Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСельская жизньСельская жизнь

Культура на жніве

Культура на жніве03 августа 2015 — 10:00

Святая справа – вырасціць хлеб. Зямля дае багаты ўраджай, калі за ёй як след даглядаюць, не ведаючы адпачынку і спакою, пакуль апошні каласок не будзе абмалочаны. Калі праехаць уздоўж палёў, то заўважыш, як зернеўборачныя камбайны, нібыта караблі, плывуць па залатым моры спелых каласоў. Грузавыя аўтамабілі адвозяць сабраны ўраджай на зерняток, дзе яго, калі трэба, дасушаць і захаваюць. Такім чынам, можна зрабіць выснову, што на гэты хлеб працавала вельмі шмат людзей, і ўборка збожжа заўсёды была і застаецца вянцом працы і стварэння вяскоўцаў на працягу года. Гэта ўдвая прыемна,  калі яна суправаджаецца песнямі і абрадамі.

Раней, як і цяпер, да пачатку жніва рыхтаваліся як да вялікага свята. Гаспадыня мыла дом, гаспадар прыбіраў двор і гумно. Стол засцілаўся белым абрусам. Перад пачаткам жніва кожны гаспадар ці гаспадыня хадзілі і аглядалі ніву: ці паспеў колас, ці пара жаць. Самую першую зжатую жменю жняя клала не ў сноп, а на полі ра­зам з хлебам і сырам. Потым пачыналі жаць першы сноп –“гаспадарок”. Ён упрыгожваўся і захоўваўся ў хаце ў чырвоным покуце пад іконай.

У кожнай гаспадарцы Мастоўшчыны старт «Зажынкам» даў кіраўнік. Уключыліся ў гэту працу і работнікі культуры. Перад пачаткам выхаду камбайнаў у поле работнікі культуры спявалі абрадавыя песні, якія ўшаноўваюць нялёгкую, але такую патрэбную і пачэсную працу хлебароба, пажадалі добрага надвор’я і натхнялі на працоўны лад. Яны на працягу ўборачнай кампаніі будуць падтрымліваць працаўнікоў сяла песнямі. А па выніках жніва ў кожнай гаспадарцы правядуць «Дажынкі».

Па народных прыкметах, калі на «Зажынкі» свеціць сонейка, гэта значыць, што будзе добры ўраджай. А менавіта ў гэты дзень свяціла сонейка, і мы жадаем аграрыям нашага раёна добрага надвор’я і каб задуманыя планы збыліся. C. ДЗЕЙКАЛО

Вякамі нашы продкі жалі сярпамі збажыну. Разам з усімі жанчынамі выходзіла жаць у поле і мая мама. Я, як і ўсе вясковыя дзеці, умеў вязаць снапы, ставіць іх у дзесяткі. У сярэдзіне 60­х гадоў мінулага стагоддзя, калі ў калгасы паступіла па некалькі камбайнаў, жнейкі перасталі выходзіць з сярпамі ў поле.

Цяпер многія нават не бачылі, як жнуць жыта ці пшаніцу сярпамі. Але, па даўняй традыцыі, першы сноп заўсёды зажынаецца сярпом, і заўсёды гэта робіць паважаная ў вёсцы жанчына. Раней ён уручаўся гаспадару, старэйшаму і самаму аўтарытэтнаму ў вёсцы чалавеку. Зараз  ён таксама ўручаецца гаспадару, кіраўніку гаспадаркі, упрыгожваецца і захоўваецца да новага ўраджаю.

Заўсёды ў час дажынак гучаць і жніўныя песні. Крануў за душу гэты абрад у ААТ “Чарлёна” ў выкананні народнага ансамбля народнай песні “Багатуха” пад кіраўніцтвам А. М. Вілінскай. І сама Алена Мікалаеўна, і Вольга Канстанцінаўна Варабей, Вольга Аляксандраўна Авярук, Юлія Іванаўна Сільвон, Лізавета Дзмітрыеўна Вілінская, Таццяна Аляксандраўна Даўгайла стварылі незабыўную атмасферу добрага настрою, жаданне сабраць без страт багаты ўраджай, гучалі пажаданні здароўя для тых, хто ў полі і  іх блізкім (на верхнім здымку).

Добрыя традыцыі нашых продкаў працягваюць Вольга Юр’еўна Вайтовіч і Вольга Мікалаеўна Альховік з Мастоўскага раённага цэнтра рамёстваў. Яны працуюць майстрамі па саломапляценню. Жаданне займацца гэтай справай у іх таксама ўзнікла ў дзяцінстве. Выдатныя рэчы вырабляюць яны з саломы, хоць для гэтага трэба мець немалое цярпенне і ўмельства.

І яны свой першы сноп зажынаюць урачыста, каб ладзілася праца, прыносіла добры плён. В. Ю. Вайтовіч і В. М. Альховік (на ніжнім здымку) таксама радуюцца багатаму ўраджаю зерневых, які паспеў на палетках раёна.

С. ЗВЯРОВІЧФота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио