Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Лёс нашай маці

Лёс нашай маці04 октября 2016 — 13:17

 

У гэтым годзе вялікая і дружная сям’я  Каспяровічаў сабралася на вялікую ўрачыстасць: 85­годдзе жонкі, маці, бабулі, прабабулі Вольгі Міхайлаўны. Дзеці, унукі, праўнукі зляталіся са ўсіх куточкаў Беларусі і Расіі. Сям’я ў Вольгі Міхайлаўны і Валяр’яна Аляксандравіча Каспяровічаў вялікая – 30 чалавек: 1 сын, 4 дачкі, 9 унукаў, 16 праўнукаў (сямнаццатага і васемнаццатага чакаюць), зяці, нявесткі.

Вольга Міхайлаўна Каспяровіч (Лойка) нарадзілася 8 верасня 1931 года ў вёсцы Галынка Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці  ў сям’і сялян.

Маці, Паўліна Кузьмінічна Лойка (Кавалевіч), бацька, Міхаіл Іванавіч Лойка працавалі на арэндаванай зямлі. Было вельмі цяжка. Таму з ранняга дзяцінства вымушана была працаваць і маленькая Вольга. Закончыла яна два класы пачатковай школы, і больш бацькі вучыцца не пусцілі.

Працавала на гаспадарцы, потым пайшла працаваць на завод.  Памёр бацька. Вольга вымушана была вярнуцца ў калгас, каб дапамагаць маці па гаспадарцы. Умела выконваць розную працу, як кажуць, і мужчынскую, і жаночую. Старэйшы брат Іван паехаў у Карэлафінск, ажаніўся і застаўся там жыць. Потым пераехаў на Кубань і пражыў там амаль усё жыццё.  Сястра і два браты памерлі малымі. Вольга засталася адна з маці.

 У 1960 годзе выйшла замуж. Калі з’явіўся гаспадар у хаце, жанчынам сталя лягчэй.  Жыццё склалася шчасліва. Можа, таму што Валяр’ян і Вольга ўжо былі даволі сталымі: 32 гады і 29 адпаведна. З 1961 года па 1970 гады ў іх нарадзілася пяцёра дзяцей: чатыры дачкі і адзін сын. Вольга Міхайлаўна  была ўзнагароджана  медалём Мацярынства ІІ ступені.

Вялікая сям’я, малыя дзеці, шмат клопату…  Муж працаваў на за­водзе ў тры змены. Трымалі гаспадарку: патрэбна было накасіць сена, нарыхтаваць на зіму дроў, узараць і пасадзіць агароды, не кажучы аб тым, што і згатаваць ежу, прыбраць у хаце, дый пашыць дзецям новыя сукенкі (Вольга шыла  ўсім людзям у вёсцы, хоць была і самавучкай).  Хапала працы. Але падрасталі дзеці. Сталі дапамагаць бацькам. Сена грабці –усе ра­зам. Бульбу капаць ­ усе разам, буракі палоць – таксама ўсе разам. Але і весяліцца, жартаваць,  смяяцца і радавацца ­ таксама ўсе разам. Любіць сям’я Вольгі Міхайлаўны збірацца за святочным сталом: пагутарыць, пажартаваць, а часам разам з маці і песню зацягнуць. Дружная сямейка, працавітая. 

Праз усе жыццё Валяр’ян Аляксандравіч і Вольга Міхайлаўна пранеслі любоў і павагу адзін да аднаго. Яны вельмі хацелі, каб дзеці атрымалі адукацыю. Так старэйшая і малодшая дочкі маюць сярэднюю адукацыю, сын – сярэднюю спецыяльную, сярэднія дочкі Марыя і Тамара ­ вышэйшую адукацыю і працуюць намеснікамі дырэктара школы. Усе дзеці жывуць у Беларусі, акрамя дачкі Марыі, якая жыве і працуе ў Калінінградзе. Дачку Марыю, як настаўніка, уключылі ў энцыклапедыю “Адораныя дзеці – будучыня Расіі”.   Вольга Міхайлаўна са сваім мужам ганарыцца  сваімі дзецьмі, бо  выхавалі яны дастойных людзей сваёй  Бацькаўшчыны.

Т. САЛЕЙ,

нам. дырэктара

ДУА «СШ №5

г. Масты»



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: