Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноКультура и историяИстория и памятьЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей МостовщиныИстория одной фотографии

Мастаўчанін Яўген Пракапеня ганарыцца сваім прадзедам, мужным салдатам Вялікай Айчыннай вайны

Мастаўчанін Яўген Пракапеня ганарыцца сваім прадзедам, мужным салдатам Вялікай Айчыннай вайны12 августа 2020 — 10:13

75 гадоў прайшло з дня заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Але і да гэтага часу найцяжэйшая з войнаў адзываецца ў сэрцах кожнага з нас. Мы не бачылі гэтай вайны, і таму мы ўжо шчаслівыя. Шчаслівыя, што нарадзіліся пад мірным небам нашай Радзімы, што ніколі не чулі грукату снарадаў, свісту куляў, не бачылі  бамбёжак. Нам, дзецям, якія жывуць у мірны час, да канца не адчуць тое гора, якое выпала на долю ўсіх жыхароў нашай Радзімы.

 

Дзяцінства Міхася

Шчымлівым  болем адгукаюцца падзеі Вялікай Айчыннай вайны ў сэрцах маіх родных і блізкіх. Мой прадзед, Пракапеня Міхаіл Пятровіч, быў непасрэдным удзельнікам тых страшных падзей. На жаль, яго даўно ўжо няма з намі. І няма магчымасці з ім пагутарыць, распытаць пра вайну. Засталіся толькі ўспаміны майго дзядулі, яго сясцёр і брата.

Прадзед Міша нарадзіўся 1 мая 1924 года ў вёсцы Бярэзніца Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Бацькі Міхася – Пётр Данілавіч і Кацярына  Міхайлаўна – звычайныя беларускія сяляне. Жылі ў пабудаванай бацькам хаце, апрацоўвалі зямлю, вялі гаспадарку.

Калі маленькаму Мішы быў толькі 1 год, маці памерла. Яе хлопчыку замянілі старэйшыя сёстры Вера і Ганна, якія жылі разам. Адукацыю атрымаў толькі пачатковую. Дзяцінства Міхаіла Пятровіча прайшло ў родных мясцінах. Было яно беднаватае, скупое на радасці і цяжкае…

 

Партызанскі сувязны

Вайна застала 17-гадовага юнака на радзіме. Пасля захопу Брэста фашысты хутка ўступілі ў яго родную вёску. Хацелі яе спаліць, нават з абодвух канцоў вёскі ўжо падпалілі хлявы і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Ім данеслі, што ў вёсцы шмат партызан. І толькі перакананні солтыса не дапусцілі трагедыі. Ён іх запэўніў, што партызан тут няма. Тады яны накіраваліся ў суседнюю вёску Байкі, якую ўшчэнт знішчылі. Казалі, што дарослых жывымі спалілі, а дзяцей і немаўлят аддалі на разарванне аўчаркам. Магчыма, не паспелі папярэдзіць жыхароў вёскі і партызан аб небяспецы, таму і была спалена вёска.

Прадзед быў сувязным, перавозіў рацыю. Аднойчы нямецкі патруль спыніў юнака, які ехаў на кані  і перавозіў сена. У сене была схавана рацыя. Штыкамі яны сталі правяраць воз і шукаць штосьці. На шчасце юнага партызана немцы не трапілі ў рацыю.

 

Баявы шлях

Пасля паўналецця Ружанскім РВК Брэсцкай вобласці Міхаіл Пятровіч быў прызваны ў Чырвоную Армію. З 5-га жніўня 1944 года служыў кулямётчыкам ў 74-м стралковым палку 27-й стралковай дывізіі ІІ Беларускага фронту.

Адразу быў адпраўлены на перадавую. Байцы палка, дзе служыў прадзед, заўсёды былі наперадзе, адбівалі варожыя атакі, хадзілі ў разведку, ставілі міны. Абарону нашых рубяжоў трымалі да апошняга. Вораг ажыццяўляў наступленне толькі ноччу, а днём не давалі спакою іх снайперы.

14 студзеня 1945 года пачалося наступленне, якое развярнулася на ўсім працягу  савецка-германскага фронту. У баі пад Варшавай цяжка ранены быў мой прадзед Міша. Разрыўная куля трапіла ў правую галёнку. Армія наступала, і, нягледзячы на нясцерпны боль, прадзядуля працягваў баявы шлях. Памятае, што нага проста "вылятала" ўперад, а пасля ўпаў і страціў прытомнасць. Прыйшоў у сябе, калі яго цягнулі на палатцы санітары. Было вельмі балюча, моцна стагнаў, але санітары забаранілі, бо побач ішлі баі.

 Першая дапамога яму была аказана яшчэ на полі бою. Далей ён быў пад наглядам медыкаў медсанбата №82, палявого перасоўнага шпіталя №1273, эвакуацыйнага шпіталя №983. Пасля быў адпраўлены ў эвакуацыйны шпіталь №1235 у Гомелі. Там ён быў прызнаны непрыгодным для далейшай службы і ўдзелу ў ваенных дзеяннях. Цяжкае раненне, шырокае раструшчванне костак прывялі да ампутацыі правай нагі вышэй калена. Доктарскай камісіяй ён  быў прызнаны непрыгодным да ваеннай службы і зняты з ваеннага ўліку. Яму была назначана пенсія па ІІ групе інваліднасці. На гэтым баявы шлях майго прадзеда Мішы скончыўся.

“Радавы Пракапеня Міхаіл Пятровіч, будучы стралком 74-га стралковага палка 27-й стралковай дывізіі прымаў актыўны ўдзел ў баях супраць нямецка- фашысцкіх захопнікаў з 15.10.1944 г. па 14.01.1945 г. У баі пад г. Варшава быў цяжка паранены ў правую нагу 14.01.1945 года, у выніку чаго нага вышэй каленнага сустава была ампуціравана” – вось што напісана ва ўзнагародным лісце.

 

Мірнае жыццё

Пасля вайны прадзед Міша спаткаў сваю нарачоную, маю прабабулю Пракапеню (Дурэйка) Надзею Іванаўну. Ажаніліся, засталіся жыць у Бярэзніцы. У сям'і нарадзілася пяцёра дзяцей.  Працаваў сторажам калгаснага двара. Потым, калі проводзілі электрафікацыю населеных пунктаў, старажаваў на электрастанцыі.

На святкаванне 55-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 9 мая 2000 года майго прадзеда вазілі ў райцэнтр. Гэта было апошняе святкаванне такой важнай у яго жыцці даты. 17 лістапада 2000 года прадзеда Мішы не стала.

За мужнасць і адвагу, праяўленыя ў баях з ворагам, ён быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені, ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалём "За перамогу над Германіяй", медалём Жукава, вялікай колькасцю юбілейных узнагарод. Быў узяты на ўлік у Брэсцкім аблсабесе на атрыманне аўтамабіля "Таўрыя" бясплатна. І гэты транспартны сродак быў яму выдзелены.

Ён пражыў даволі доўгае і шчаслівае жыццё, але разам з тым і складанае. Прадзед быў сціплым, ніколі не задаваўся, не выхваляўся, хоць і было чым пахваліцца. А ўспамінаючы тыя падзеі, не мог стрымаць сваіх слёз. Мае родныя зараз вельмі шкадуюць, што не ўсё распыталі пра вайну ў дзеда Мішы, што не пра ўсе яго подзвігі ведаюць. А мне вельмі хочацца, каб мае сёстры, браты захавалі добрую памяць пра смелага, мужнага, але даволі сціплага продка і перадалі  сваім нашчадкам.

Я вельмі  ганаруся сваім прадзедам. Я ўдзячны яму за мірнае неба над галавой.   Я абяцаю, што буду яму дастойнай зменай!

 

Яўген ПРАКАПЕНЯ,

вучань СШ №5 г. Масты


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио