Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Маці, працаўніца, рамантык і проста шчаслівая жанчына

Маці, працаўніца, рамантык і проста шчаслівая жанчына09 марта 2011 — 10:00

Жыццё вучыць мудрасці. З узростам мы ўсе, хто ў большай, а хто ў меншай ступені  задумваемся над пражытым і пачынаем  аналізаваць падзеі і факты, прыходзім да высновы: тое, што наканавана лёсам, нельга ні на кані аб’ехаць, ні на самалёце абляцець. З гэтым пагаджаецца загадчыца Правамастоўскага дзіцячага сада Зоя Францаўна Пяцэвіч.

Калі Зоя Гедрэвіч вучылася ў школе, у Галубах з’явіўся малады сімпатычны настаўнік фізкультуры Іван Іосіфавіч Пяцэвіч. Ён толькі што адслужыў армію, спартыўны, з ладна складзенай атлетычнай постаццю. У яго патаемна былі закаханы ўсе дзяўчаты-старшакласніцы, і Зоя – не выключэнне. Праўда, тыя дзявочыя мроі так і засталіся рамантыкай. Усё-такі яна вучаніца, а Іван Іосіфавіч – настаўнік, і на гэтым асноўваліся іх адносіны.

Іван Іосіфавіч Пяцэвіч настаўнікам аказаўся выдатным, ледзь не ўсіх галубоўскіх хлопчыкаў і дзяўчынак здолеў захапіць фізкультурай, а некаторых і спортам. На радасць тагачаснаму дырэктару школьныя спартыўныя паказчыкі рэзка падскочылі ўверх. Зоя таксама актыўна ўдзельнічала ў спаборніцтвах, не раз займала прызавыя месцы па лёгкай атлетыцы. Заканамерна, што пазней яна вырашыла пайсці вучыцца на настаўніка фізкультуры. Дарэчы, у фізкультурнікі тады падаліся многія выпускнікі Галубоўскай школы.

Пазней была работа настаўнікам фізкультуры ў Маскалёўскай васьмігодцы. Зоя Францаўна, як у школьныя гады яе самую зацікавіў фізкультурай і здаровым ладам жыцця Іван Іосіфавіч, прывівала цікавасць да свайго прадмета маскалёўскім дзецям.У Зоі любоў да фізкультуры не без уплыву любімага настаўніка перасіліла любоў да літаратуры. У свой час настаўніца літаратуры часцяком зачытвала Зоіны сачыненні як узор для пераймання. Дзяўчына многа чытала, захаплялася паэзіяй і сама пісала вершы.

Захапленне прыгожым паэтычным словам Зоя Францаўна пранесла праз усё жыццё. І зараз для яе не ўяўляе ніякай цяжкасці напісаць цікавы сцэнарый да любога дзіцячага свята ў садзе, сваім калегам да дня нараджэння яна заўсёды прысвячае арыгінальныя паэтычныя радкі.21 студзеня бягучага года загадчыца Правамастоўскага дзіцячага сада Зоя Францаўна Пяцэвіч у складзе дэлегацыі ад нашага раёна прысутнічала ў Мінску на важнай урачыстасці – інаугурацыі Прэзідэнта  РБ Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Як успамінае жанчына, гэтае велічнае мерапрыемства ўсхвалявала і ўзрушыла яе. Праз некаторы час тыя адчуванні выліліся ў паэтычныя радкі:

Маё жыццё, мае гады, мой лёсЗ табою звязаны, мая Радзіма,І сцежкі цераз нізенькі авёс,І казкі, песні, што спявала сыну.Блакіт вачэй тваіх і веліч тых дубоў,І васількі, што пры дарозе ў полі,І спевы птушак, клёкаты буслоў,І рэчка, што ўніз бяжыць паволі.Мая Радзіма – маці-Беларусь,Цябе люблю, табою ганаруся.Ты лепшая, другой такой няма,І ў гэтым, я лічу, не памылюся.

Аднаго разу маладая настаўніца па справах была ў райцэнтры. І там выпадковая, але, як высветлілася пазней, лёсавызначальная сустрэча адбылася са сваім былым настаўнікам фізкультуры. Цяпер Іван Іосіфавіч Пяцэвіч працаваў інструктарам па фізкультуры і спорту ў аўтапарку №9. Маладыя людзі сустрэліся ўжо як раўна-праўныя калегі. І не толькі ... Сімпатычная Зоя запаланіла сэрца Івану. Праз некаторы час маладыя людзі згулялі вяселле.   З таго часу Зоя Францаўна, як нітачка за іголкай, заўсёды крочыць за мужам і лічыць сябе шчаслівай жанчынай. З чаго складаецца жаночае шчасце? Аб гэтым можна разважаць бясконца...

З Маскалёў Зоя Францаўна даўно ўжо пераехала ў Масты Левыя. Профіль работы крыху давялося змяніць: месца настаўніка ў мясцовай школе на той час не аказалася, таму пайшла працаваць выхавальніцай Правамастоўскага дзіцячага сада, пазней стала яго загадчыцай. За добрасумленную працу Зоя Францаўна Пяцэвіч адзначана Падзячным пісьмом Прэзідэнта РБ А. Р. Лукашэнкі, неаднаразова ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама і аддзела адукацыі райвыканкама. Начальнік аддзела В. С. Ціхановіч сцвяр-джае, што ў Правамастоўскім дзіцячым са-дзе  заўсёды ўсё  ў поўным парадку.

Сёння ў Правамастоўскім дзіцячым са-дзе выхоўваюцца і навучаюцца 37 дашкольнікаў. Зоя Францаўна перажывае толькі аб адным, што дзетак у Мастах Правых і Мастах Левых становіцца менш.  Толькі 10 мнагадзетных сем’яў адпраўляюць сёння дзяцей у сад. У 80-ыя гады сад наведвала каля сотні вясковых дзетак, на такую колькасць дашкольнікаў і разлічаны будынак. Але, напэўна, такой колькасці дзетвары ў садзе будуць чакаць яшчэ доўга.

Зараз выхаванцы Правамастоўскага дзіцячага сада жывуць ва ўмовах нічуць не горшых, чым у сталічных дашкольных установах. Адна спартыўная і музычная залы чаго вартыя!

Усё-такі не памёр у душы Зоі Францаўны настаўнік фізкультуры. Аздараўленне дзяцей шляхам рэгулярных і актыўных заняткаў фізкультурай, прапаганда здаровага ладу жыцця сярод бацькоў – прыярытэтны напрамак у рабоце сада, над гэтым працуе ўвесь яго зладжаны калектыў.Не цураецца Зоя Францаўна і грамад-скай работы. Яна выбіралася дэпутатам раённага Савета 25-га склікання, актыўна ўдзельнічае ў рабоце мясцовага і раённага жаночага саветаў. Менавіта грамадская работа дазваляе ёй больш шырока раскрыць свой душэўны патэнцыял. Гэта ад-бітак прафесіі: быць побач з маленькімі дзецьмі бяздушны і абыякавы чалавек не можа. Бывае, дзеці гуляючы, упадуць і паб’юць калені ці локці. Здаецца, дробязь, з якімі хлопчыкам ці дзяўчынкай не бывае ... Зоя Францаўна абавязкова просіць прабачэння ў бацькоў дзіцяці, бо лічыць, што яны вінаваты за разбіты дзіцячы нос,  сінякі і драпіны на каленях.

А ў пасляабедзенны ціхі час, калі дзіцячы сад замаўкае, Зоя Францаўна, нераўнадушны рамантык, зноў мімаволі пацягнецца да ліста паперы. І на чысты ліст кладуцца радкі:

Мой детский сад – второй мой дом,Где жизнь проходит, словно в сказке.Здесь мир царит и слышен детский смех,И всё здесь кажется родным и близким.Здесь феи добрые живут,Герои сказок оживают быстро,Вот белка прыгнула на ветку вдругИ зайчик солнечный ей мило                                                   улыбнулся...А злой волчище добрым оказался вмиг,Когда средь ребятишек очутился.Мой детский сад, судьбу благодарю,Здесь спят курносики,                                       все сладкие такие,А я смотрю на них и тихо так шепчу:«Вы все мои, вы самые родные!»..

У дзіцячы сад да Зоі Францаўны прыходзяць ужо дзеці тых, каго яна, маладая выхавальніца, калісьці  прымала немаўлятамі пад сваю апеку, пакуль бацькі былі на рабоце. Цяпер для яе амаль усе жыхары Мастоў Левых і Мастоў Правых не толькі знаёмыя, але і родныя.Чалавек шчаслівы тады, калі раніцай з радасцю ідзе на работу, а вечарам з радасцю вяртаецца дамоў. Большая палова жаночага шчасця менавіта і заключаецца ў радасным вяртанні дамоў. Для Зоі Францаўны дом – гэта яе надзейны тыл.

Напачатку сумеснага жыцця Іван Іосіфавіч, як сапраўдны мужчына, пачаў будаваць для сям’і дабротны дом, пазней пасадзіў сад,  цяпер ужо ў іх з Зояй Францаўнай дарослыя сын і дачка – Аляксандр і Вольга. Дзеці зараз жывуць і працуюць у Гродне: дачка -- у абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, а сын – у абласной пракуратуры. Зоя Францаўна і Іван Іосіфавіч ганарацца дзецьмі. У 2009 і 2010 гадах  Аляксандр быў прызнаны лепшым следчым пракуратуры Гродзенскай вобласці. А яшчэ Саша, як і бацька, майстар на ўсе рукі. Не так даўно ён купіў у Навінцы звычайную старую вясковую хату. Вельмі спадабаўся хлопцу гэты маляўнічы куток. Тую хату Аляксандр уласнымі рукамі ператварыў у казачны церам. Цяпер у Навінцы на ўлонні Нёмана і векавых дубоў з задавальненнем адпачываюць не толькі родныя, але і Сашавы сябры.

Аднойчы Зоя Францаўна, будучы ў Гродне, зайшла на работу праведаць Вольгу. Калі праходзілі з дачкой па бальнічным калідоры, маці выпадкова пачула, як адзін хлопчык, які знаходзіўся на лячэнні, тлумачыў другому, паказваючы на Вольгу: “Бачыш, вунь пайшла наша самая лепшая медсястра...” Словы незнаёмага хлапчука, як бальзам на сэрца маці. 

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: