Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумЖизнь

«Мама, мама, матуля, матулька, як пяшчотней цябе мне назваць?..»

«Мама, мама, матуля, матулька,   як пяшчотней цябе мне назваць?..»06 марта 2017 — 13:59

 

Мама, мамачка, матулечка! Словы гэтыя гучаць музыкай жыцця, мілагучнымі песнямі, мелодыяй пяшчоты над калыскай немаўляці, уяўляюцца малюнкамі клапатлівых працавітых рук, добрых дапытлівых вачэй, ласкавай усмешкай на родных вуснах.
Мама… Якое роднае і блізкае слова для кожнага з нас… Гэта самы дарагі чалавек на свеце, які дае новае жыццё на Зямлі, які вучыць нас чытаць, пісаць, вучыць жыць, забываючы аб сабе самой і аб сваіх нават звычайных патрэбах, каб толькі мы, яе дзеці, былі радаснымі і здаровымі.


Мама, мамачка, матуля… Якая я шчаслівая, што мне ёсць яшчэ каму гаварыць  гэтыя словы, словы, поўныя любові, замілавання, удзячнасці. У гэтым артыкуле я хачу звярнуцца да сваёй матулечкі Валянціны Фёдараўны Крэўчык, якая нарадзілася ў вёсцы Малыя Азёркі і ўсё сваё жыццё пражыла там. Маме хутка споўніцца 87 гадоў. Цяжкае дзяцінства і юнацтва было ў яе: даводзілася вельмі многа працаваць, быць сведкай ваенных падзей, дапамагаць бацьку адбудоўваць хату, якая гарэла некалькі разоў, прымаць актыўны ўдзел у развіцці калгаснага руху. Увесь час працавала ў калгасе. Яна дала жыццё нам, траім дзецям. Разам з татам яны далі ўсім нам вышэйшую адукацыю.


Мамачка, я добра памятаю, як ты стомленай прыходзіла дадому пасля цяжкай працы ў калгасе, як ты ўмела вяла гаспадарку. Разам з тым у цябе хапала сіл (я цяпер нават зразумець не магу, калі ты толькі адпачывала!), каб напячы дзецям розных прысмакаў, рашчыніць і выпечы духмяныя пірагі. А якія вясельныя караваі ты ўмела выпякаць! Колькі посцілак, дываноў выткана тваімі рукамі! Колькі цёплых рэчаў і прыгожых сурвэтак звязана спіцамі і кручком! У сямідзесяцігадовым узросце ты займалася вырошчваннем ружаў, півоняў і іншых прыгожых кветак, заўсёды дзялілася ўсім з людзьмі, якія да цябе звярталіся. Увесь свой талент, свае захапленні ты перадала дзецям і ўнукам, любая мамачка. Твае ўнучкі Святлана, Вольга, Ірына і Алачка таксама любяць выпякаць, смачна гатаваць, шыць і вязаць. Мамачка, ты навучыла любіць жыццё, паважаць людзей, спачуваць і дапамагаць.


Маёй маме 87-ы год. Я хачу сказаць, што, нягледзячы на свой шаноўны ўзрост, мама многа чытае кніг, часопісаў, газет. Вельмі любіць беларускую мову. З вялікім задавальненнем чытае творы Уладзіміра Караткевіча. Асабліва спадабаўся раман “Каласы пад сярпом тваім”. З нецярпеннем чакае паштальёна, каб разгадваць крыжаванкі ў газеце “Звязда”, каб прачытаць навіны раённай газеты “Зара над Нёманам”.


  Мамачка, я ўдзячна лёсу, што ён даў мне такое дзяцінства, юнацтва, сталасць, дзе  ёсць бацькі, дзе ёсць ты, з   тваімі бясконцымі клопатамі і малітвамі пра нас,  з  неабдымнай любоўю, якая можа вылечыць ад усіх хвароб, захінуць ад  усіх нягод.


 Мамачка, больш за ўсё на свеце я хачу, каб ты была здаровай,  спакойнай і шчаслівай, жыла доўга-доўга, каб мы, дзеці твае, унукі і праўнукі, мелі  магчымасць адчуваць тваю любоў і падтрымку, а нарэшце, і самі б  маглі аддзячыць табе, родная, за ўсё і акружыць вялікай,  усёпаглынальнай любоўю і клопатам.


Матуля, любая, адзіная, хочацца многае табе сказаць, хочацца  прытуліцца да тваіх грудзей, заглянуць у твае вочы, поўныя пяшчоты,  пацалаваць спрацаваныя рукі, выказаць шчырыя словы ўдзячнасці за тваю мудрасць, разважлівасць, за тваю навуку, за твае парады. Мама, мамачка, матуля…Няхай беражэ цябе Бог! Са святам цябе, любая, з Днём 8 Сакавіка!


У гэтыя сакавіцкія дні хочацца павіншаваць усіх матуль, бабуль, жанчын, дзяўчат з гэтым цудоўным святам!Цяпла, радасці, кветак, увагі і павагі Вам, дарагія! Жаночага і мацярынскага шчасця!Няхай блізкія і родныя Вам людзі як мага часцей праяўляюць клопат і ўвагу да Вас і паўтараюць словы:”люблю”і “кахаю”… 


Т. ГАЛАВАЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
дзяржаўнай установы адукацыі “Азёркаўская сярэдняя школа”



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: