Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныНаука и образованиеНаука и образованиеБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныНовости Мостовщины

Лунненскія сустрэчы Аляксея Сазанчука і Ларысы Хацько

Лунненскія сустрэчы Аляксея Сазанчука і Ларысы Хацько19 октября 2018 — 15:51

У кожнага з нас ёсць свой запаветны куточак, які мы называем малой радзімай. У адных - гэта месца, дзе ён нарадзіўся,  у другіх – дзе працуе і атрымаў прафесійнае прызнанне, у трэціх – дзе знаходзіцца крыніца яго творчага натхнення. Тут утульна і спакойна, лёгка дыхаецца і думаецца, тут заўсёды можна знайсці падтрымку родных і блізкіх па духу людзей...

 

Для члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксея Сазанчука і адміністратара музея Гродзенскага прафесійнага каледжа бытавога абслугоўвання Ларысы Хацько паняцце “малая радзіма” нераздзельна з лунненскім краем. Аб гэтым яны расказалі вучням і настаўнікам падчас сустрэчы, што ладзілася настаўніцай рускай мовы і літаратуры В.Пабежка ў літаратурнай гасцёўні Лунненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета.

“Упісаўся ў Падбараны”

 

Аляксей Іванавіч Сазанчук нарадзіўся на Гомельшчыне, у Нараўлянскім раёне. У іх вялікай сям’і ён быў самым малодшым, сёмым дзіцём. Прысвяціўшы жыццё службе ў органах унутраных спраў, А.Сазанчук прайшоў шлях ад радавога міліцыянера да намесніка начальніка Жлобінскага ГРАУС.

Трагічныя падзеі на Чарнобыльскай АЭС унеслі карэктывы і ў размеранае жыццё сям’і Сазанчук, якая была вымушана пакінуць родныя мясціны. Шэсць гадоў Аляксей Іванавіч працаваў на розных пасадах у следчых падраздзяленнях УУС Ямала-Нянецкай аўтаномнай акругі. У 1996 годзе ў званні падпалкоўніка  міліцыі ён выходзіць на пенсію па выслузе гадоў.

 

Вяртаецца ў родную Беларусь і селіцца ў маляўнічым куточку - вёсцы Падбараны, што раскінулася на беразе Нёмана непадалёку ад аграгарадка Лунна. Тут ён сустракае гасцінных, працалюбівых, дбайных і таленавітых людзей, якія шчыра любяць сваю родную зямлю. Праз некаторы час Аляксей Іванавіч раскажа пра іх ў сваёй кнізе “Там, дзе Нёман рве берагі”.

Усяго ж літаратурная спадчына А.Сазанчука складае пяць кніг, дзе апісаны рэальныя падзеі, што адбываліся з рэальнымі людзьмі. Пазнаёміцца з імі лунненскія рабяты могуць, наведаўшы літаратурную экспазіцыю школьнага музея. Да таго ж, адбыўшаяся сустрэча – далёка не першая: у 2009 годзе Аляксея Іванавіча таксама запрашалі ў школу, а яго жыццёвы і творчы шлях быў пакладзены ў аснову даследчай работы.

 

- У Падбаранах я пражыў 16 гадоў, тут выйшлі ўсе мае кнігі. У Гродне зараз жывуць мае дочкі і ўнучкі, таму я па праву магу называцца вашым земляком, а Гродзеншчыну, і ў прыватнасці лунненскі край, лічыць і сваёй малой радзімай, - падзяліўся думкай Аляксей Іванавіч. – Любіце і беражыце сваю радзіму, бо няма на свеце лепшага месца. Памятайце: нідзе і ніхто не чакае вас так, як зямля, дзе стаіць бацькоўская хата...

Гэтыя словы сталі прарочымі для пісьменніка: ужо некалькі гадоў ён жыве ў Нароўлі, адкуль калісьці з’ехаў. “Цяпер я разумею, чаму сланы ў старасці вяртаюцца туды, дзе нарадзіліся, - з пэўнай доляй іроніі ў свой адрас гаворыць суразмоўца. – Карані моцна трымаюць, продкі, традыцыі – такая праўда жыцця”.

 

Падзяліўся Аляксей Іванавіч са школьнікамі і педагогамі Лунненскай школы, дзе ён заўсёды жаданы госць, і сваімі далейшымі творчымі планамі:

 

- Рыхтуецца да друку кніга пра Кармяншчыну, гэта Гомельская вобласць. Яе ўжо можна пачытаць у электронным варыянце. Ёсць жаданне расказаць пра людзей роднай Нараўляншчыны, пра тое, як складваецца жыццё маіх землякоў пасля Чарнобыльскай трагедыі.

“Усё ў жыцці мне дала школа”

 

А вось адна з гераінь і ідэйных натхняльніц аўтара кнігі “Там, дзе Нёман рве берагі” таксама прыняла ўдзел у сустрэчы. Гэта Ларыса Лук’янаўна Хацько (да замужжа Дзяшук), якая амаль пяцьдзясят гадоў аддала працы ў сферы навучання і выхавання падрастаючага пакалення, узнагароджана медалём Францыска Скарыны, з’яўляецца “Выдатнікам адукацыі Рэспублікі Беларусь”, цікавым субяседнікам і проста нераўнадушным чалавекам, якога клапоціць будучыня нашай краіны.

- Лунненскую сярэднюю школу я закончыла ў 1967 годзе. Заўсёды паўтарала і паўтараю, што наша школа самая лепшая, і ўсё, што яна мне дала, я з гонарам нясу па жыцці, - падкрэсліла Ларыса Лук’янаўна, якая ў свой час з’яўлялася старшынёй савета школьнага музея баявой славы і актыўнай удзельніцай усіх школьных мерапрыемстваў. – У нас было вельмі цікавае і насычанае жыццё, мы літаральна “прападалі” ў школе днямі і начамі. Я сама чатыры разы скакала з парашутам, лавіла карпаў на сажалцы ля школы, з’яўлялася ўдзельніцай усесаюзных злётаў і ў дванаццаць гадоў была заахвочана паездкай у “Артэк”.  А паходы па месцах баявой славы, экскурсіі, што праводзіліся пад эгідай камсамола! У сценах Лунненскай школы мы атрымлівалі не толькі трывалыя веды, але і зарад энергіі, аптымізму і актыўнай дзейнасці на ўсё жыццё. А самае галоўнае, што мы навучыліся любіць свой лунненскі край, сваю Радзіму.

Зацікавілі рабят камсамольскі білет, што Ларыса Лук’янаўна беражліва захоўвае, а таксама залаты медаль, які яна атрымала па заканчэнні школы.

 

- Потым былі іншыя медалі і ўзнагароды і больш высокага ўзроўню, а гэты – першы, самы дарагі, - адзначыла субяседніца.

Як вопытны педагог і мудры старэйшы таварыш, яна параіла моладзі больш падарожнічаць, адкрываць для сябе родны край і іншыя дзяржавы.

- Я аб’ехала 40 краін свету, шмат чаго пабачыла і магу з поўнай упэўненасцю гаварыць, што прыгажэй нашай Беларусі няма, - заінтрыгавала рабят і калег Ларыса Лук’янаўна. – Падарожнічайце – гэта найлепшы сродак атрымання пазітыўных уражанняў і эмоцый, а таксама магчымасць кожны раз, вяртаючыся з далёкай дарогі на радзіму, прамовіць: “Як жа добра дома!”

Пра гэта, дарэчы, душэўна спяваў і дуэт “Фартуна” ў складзе Марыі Сідар і Валерыі Пабежка, заслужыўшы тым самым дружныя апладысменты. Не менш шчыра яны гучалі і для дарагіх гасцей, у знак удзячнасці за ўрок патрыятызму.

Выказаў падзяку А. Сазанчуку і Л. Хацько за ўдзел у сустрэчы дырэктар Лунненскай сярэдняй школы В. Чэрнік. 

 

Н.ШЭЎЧЫК

 

Фота аўтара

 

При использовании авторских материалов гиперссылка на сайт www.mosty-zara.by обязательна. 



Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио