Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Каралева лічбаў

Каралева лічбаў05 августа 2016 — 10:00

 Партрэт галоўнага эканаміста  ЗАТ “Гудзевічы” Марыі  Мечыславаўны Палубятка  занесены на раённую Дошку гонару. Сёлета спаўняецца трыццаць год, як яна пасля заканчэння Ашмянскага сельскагаспадарчага  тэхнікума прыехала па  размеркаванню на работу ў тагачасны калгас імя Карбышава. Прайшла працоўны шлях  ад  радавога бухгалтара да галоўнага эканаміста. Марыя Мечыславаўна таксама была пераможцай раённага этапа конкурсу “Жанчына года” ў  намінацыі  «Работнік аграпрамысловага комплексу».

   ­­Для мяне стала прыемнай нечаканасцю, што мой партрэт занены на раённую Дошку гонару. Уяўляю, як парадавалася б за мяне мама Эмілія Адольфаўна Лойка, калі б была жывая. У свой час і яе партрэт вісеў на Дошцы гонару.  Каля трыццаці  гадоў адпрацавала  яна даяркай у тагачасным калгасе імя Чапаева, адной з першых  стала членам  раённага клуба даярак­чатырохтысячніц. У дзяцінстве я часта дапамагала ёй на ферме, у дзесяць  гадоў  магла сама падаіць карову. І яшчэ, напэўна,  дзякуючы маме, я стала эканамістам. З­за занятасці на ферме яна мне  часта давярала  атрымліваць  яе зарплату. Касір, выдаючы  грошы,   старалася рас­тлумачыць мне малой, колькі і за што налічана. Я, вядома, тады  ў  гэтым амаль нічога не разумела, але мне падабалася, як касір спрытна аперыруе лічбамі, ­­ успамінае Марыя Мечыславаўна сваё першае дзіцячае знаёмства з эканомікай і бухгалтэрыяй.

І яшчэ  прызналася Марыя Мечыславаўна, што пасля заканчэння   Ашмянскага тэхнікума, яна  з ахвотай ехала на работу ў  свой родны Мастоўскі раён, марыла вярнуцца працаваць у сваю родную Мікелеўшчыну.   Таму  той факт, што на работу яе накіравалі  ў адну з лепшых  сельскіх гаспадарак раёна,  асаблівай радасці не выклікаў. Але  нездарма  гавораць: калі  хочаш рассмяшыць Бога ­­ раскажы  яму пра свае планы.  Многа вады   сцякло з тых часоў. Гудзевічы сталі для яе роднымі, туды з Гродна пераехаў і муж Іван Іванавіч. Цяпер у гаспадарцы ён працуе інжынерам па халадзільных устаноўках.  Ад калгаса сям’я  Палубяткаў  у свой час атрымала добраўпарадкаваны катэдж. Працуючы і будучы  ўжо маладой мамай, Марыя Мечыславаўна завочна закончыла Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут.  У Гудзевічах  выраслі сыны  Дзмітрый  і Андрэй.  Зараз у  вёску  ў госці  да бабулі і дзядулі  прыяз­джае з бацькамі з Гродна   двухгадовая ўнучка Дамяніка.

 Многа чаго давялося  лічыць Марыі Мечыславаўне, працуючы  ў бухгалтэрыі і планавым аддзеле. Сёння з лічбамі,  якія датычаць вытворчай дзейнасці гаспадаркі, галоўны эканаміст  спраўляецца як вопытны дырыжор з  аркестрам.

 ­­У мінулым годзе  ўраджайнасць збожавых па гаспадарцы склала  57,1 цэнтнера з гектара, бульбы ­­ 204,3. Ад адной каровы атрымана 5941 кілаграм  малака. Сярэдняя сутачная прывага  буйнай рагатай жывёлы склала 741 грам, свіней ­­ 620 грам. Чысты прыбытак гаспадаркі за мінулы  год склаў 4533 мільёны  недэмініраваных рублёў. Сярэдняя зарплата работкаў ЗАТ “Гудзевічы” за мінулы год склала 5,6 мільёна рублёў.  І гэта ўлічваючы той факт, што мінулы год аказаўся не   вельмі спрыяльным  для раслінаводства,­­ віртуозна, амаль не  падглядваючы   ў камп’ютар,  выкладвае Марыя Мечыславаўна лічбы. ­­ Многія, хто не знаёмы з работай эканаміста, лічаць, што без яго можна абысціся. Але ад  работы эканаміста залежыць,  ці з прыбыткам будзе працаваць прадпрыемства, якой будзе зарплата ў работнікаў. Каб  паспяхова працавала гаспадарка, трэба   ўсё дакладна спланаваць і палічыць, ­­ працягвае разважаць аб рабоце эканаміста  Марыя Мечыславаўна.

Сёння яе  галоўны  жыццёвы прынцып: адзін у полі не воін, дабіцца  чагосьці значнага і  важнага можна толькі агульнымі намаганнямі. Сваім поспехам, лічыць  Марыя Мечаславаўна Палубятка, ­­ яна абавязана  ўсяму працоўнаму калектыву ЗАТ “Гудзевічы”.

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧФота  Н. ШЭЎЧЫК



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: