Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноУрожай-2017Урожай-2017

«Любая вёска, ты калыска мая!»

«Любая вёска, ты калыска мая!»20 июля 2015 — 10:00

 Не даюць сумаваць мясцовым  вяскоўцам работнікі Азёркаўскага сельскага клуба. Нядаўна  ў Вялікіх Азёрках з песнямі і  жартамі прай­шло Купалле. А ў мінулую нядзелю жыхары Букштава сабраліся на свята сваёй вёскі.

У цэнтры вёскі на вуліцы, дзе праводзілася свята, сабраліся амаль усе яе жыхары. Не прыйшлі толькі тыя, хто па  прычыне  ўзросту і хваробы не мог падняцца з  ложка.   Вясковая вуліца  на некоторы час  напоўнілася   даўно забытым  дзіцячым смехам. Гэта на свята да бабуляў і дзядуляў з’ехаліся ўнукі са сваімі бацькамі.

Каб прывітаць вяскоўцаў, завітаў на свята старшыня Курылавіцкага сельскага Савета Сяргей Валяр’янавіч Каспяровіч.   Задушэўнымі мілымі песнямі на працягу дзвюх гадзін   вітаў  вяскоўцаў і ствараў ім адпаведны святочны настрой  вакальны гурт “Азяраначка”, у саставе якога  здольнасці  дэманстравалі Галіна Шалястовіч, Ірына Шалястовіч, Алена Чудзілоўская, Алена  Боцька, Валянціна Мармыш, Іна Жыткевіч з дачкой Наталляй, якая цяпер вучыцца ў Гродна, а ў родную вёску прыязджае, каб  з задавальненнем прыняць удзел у мастацкай самадзейнасці, дзяўчына актыўна  ўдзельнічае ва ўсіх культурных мерапрыемствах.  Стараюцца не адстаць ад старэйшых артыстаў і Ксенія Шалястовіч, Крысціна Тур, Юлія Мойса,  Валерыя Драздова, вучні Азёркаўскай школы, актыўныя ўдзельніцы “Азяраначкі” і  ўсіх вясковых святаў. Ксенія Шалястовіч яшчэ прыемна  ўразіла букштаўцаў і гасцей  задорным цыганскім танцам.

Абаяльная вядучая Ірына Шалястовіч знайшла душэўныя і доб­рыя словы для кожнага вяскоўца. Гэта сёння яны амаль усе на заслужаным адпачынку, а раней паляводы,  жывёлаводы, механізатары, будаўнікі   шчыравалі на калгасных палетках і фермах, будавалі дамы, гадавалі і адпраўлялі ў вялікі свет дзяцей. Гэта сёння ў Букштаве амаль не чуваць дзіцяга смеху. А раней у кожнай хаце гадавалася па чацвёра, а то і больш дзяцей.

 Мнагадзетным мамам, а сёння  ўжо бабулям і нават прабабулям  Марыі Андрэеўне Халецкай, Марыі Вікенцьеўне Траян, якія выгадавалі і выхавалі сем і шэсць дзяцей, і іншым жанчынам вядучая сказала шчырыя словы  ўдзячнасці за іх мацярынскі  подзвіг, а артысты падарылі песні. Хвілінай маўчання   вяскоўцы, артысты і госці  ўшанавалі памяць  ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, іх ужо нікога ў вёсцы не засталося ў жывых...

Добрым словам   успомнілі  вясковых доўгажыхароў  Антаніну Антонаўну Чудзілоўскую, Марыю Сцяпанаўну Мазоль, Яўгенію Пятроўну Маліноўскую, якія  ўжо перайшлі  свой  90­гадовы жыццёвы рубеж, пажадалі ім здароўя. А самую маленькую  ўдзельніцу свята 4­хгадовую Надзею Сутырка шчодра  пачаставалі  цукеркамі.

 Пакуль спявалі песні, танцавалі, удзельнічалі ў конкурсах,  гульнях, кожны з прысутных на свяце ў думках вяртаўся ў сваё маленства і юнацтва, Дзе б чалавек  ні апынуўся пазней, але яго заўсёды вабіць  да сябе малая радзіма, дзе на ўзгорку  бярозка так ветліва свеціць, а над рэчкай дзявочыя песні так міла гучаць...

Напрыканцы свята Леакадзія Канстанцінаўна  Папянюк  ад імя ўсіх жыхароў Букштава падарыла артыстам букеты рамонкаў.

 ­­Дзякуй, што вы стварылі нам цудоўны настрой, вярнулі  на некаторы час у маладосць, дапамаглі  разнастаіць і ўпрыгожыць наша бу­дзённае вясковае жыццё,­­ шчыра дзякавала жанчына артыстам  і арганізатарам свята вёскі.            Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ                      Фота К. ТУР



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: