Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноКультура и историяКультура

Хор “Надзея”: 30 гадоў творчага шляху

Хор “Надзея”: 30 гадоў творчага шляху27 января 2016 — 10:00

 Адразу два значныя юбілеі адзначыў народны хор ветеранаў вайны і працы “Надзея” Мастоўскага раённага цэнтра культуры: 30 гадоў з дня заснавання творчага калектыву і 25 гадоў, як хор атрымаў званне народнага. З гэтай нагоды 2 лютага ў 15.00 гадзін у раённым цэнтры культуры адбудзецца сольны юбілейны канцэрт.  Уваход для ўсіх прыхільнікаў  творчасці калектыву, а таксама для ўсіх жадаючых мастаўчан бясплатны.

Напярэдадні гэтай значнай і прыемнай падзеі мы сустрэліся з кіраўніком народнага хору ветэранаў вайны і працы “Надзея”  Ірынай  Іванаўнай  Содаль.

­­-  Ідэя стварыць хор ветэранаў узнікла ў 1985 годзе. Напачатку быў створаны актыў. Жаданне спяваць у новым калектыве выказалі каля 30 чалавек. Гэта І.А. Прыстаўка, І.М. Швяцоў, В.К. Дзямбоўская, І.В. Карпухіна і іншыя. Мастацкім кіраўніком хору была выкладчыца школы мастацтваў Надзея Мікалаеўна Барташ, ­­ расказала Ірына Іванаўна гісторыю стварэння калектыву. – Першая песня, якая паклала пачатак репертуару калектыву, была “Сядзяць у абдымку ветэраны”. Потым была песня І. Лучанка “Спадчына”, народная песня “Вярба”. Усім удзельнікам хору хацелася спяваць песні сваёй маладосці, таму ў рэпертуар былі ўключаны песні     30­40­х гадоў і ваеннай пары. Першае выступленне калектыву адбылося 8 сакавіка 1986 года. Настойлівая праца прынесла свой плён: у 1990 годзе хор ветэранаў атрымаў званне “народны”.

Зараз у склад творчага калектыву ўваходзяць  24 чалавекі, улюбёныя ў песню і музыку, а  канцэртная праграма складаецца амаль з 80 твораў. Як і дзесяткі гадоў таму, “Надзея” і сёння дорыць слухачам добры настрой і свята сустрэчы з любімай песняй, укладваючы ў кожны твор дабрыню, шчырасць і душэўнасць. Кожны канцэрт хору, які жыве насычаным творчым жыццём, становіцца цудоўным падарункам іх удзячным прыхільнікам.­­

-  З самага пачатку існавання хору ў ім спявала Марыя Міхайлаўна Сяргеева. Яна была салісткай, сама пісала вершы. Песню “Мастаўчане” на яе верш мы часта выконваем падчас выступленняў, ­­ - працягнула расказ Ірына Іванаўна Содаль. – Нязменнай вядучай нашых канцэртаў з’яўляецца Валянціна Рыгораўна Пракапюк. Нягледзячы на свой мудры ўзрост, яна сваім аптымізмам і энергіяй зараджае не толькі  сяброў­аднадумцаў па калектыву, але і слухачоў у глядзельнай зале. Немагчыма не ўсміхнуцца ад жартоўных баек у выкананні Валянціны Рыгораўны.

Даўно аддадзены хору Клаўдзія Іванаўна Біч, Валянціна Навумаўна Сазонава, Тамара Мікалаеўна Галонская, Ніна Юльянаўна Грудская, Пётр Мікалаевіч Лягеза, Ядвіга Яўгенаўна Ёрж, Ганна Іосіфаўна Бойша і інш. Заўсёды з асаблівай удзячнасцю сустракаюць мастаўчане Ганну Міхайлаўну Рымко. Пранікнёна і шчыра гучаць аўтарскія паэтычныя радкі з вуснаў Зінаіды Аляксееўны Біліды. Нельга не сказаць колькі слоў і пра акампаніятараў калектыву – Нэлі Іванаўну  Слабыш і Шаміля  Саміулавіча Тайрава, без якіх выступленне “Надзеі”  проста немагчыма.

Трэба адзначыць, што хор ветэранаў выступае не толькі ў Мастах. Калектыў актыўна і паспяхова гастралюе не толькі па раёну, але і за яго межамі. Так, летась “Надзеі” апладзіравалі ў Воранаўскім, Свіслацкім і Бераставіцкім раёнах. Цёплыя творчыя сустрэчы пастаянна ладзяцца ў санаторыі “Энергетык”.  Добры настрой стваралі салісты хору на выбарчых участках падчас прэзідэнцкіх выбараў, што адбыліся ў кастрычніку мінулага года.

Штогод народны хор ветэранаў прымае ўдзел у абласным фестывалі ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны”. І кожны раз становіцца прызёрам, а летась дык увогуле набыў статус пераможцы і быў узнагароджаны шматлікімі падарункамі.

Чым жа будзе здзіўляць калектыў падчас юбілейнага канцэрта? Мастацкі кіраўнік хору ветэранаў І.І. Содаль пакуль не раскрывае ўсіх планаў, аднак запэўнівае, што гэта будзе асаблівае выступленне. Прагучаць як новыя творы, так і песні, што даўно палюбіліся мастаўчанам. Рыхтуюцца парадаваць сваёй творчасцю салісты і дуэты калектыву. Так што душэўная атмасфера і зарад добрага настрою ад “Надзеі” забяспечаны!

Н.ШЭЎЧЫК

На здымку: народны хор ветэранаў вайны і працы «Надзея» з мастацкім кіраўніком І. І. СОДАЛЬ і акампаніятарам Н. І. СЛАБЫШ.



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: