Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНаука и образованиеНаука и образование

Ляціце ўсе шляхамі зорнымі…

01 сентября 2011 — 10:00

Сёлета ў Дубненскай СШ дзевятнаццаць выпускнікоў, чатырнаццаць паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Сёлетні выпуск  адрозніваўся самастойнасцю, актыўнасцю, сур’ёзным станаўленнем да жыцця і моцным жаданнем вучыцца далей. Некаторыя з выпускнікоў  будучую прафесію  выбралі яшчэ ў восьмым класе. І не толькі марылі аб ёй, але і прыкладвалі намаганні да таго, каб мара стала явай.

У гэтым класе, дзе мне пашчаслівіла быць класным кіраўніком, дзеці вельмі здольныя, працаваць з імі цікава, але адначасова і складана. З такімі дзецьмі настаўнік па-вінен выкладвацца поўнасцю, у такім класе нельга праводзіць урок сумна. Прыемна, што вучні пастаянна давалі педагогам імпульс для развіцця, мы вучыліся разам з імі. Вынікі педагогаў не прапалі дарэмна.

Аляксей Умоўскі і Андрэй Халько сваю жыццёвую сцяжынку выбралі яшчэ ў пачатковай школе. Дзіцячае захапленне байдаркамі прывяло хлопцаў у вялікі спорт. Цяпер яны кандыдаты ў майстры спорту, студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы факультэта фізічнай культуры.

У пачатковай школе з гэтым класам працавалі настаўнікі Ганна Мар’янаўна Муха і Наталля Яўгенаўна Пузіна. У сваёй рабоце яны кіруюцца прынцыпам, што няма дзяцей дрэнных і добрых, проста ўсе дзеці розныя, у кожнага дзіцяці свой характар, сваё ўяўленне пра жыццё... Яны прапаноўвалі вучням заняткі на любы густ: матэматыка, мова, фізкультура, рукадзелле. Гэтым настаўнікам удалося не ўпусціць гэты важны пачатковы перыяд навучання, захапіць дзяцей, а нам ужо пазней засталося толькі падтрымліваць і развіваць гэтыя інтарэс і захопленасць. Дырэкцыя школы  рабіла ўсё магчымае, каб дзецям было камфортна. Адзінаццацікласнікам прапанавалі два факультатывы па беларускай мове, а таксама па матэматыцы, хіміі, біялогіі. Факультатыўныя заняткі праводзіліся бясплатна. Пяць выпускнікоў нашай школы паступілі ў медуніверсітэт, сярод іх медалісты Ірына Сяховіч і Марыя Бусько, двое – у аграрны ўніверсітэт. А значыць, ім патрэбны былі і хімія, і біялогія, і беларуская мова. Ганна Муха  без репетытара на цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове набрала 88 балаў, Дар’я Кандратовіч – 81. Вучні вельмі ўдзячны настаўнікам Ядвізе Іосіфаўне Дзенісевіч і Раісе Аляксееўне Халько.

Поспех вучня,  у асноўным, залежыць ад таленту і асобы настаўніка. Калі дзіця пачынае цікавіцца тваім прадметам, вельмі важна своечасова заўважыць і падхапіць гэтую цягу. З такімі дзецьмі  стараюцца працаваць індывідуальна Валерый Пятровіч Сазонаў, Алена Віктараўна Ваўчанкова, Святлана Васільеўна Бортнік, Аліна Іосіфаўна Сазонава. У кожнага з іх свой індывідуальны стыль, прафесійны почырк, свая методыка выкладання. Але ўсе яны аднолькавыя ў адным: як навучыць, як даступна і зразумела растлумачыць матэрыял, як захапіць вучобай і выхаваць сваіх вучняў дастойнымі людзьмі.

Вельмі важна даць вучню магчымасць не проста атрымліваць веды на ўроку, а навучыць яго самастойна здабываць іх, эксперыментаваць, даследаваць, імкнуцца адкрыць новае ў навуках і ў сабе.

Цікава было вывучаць малую Радзіму з Максімам Варчэня, Сяргеем Біліда, Дар’яй Кандратовіч, Аляксандрам Карповічам. Гэта была цудоўная магчымасць далучыць вучняў да  карысных спраў праз пошукава-даследчую дзейнасць, выхаваць у іх пачуццё павагі і любові да роднага краю.Педагагічны калектыў школы  стараўся зрабіць усё для таго, каб вучні раскрываліся калі не ў вучобе, дык у творчасці, спорце ці  ў нечым іншым. Мы ўсе працуем на адзіны вынік --  дзеля дабрабыту нашых дзяцей, а значыць, на нашу будучыню! Галоўнае – навучыць выпуск-нікоў быць на Зямлі Чалавекам.

І. ДРОБАТ, класны кіраўнік выпускнога класа Дубненскай СШ


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио