Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноОфициальноГод исторической памятиФестиваль национальных культур

Літаратурнае пабрацімства: Беларусь і ўвесь свет

Літаратурнае пабрацімства: Беларусь і ўвесь свет31 мая 2018 — 21:43

У Гродна ў межах XII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур праходзіць “Круглы стол” беларускіх і замежных пісьменнікаў “Дыялог літаратур – дыялог культур”. У госці  да гарадзенцаў прыехалі літаратары з  Азербайджана, Расіі, Латвіі, Літвы, Польшчы,  Украіны, Францыі. Арганізатары такога  прадстаўнічага форума – Міністэрства  інфармацыі Рэспублікі Беларусь,  Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт,  Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт,  Гродзенскі дзяржаўны універсітэт  імя Я. Купалы, Гродзенская абласная  навуковая бібліятэка імя Я. Карскага,  Гродзенскі дзяржаўны гісторыка- археалагічны музей, Саюз  пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкі  дом “Звязда”, выдавецтва  “Мастацкая літаратура”. На пытанні нашага карэспандэнта  ў сувязі з гэтай падзеяй адказвае  міністр інфармацыі нашай краіны  Аляксандр Карлюкевіч. 



– Аляксандр Мікалаевіч, а ўсё ж такі, наколькі вядомая зараз беларуская літаратура ў свеце? 


– Канешне ж, на сучасным этапе многія, раней адладжаныя літаратурныя сувязі сыйшлі літаральна на нішто. Цяпер няма той колішняй савецкай сістэмы, якая разам з рускай літаратурай прасоўвала ў свеце і нацыянальныя літаратуры. У тым ліку – і беларускую. Выдаваліся кнігі на замежных мовах і ў Мінску, і ў Маскве. Вось, напрыклад, зазірнуўшы ў бібліяграфію мастацкіх публікацый народнага паэта Беларусі Максіма Танка можна адкрыць тое, што яго паэтычныя зборнікі на англійскай мове чатыры разы выходзілі і ў Мінску. А яшчэ ў Мінску выйшлі ў Танка па кнізе на арабскай і іспанскай мовах. Што ўжо казаць пра часопіс “Савецкая літаратура”, які выдаваўся на некалькіх мовах у Маскве. Перакладам спрыялі і частыя паездкі нашых паэтаў і празаікаў у розныя краіны. Найперш – у краіны развітага сацыялізма. Ды і ў Савецкім Саюзе праходзіла нямала мерапрыемстваў, якія спрыялі знаёмствам літаратараў, дазвалялі наладжваць непасрэдныя стасункі з перакладчыкамі. Можна сказаць, што ў беларускай паэзіі і прозы былі свае паўнамоцныя прадстаўнікі ў Польшчы, Балгарыі, Чэхаславакіі, ГДР, Югаславіі і іншых краінах. А яшчэ істотную ролю адыгрывала і тое, што перакладчыкі з іншых старонак свету адкрывалі беларускую і другія літаратуры Савецкага Саюза праз рускую мову, праз маскоўскія выданні. Сёння працэс знаёмства выглядае інакшым. 



– І тым не менш… 



– Так, і тым не менш беларускую мастацкую літаратуру, як класічныя творы, так і здабыткі сучаснага літпрацэсу, перакладаюць, адкрываюць у розных краінах. Як на постсавецкай прасторы, як у Еўропе, так і ў краінах Азіі, Амерыкі. Канешне ж, масштабы далёка не тыя, што былі ў 1970-1980-я гады… Але нельга не сказаць, што сучасную беларускую літаратуру актыўна перакладаюць на мовы народаў Расіі. У Калмыкіі гэтым апякуюцца Рыма Ханінава, Эрдні Эльдышаў. У Чачні – Адам Ахматукаеў, Лула Куна, Руслан Кадзіеў, Пецімат Петрымава. У Чувашыі – Валеры Тургай. Ва Удмурціі – Вячаслаў Ар-Сяргі, Сяргей Мацвееў. У Башкартастане – Зульфія Хананава. У Татарстане – народныя паэты Рэнат Харыс, Роберт Мінулін. У Астрахані на рускую мову перакладае Юрый Шчарбакоў. У Новасібірску – Уладзімір Беразеў. Іх па праву можна лічыць таксама паўнамоцнымі прадстаўнікамі беларускай літаратуры. Што адметна, гэтых перакладчыкаў цікавіць і беларуская класіка. Напрыклад, да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ўрывак з прадмовы Ф. Скарыны да кнігі “Юдзіф” на свае родныя мовы пераклалі дзясяткі творцаў з розных рэгіёнаў Расіі. Перакладчыкі з Чачні, Чувашыі, Татарстана, Астрахані падрыхтавалі і выдалі аўтарскія анталогіі беларускай паэзіі – на чачэнскай, чувашскай, татарскай, рускай мовах. І гэта падзеі літаральна апошняга года. За гэта – нізкі паклон Адаму Ахматукаеву, Валеры Тургаю, Рэнату Харысу, Юрыю Шчарбакову. Іх імёны добра вядомыя і ў Беларусі. Усе яны – удзельнікі розных пісьменніцкіх сустрэч і ў час Мінскага міжнароднага кніжнага кірмашу-выстаўкі, і ў Дзень беларускага пісьменства. 



Дарэчы, мы імкнёмся кансалідзіраваць сілы прыхільнікаў беларускага прыгожага пісьменства. У Мінску, пачынаючы з 2015 года, праходзіць міжнародны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час”. Штогод на сустрэчу збіраюцца пісьменнікі болей як з 20 краін свету. А ў Дзень беларускага пісьменства мы па традыцыі (пачатак закладзены ў 2007 годзе) праводзім “круглы стол” беларускіх і замежных пісьменнікаў пад агульнай ідэяй “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго”. Менавіта такія сустрэчы паспрыялі выпуску тэматычных “беларускіх нумароў” літаратурна-мастацкіх часопісаў у Таджыкістане, Казахстане, Расіі, Арменіі, Літве. Нядаўна ў Маскве беларуская аповесць, беларускія апавяданні прадстаўлены ў некалі звышпапулярнай “Роман-газете”. У выпуску прадстаўлены творы Алеся Бадака, Алены Паповай, Алега Ждана, Людмілы Рублеўскай, Алены Брава. А ў Душанбэ пабачыла свет анталогія беларускай сучаснай літаратуры “Вячэрняе вогнішча”. У розных краінах свету ў апошняе дзесяцігоддзе выйшлі перакладныя кнігі Міколы Мятліцкага, Георгія Марчука, Анатоля Матвіенкі, Мікалая Чаргінца, Юрыя Сапажкова, Алеся Бадака, Людмілы Рублеўскай, Алены Масла, Вячаслава Бандарэнкі… 



– Значыць, мастацкі пераклад, прадстаўленне беларускай літаратуры ў свеце – асноўная тэма размоў, дыскусій? 



– І ўчора, у пятніцу, і сёння пісьменнікі, канешне ж, ладзяць дыялог, выбудоўваюць мост для супрацоўніцтва. Але, мяркуючы па маіх стасунках у пярэдадзень “круглага стала”, і ў час яго правядзення, і на семінары, прысвечаным мастацкаму перакладу, які прайшоў ва ўніверсітэце, пісьменнікі іншых краін адкрываюць Беларусь, адкрываюць нашу Беларусь шматнацыянальную, нашу міралюбівую краіну, дзе прыязна ставяцца да ўсіх нацый і народаў, дзе гучыць шматмоўе, адкрываюць унікальны старажытны горад Беларусі, знаходзяць у Гродна тыя памяткі, якія сведчаць пра высокую культуру беларусаў. Канешне ж, наколькі гэта магчыма, спасцігаюць і адметнасці сённяшняга сацыяльнага, эканамічнага развіцця краіны. Вельмі спадзяюся, што нешта адкладзецца ў памяці гасцей пра горад Каложы і Васіля Быкава, пра горад з музеем Максіма Багдановіча, пра старажытны Гродна… 



Вось і кандыдат філалагічных навук з Алматы Святлана Ананьева, якая прыязджае ў Беларусь не ўпершыню, у чарговы раз паедзе ад нас з пакункамі беларускіх кніг. Яны патрэбныя ёй, каб распавесці ў Казахстане пра сучасную беларускую літаратуру. А Марат Гаджыеў з Дагестана як вопытны публіцыст, перакладчык, культуролаг прыглядаецца да новых ініцыятыў. Ён гатовы везці з Беларусі ў Махачкалу і новыя мастацкія выстаўкі, і новыя беларускія кнігі, бо ўжо праз некалькі месяцаў будзе ў чарговы раз ладзіць прэстыжную ў Паўночна-каўказскім рэгіёне кніжную выстаўку-кірмаш “Таркі-Тау”. 



– Ці абяцае быць “круглы стол” беларускіх і замежных пісьменнікаў у Гродна традыцыйным? 


– Па-першае, я хацеў бы падзякаваць арганізатарам фестываля, гродзенскім уладам за тое, што “круглы стол” і іншыя літаратурныя імпрэзы знайшлі сябе ў шырокай праграме фестывалю. Па-другое, лічу, што міністэрства інфармацыі, Саюз пісьменнікаў у гэтых ініцыятывах падтрымаюць і ўніверсітэт, і абласная бібліятэка, і ўвогуле гродзенская інтэлігенцыя, адкрыўшы дзверы ініцыятывам супольніцтва пісьменнікаў розных краін. Можа быць, з часам у Гродна ў межах гэтых ініцыятыў мог бы прайсці і семінар, напрыклад, з такой тэмай – “Перакладчыкі прозы Васіля Быкава на мовы народаў свету”. Альбо хтосьці з беларускіх паэтаў менавіта ў Гродна гатовы будзе прадставіць свае перакладчыцкія ініцыятывы. Як, напрыклад, паэтэса з Берасцейшчыны Марыя Кобец, якая пераўвасабляе на беларускай мове паэзію краін Усхода і Захада. Чаму б не правесці ў абласной бібліятэцы вечар яе як перакладчыцы і запрасіць на яго тых паэтаў з Азербайджана, Польшчы, Украіны, Сербіі, Чарнагорыі, Румыніі, Кітая, якіх яна пераклала і яшчэ, пэўна, будзе перакладаць. У Гродне, на Гродзеншчыне шмат цікавых пісьменнікаў – нашых сучаснікаў: Галіна Самойла, Мар’ян Дукса, Алесь Жамойцін, Марыя Шаўчонак, Ала Петрушкевіч, Юрка Голуб (дарэчы, ведаю, часопіс “Полымя” друкуе яго цікавы пераклад грузінскага класіка Нікалаза Бараташвілі)… Чаму б іх і іншых калег-гарадзенцаў творчасць не разгледзець праз прызму параўнання з літаратурным працэсам у іншых прасторах… 


Адным словам, пісьменніцкіх, літаратурных ініцыятыў можа быць нямала… І, канешне ж, гарадзенская пляцоўка акажа ім самае шырокае спрыянне. Дзякуй вам за гутарку! 

 
Сяргей ШЫЧКО

Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио