрыхтоўка да Вялікага посту ­­ час, які трэба прысвяціць карысным справам і добрым зносінам з роднымі і сябрамі.

З цягам часу Масленіца зведала шмат змяненняў, аднак і зараз свята з’яўляецца адным з самых  любімых ды вясёлых. Аб гэтым, прынамсі, у мінулую суботу паклапаціліся работнікі раённага Дома культуры: на працягу ўсяго мерапрыемства на пляцоўцы гучала музыка і песні.  Сваю творчасць дарылі мастаўчанам і стваралі  ім добры настрой народны ансамбль народнай музыкі «Ярыца», вакалісты РДК, а таксама творчыя калектывы Струбніцкага цэнтральнага Дома культуры.

Усе жадаючыя, у асноўным гэта маладыя мужчыны і хлопцы, змаглі паўдзельнічаць у вясёлых конкурсах і забавах, памерацца сіламі на вузкім бервяне і ўзлезці  на падарункавы слуп за прызам. Для аматараў больш спакойнага адпачынку была прадастаўлена магчымасць згуляць партыю ў шашкі ці шахматы.

Для самых малых удзельнікаў свята работнікі раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі арганізавалі гульнёвую пляцоўку з цікавымі і займальнымі конкурсамі.

Падсілкавацца, у тым ліку і масленічнымі блінамі, можна было ля палаткі раённага філіяла аблспажыўтаварыства, а паспытаць лёс ­­ згуляўшы ў бяспройгрышную латарэю, якую прапаноўвалі гандляры і работнікі раённага цэнтра рамёстваў.

Кульмінацыяй свята стала спальванне пудзіла Зімы. Гэты момант сімвалізуе сабой наступленне вясны, а разам з гэтым ­­ чаканне добрага ўраджаю і надзеі на шчаслівы бягучы год. Н.  ШЭЎЧЫК



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: