Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМестное управление и самоуправлениеГод малой родиныГод малой родиныМостовский крайНаш край

Мастоўшчына святкуе Дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Мастоўшчына святкуе Дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў13 июля 2018 — 14:13

 

Урачысты мітынг з нагоды 74-ай гадавіны вызвалення Мастоўскага раёна і горада Масты ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адбыўся на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу савецкім воінам, партызанам і ахвярам фашызму ля вёскі Шымкі.

 

Штогод 13 ліпеня цішыню гэтага свяшчэннага для кожнага мастаўчаніна месца, дзе ў пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя ў гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і на ўшанаванне памяці ахвяр фашызму сярод жыхароў раёна быў узведзены мемарыяльны комплекс, парушаюць галасы ўдзячных нашчадкаў. Яны прыходзяць сюды з вянкамі і кветкамі, каб аддаць даніну пашаны і нізка схіліць галовы ў смутку аб мужных салдатах Вялікай Айчыннай вайны, забітых і закатаваных земляках. Сёлета ва ўрачыстасці па традыцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай улады і сельвыканкамаў, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, а таксама школьнікі і ветэраны.

 

Да прысутных звярнуўся старшыня Мастоўскага раённага Савета дэпутатаў Валерый Іванавіч Табала.

--Дзень 13 ліпеня назаўсёды ўпісаны ў гісторыю нашага раёна як памяць аб вялікай падзеі. Гэта дата асабліва дарагая нам, бо мы ўспамінаем тых, чый лёс скалечыла, каго абпаліла вайна, хто безыменны спіць у брацкіх магілах ці без весткі прапаў у барацьбе з фашызмам, бо з ёю звязаны надзеі на мірнае, свабоднае і шчаслівае жыццё, -- падкрэсліў Валерый Іванавіч.

 

Дарагой цаной была аплачана радасць вызвалення. Смерць і разбурэнні пакінулі пасля сябе фашысты на нашай зямлі. Лёс Хатыні спасцігнуў шэсць вёсак раёна, дзе ў агні з асаблівай жорсткасцю былі знішчаны 1293 мірныя жыхары.

Праз некалькі дзён, 23 ліпеня, спаўняецца 75 гадоў страшнай трагедыі вёскі Княжаводцы, у вогненным палоне якой загінула амаль тысяча чалавек. Гэта самы вялікі населены пункт Гродзенскай вобласці, які быў спалены акупантамі разам з дзецьмі, жанчынамі, нямоглымі пажылымі людзьмі.

 

Бязлітасныя баі вяліся на тэрыторыі Мастоўскага раёна падчас вызваленчай аперацыі “Баграціён” 1944 года. Аб гэтым сведчыць і той факт, што 15 воінам, якія праявілі мужнасць і адвагу ў бітвах за вызваленне Мастоў і населеных пунктаў раёна, былі ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. Значную дапамогу наступаючым войскам аказвалі партызанскія атрады і брыгады, што дзейнічалі на тэрыторыі Ліпічанскай пушчы.

-- Мы заўсёды будзем памятаць тых, хто насмерць стаяў за кожную вуліцу і кожны дом, хто памёр ад голаду і холаду, быў замучаны ў канцлагерах і фашысцкім палоне, хто праявіў стойкасць і гераізм, набліжаючы Перамогу. Светлая памяць усім, хто вечным сном спачывае ў мастоўскай зямлі. Нізкі паклон воінам-вызваліцелям, нашым паважаным ветэранам, што яшчэ трымаюць строй. У нашых сэрцах, у сэрцах нашых дзяцей і ўнукаў ніколі не згасне пачуццё ўдзячнасці за здабытыя свабоду і незалежнасць нашай Радзімы, -- адзначыў Валерый Іванавіч.

 

Ад імя ветэранаў удзельнікаў мерапрыемства павіншаваў са святам Міхаіл Міхайлавіч Кучэўскі – малалетні вязень фашысцкіх канцлагераў. Вайну ён бачыў дзіцячымі вачыма, аднак ад гэтага яна не стала менш страшнай, бязлітаснай і трагічнай. Свае ўспаміны Міхаіл Міхайлавіч выказаў у вершы, слухаць які без слёз немагчыма.

... На шэрыя пліты мемарыяла кладуцца кветкі і вянкі, гучыць метраном, што адлічвае хвіліну маўчання. Яго гук рэхам разносіцца ў наваколлі і аддаецца ў сэрцы кожнага мастаўчаніна.

 

 -- У гады Вялікай Айчыннай вайны нашы дзеды і прадзеды былі адным цэлым у імкненні перамагчы ворага. Для нас, нашчадкаў пакалення Пераможцаў, гэта служыць натхняючым прыкладам. Мы павінны зрабіць усё, каб наша краіна заставалася адзінай, моцнай і незалежнай, а жыццё будучых пакаленняў было мірным і шчаслівым, -- адзначыла прадстаўнік пярвічнай арганізацыі БРСМ гімназіі №1 г. Масты Ірына Станіславаўна Курдзюк.

Мы жывём у час каласальных змен і хуткасцей. Нязменным застаецца адно – адносіны людзей да сваёй малой радзімы. Мастоўскі раён для нас – не проста месца жыхарства, гэта агульны дом, аб’ядноўваючы людзей розных лёсаў, характараў, пакаленняў у адзінае цэлае. Мы ўпэўнена глядзім у будучае, ажыццяўляючы новыя планы і праекты. Бо менавіта пра гэта марылі тыя, хто аддаў сваё жыццё ў ваенныя саракавыя, і тыя, хто адраджаў мірнае жыццё нашага Прынёманскага краю.

 

Н.ШЭЎЧЫК

 

Фота аўтара




Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий:
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио