Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМостовский крайНаш край

«Кацерынка» - не дзяўчынка, а мілы хутарок

«Кацерынка» - не дзяўчынка, а мілы хутарок03 февраля 2014 — 10:00

Мясцовыя жыхары, вымаўляючы назву свайго хутарка,  ставяць націск на другім складзе, напэўна, каб не  блыталі з жаночым імем. Сёння ­­ гэта хутарок з шаcці хат, засыпаны і замецены снегам, гурбы ледзь не па самыя платы.  Думалі нават, што на машыне не даедзем,  і  да хат давядзецца дабірацца пяшком, але лясная  дарога да гэтага ўнікальнага паселішча, якое ўтульна  размясцілася  за нейкіх паўкіламетра ад трасы Масты­Шчучын,  і  толькі 200 метраў аддзяляюць яго ад велічнага Нёмана, на радасць нам, аказалася расчышчанай ад снегу.

  Ад пастаронняга вока Кацерынку  шчыльна ўкрывае не толькі снег, якім шчодра парадавала нас зіма ў апошні час, але і  лес. Летам з­­за густых елак і хвоек дарогу, што  вядзе на хутар, адразу і не прыкмеціш.   І гэта ў нейкім кіламетры  ад райцэнтра…

  Кацерынка ­­ ­­ хутар унікальны не толькі сваёй жаночай назвай, ды і старажылы не помняць, каб на хутары жыла хоць адна Кацярына. Як і любы хутар, Кацерынка сустрэла нас цішынёй, настоенай у той дзень на марознай свежасці, яе  дапаўнялі яловыя і хваёвыя пахі. А калі  цішыня надакучыць і захочацца паглядзець на людзей, зрабіць пакупкі ў магазіне, мінут сорак  няспешнай хады,  і ты ўжо ў цэнтры Мастоў. Менавіта блізасць да райцэнтра і выратавала Кацерынку, яна не знікла з твару зямлі, як зніклі  іншыя  хутары і аддаленыя вёскі з адыходам у нябыт сваіх апошніх жыхароў.

   Першым цішыню парушыў пёс Барбос, які  залівістым брэхам  прывітаў нас,  кінуўшыся насустрач   машыне. Праўда, яўнай агрэсіі да чужакоў не праявіў. Пэўна, чакаў, як адрэагуе на няпрошаных гасцей гаспадар. Эдвард Зыгмундавіч Лойка, так завуць  гаспадара, сапраўды хутка выйшаў з хаты.  Ён не толькі старажыл гэтага хутара, але і самы старэйшы жыхар, 87 гадоў споўнілася яму. На свой  узрост выглядае даволі моцным і рухавым. Сцвярджае, што свежае лясное паветра і праца на зямлі зрабілі яго доўгажыхаром.  Ды і іншым жыхарам Кацерынкі лёс наканаваў немалы жыццёвы  шлях.

Даведаўшыся аб мэце нашага візіту, гасцінна, як і ўсе вясковыя людзі, Эдвард Зыгмундавіч запрасіў у дом. Барбос прыветліва завіляў хвастом і трушком пабег за намі. Праўда, гаспадыня Ядзвіга Вінцэнтаўна ў хату яго не пусціла, і пакрыўджаны сабака  на нейкі час пакінуў падворак. Вясковую ідылію дапоўніў прыгожы  пушысты чорна­белы кот Мурлыка, які ўтульна размясціўся на цёплай печы і мурлыкаў сабе пад нос.  А мы  ў гэты час вялі размову аб  хутарскім жыцці­­быцці.

-- ­­ ­­Мой бацька працаваў чыгуначнікам, і жылі мы паблізу чыгункі. Даўным­­даўно, у 1922 годзе, яшчэ за польскім часам,  ён  купіў дзесяць гектараў зямлі  ў гэтым прыгожым лясным куточку, пяць гектараў набытай зямлі было занята лесам.  Частку лесу выкарчавалі. Бацька  пабудаваў  хату, дзе мы зараз сядзім, пазней  я  яе дабудоўваў  і рамантаваў. Прыгожыя мясціны, блізкасць да райцэнтра зрабілі наш куток прывабным для пражывання. Шэсць  дамоў на нашым хутары, і сярод іх няма ні аднаго пустога.  Дзеці, калі  і жывуць у горадзе,  не пакідаюць бацькоўскіх сядзібаў, ператвараючы іх у дачы. Мне адзін бізнесмен прапаноўваў за хату немалыя грошы і яшчэ машыну  ў прыдачу, я не згадзіўся прадаць,­­ ­­--  з замілаваннем  распавядае пра свой хутар Эдвард Зыгмундавіч.

  Гаспадыня Ядзвіга Вінцэнтаўна падзяляе захапленне мужа  мясцінамі:­­ ­­ Кацерынка ­­­­ назва нашага хутара неафіцыйная. Даўным­ ­даўно работнікі аўтапарка так назвалі прыпынак гарадскога аўтобуса. Назва прыгожая, таму і прыжылася.  Я сюды прыйшла замуж са Шчучынскага раёна. На маёй радзіме каля вёскі Ельня таксама прыметныя мясціны, але ім далёка  да гэтай прыгажосці. Дзе вы бачылі, каб адразу за домам  можна было збіраць грыбы і ягады. Раней  мы па некалькі кашоў прыносілі дадому адных баравікоў. Калі былі маладзейшымі і здаравейшымі,  апрацоўвалі немалы ўчастак зямлі. Цяпер абходзімся толькі градкамі. Я  не магу не корпацца на зямлі, яна дае мне сілу.

  Лес для жыхароў Кацерынкі ­­ не проста дрэвы, якія растуць побач з дамамі. Гэта  памяць аб продках, якія куплялі зямлю і пасяляліся ў гэтых мясцінах менавіта таму,  што на ўчастках  рос лес. Дрэвы яны  выкарчоўвалі і выкарыстоўвалі для будаўніцтва дамоў і на паліва. Усе дамы ў Кацерынцы драўляныя.               І хоць сёння лес вакол  хутара знаходзіцца ў распараджэнні Мастоўскага лясніцтва, яго  насельнікі памятаюць, дзе чые ўгоддзі раней былі, і сёння ў іх размове можна пачуць: “Іванаў дуб, Коліна ёлка, Віктусеў граб”. Грабавы гай з векавымі дрэвамі ­­ ­­ асаблівы гонар жыхароў Кацерынкі.

  Слухала расказ мілых і добразычлівых хутаранаў, а  ў памяці ўсплылі  рэкламныя кад­ры: “Добра мець домік у вёсцы”.  А яшчэ лепш  на такім мілым хутары, як Кацерынка, дзе і да горада рукой падаць, а побач з домам лес, рэчка і раздолле.

  На развітанне пытаюся ў  хутаран, як яны праводзяць доўгія зімовыя вечары, ці не сумна ім сярод лесу? І тут Эдвард Зыгмундавіч загадкава ўсміхаецца: ”Хочаце, я вас развесялю!” Увішна падымаецца з табурэткі, дастае гармонік і іграе вясёлую мелодыю. Музыка і гармонік у яго цяпер для душы, іграе для сябе і жонкі.  А калісьці Эдвард Зыгмундавіч быў знакамітым  і папулярным на  ўсю акругу гарманістам. Ён з гармонікам, а сястра Марыя са скрыпкай былі запатрабаваны на ўсіх вяселлях у акрузе. Доўгі час Эдвард Зыгмундавіч іграў на танцпляцоўцы, дзе на танцы збіралася  ўся моладзь Міхайлоўкі. Пад вясёлыя  акорды гармоніка  мы з фатографам пакідаем Кацерынку, паабяцаўшы  хутаранам  наведацца  да іх летам.           

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ  Фота В. ДЗЕГЕЛЕВІЧА



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: