Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
38
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныСоциумБелорусский союз женщин - 25 лет вместеСоциумПрофсоюзная жизньБлоги наших журналистовНаталья ШевчикЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Мацярынская слава жыхаркі аграгарадка Дубна Святланы Москаль

Мацярынская слава жыхаркі аграгарадка Дубна Святланы Москаль26 марта 2020 — 11:47

Што адчувае маці тытулаванай спартсменкі, калі ідзе па гораду і бачыць фотаздымак сваёй дачкі на білбордзе з подпісам “Ведай нашых!”? Безумоўна, гонар за яе спартыўныя поспехі, за тое, што тая выстаяла, не разгубілася ў пачатку нялёгкага шляху і працягвае дабівацца значных вынікаў.

Жыхарка аграгарадка Дубна, дэзынфектар філіяла “Мастоўскі кумпячок” ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі”, пераможца абласнога этапа конкурсу “Жанчына года-2019” у намінацыі “Мацярынская слава” Святлана Москаль прызнаецца, што няма для яе нічога больш значнага, чым дасягненні ўласных дзяцей. А іх ў сям’і Москаль – трое. Гэта сын Яўген, дочкі Іна і Надзея, якіх яны выхоўваюць разам з мужам Вячаславам Москалем, што працуе механізатарам у філіяле “Дубна”.

З трапяткім пачуццём любові і радасці, задавальнення і захаплення сочаць яны за кожнай новай перамогай дачкі Іны, веславальшчыцы на байдарках і каноэ. У свае 19 гадоў яна з’яўляецца майстрам спорту міжнароднага класа, уладальніцай двух сярэбраных медалёў чэмпіяната свету па веславанні на байдарках і каноэ, чэмпіёнкай Еўропы сярод юніёраў 2018 года. У 2019 годзе на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы, які праходзіў ў Чэхіі, Іна прынесла ў скарбонку краіны залатую і сярэбраную медалі на дыстанцыях 200 і 500 метраў. А падчас чэмпіянату свету ў Румыніі беларуская спартсменка з мастоўскімі каранямі стала чацвёртай сярод юніёраў на дыстанцыі 500 метраў.

 – Іна расла вельмі актыўнай і жвавай дзяўчынкай, – успамінае матуля, –заўсёды ўдзельнічала ў школьных мерапрыемствах, наведвала розныя спартыўныя гурткі. А вось веславанне спадабалася ёй больш за ўсё.

У сёмым класе Іна пачала трэніравацца ў вучылішчы алімпійскага рэзерву ў Мастах. Зараз яна займаецца ў Гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы на факультэце фізічнай культуры і ўваходзіць у асноўны склад нацыяльнай каманды Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ. Трэнеры адзначаюць, што спартсменку адрозніваюць вялікая працаздольнасць, мэтанакіраванасць і дысцыплінаванасць, і бачаць ў гэтым вялікую заслугу яе сям’і.

Нездарма галоўнымі прыярытэтамі ў выхаванні дзяцей муж і жонка Москалі лічаць узаемаразуменне і ўзаемапавагу, імкненне берагчы і дапамагаць адзін аднаму, агульначалавечыя і маральныя якасці, стойкасць у пераадоленні цяжкасцей і прыстойнасць.

Як і ў большасці сем’яў, у Москаляў таксама ёсць свае традыцыі. Напрыклад, калі дамоў прыязджае Іна, – хата напаўняецца пахам свежапрыгатаванага пірага з малінай. Любяць тут ладзіць і сумесныя сямейныя святы.

Нягледзячы на тое, што Святлана Анатольеўна поўнасцю прысвячае сябе працы і хатнім клопатам, тым не менш яна стараецца знайсці час і для свайго захаплення – фатаграфавання. Наша субяседніца любіць фатаграфаваць людзей, прыроду, знакавыя падзеі, што адбываюцца ў жыцці родных і блізкіх. Гэты занятак дапамагае ёй адпачыць ад штодзённых спраў, а памятныя фотаздымкі нясуць выдатныя ўспаміны і масу станоўчых эмоцый.

– Самае галоўнае ў жыцці – гэта сям’я, родныя людзі, на якіх заўсёды можна разлічваць у цяжкую хвіліну, заручыцца іх падтрымкай падчас вырашэння складанага пытання і пачуць неабходныя словы менавіта тады, калі яны найбольш патрэбны, – разважае Святлана Анатольеўна. І нельга з гэтым не пагадзіцца.

Наталля ШЭЎЧЫК

Фота з уласнага архіва С. МОСКАЛЬ


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио