Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноУрожай-2017Урожай-2017

Хлебная ніва лепшых абвясціла

Хлебная ніва лепшых абвясціла05 августа 2014 — 10:00

Краіна павінна быць з хлебам. Менавіта на гэты канчатковы вынік працуюць зараз хлебаробы. Працуюць зладжана, старанна, бо разумеюць сваю адказнасць у гэтай вялікай справе. Сярод больш як паўсотні камбайнавых экіпажаў і такой жа арміі вадзіцеляў, што сёлета шчыруюць на хлебнай ніве Мастоўшчыны, ёсць ужо і свае лідары. З некаторымі з іх нам давялося пазнаёміцца на палях сельгаскааператыва імя Адама Міцкевіча. У гэтую гаспадарку мы накіраваліся разам са старшынёй Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК І.С. Алізаровічам і старшынёй Мастоўскага райкама прафсаюза работнікаў АПК В.М. Метлюком.

У полі пахне спелым зернем. Вячэрняе сонца хоць і не так прыпякае, аднак моцна нагрэтае за дзень наваколле, здаецца, хутка расплавіцца ад гарачыні. Несумненна, такое надвор’е “на руку” хлебаробам, якія, нягледзячы ні на што, у полі ўвесь светавы дзень. Здалёк заўважаем магутныя “Лексіёны” і “Мегі”, якія толькі завяршылі ўборку півавараннага ячменю. Крыху пазней, са слоў брыгадзіра гэтага вытворчага ўчастка Сяргея Ігаравіча Радзіона, які, дарэчы, у гаспадарцы курыруе ўсе пытанні раслінаводства, даведваемся, што ўраджайнасць ячменю  сёлета складае ў межах 65- 67 цэнтнераў з гектара.

— Якраз у час паспелі, камбайнеры і вадзіцелі вячэраюць, — адзначае намеснік старшыні СВК імя А. Міцкевіча па ідэалагічнай рабоце Раман Іосіфавіч Рублік, які суправаджае нас у гэтай паездцы.— Кормім два разы – смачна і разнастайна. Механізатары задаволены, — дапаўняе  старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Марына Станіславаўна Палубок.Выкарыстаўшы гэты невялікі перапынак,  накіроўваемся з віншаваннямі да  экіпажа  Пятра Мікалаевіча і Аляксандра Масквянковых, якія аднымі з першых у вобласці намалацілі тысячу тон зерня сярод камбайнаў з прапускной здольнасцю звыш 12 кілаграм за секунду.

— Дзякуй за руплівую працу, уменне і стараннасць. Упэўнены, што на такім волаце, як ваш “Лексіён-760”, вы намалоціце яшчэ не менш як дзве тысячы. Спадзяюся, што сустрэнемся на абласных дажынках, — разам з поціскам рукі старшыня абкама прафсаюза  Іван Станіслававіч Алізаровіч уручае лідарам грамату, грашовую прэмію і падарункі.

Акрамя таго, гэты ж   экіпаж забяспечыў сёлета найбольшы намалот рапсу ў раёне і  ўвайшоў  у лік пераможцаў раённага спаборніцтва на ўборцы рапсу. Таму  да віншаванняў  у адрас камбайнераў далучаецца і старшыня  райкама прафсаюза Віктар Міхайлавіч Мятлюк.  І таксама не з пустымі рукамі: згодна з умовамі раённага спаборніцтва, пераможцы ўзнагароджваюцца грашовай прэміяй.

-- Камбайн у нас новы, магутны і надзейны, умовы – камфортныя, таму і працуецца добра, — крыху саромеючыся такой пільнай увагі да сябе, адзначае Пётр Мікалаевіч. Падтрымлівае бацьку і сын Аляксандр, які ў якасці памочніка працуе з ім упершыню. А вось у Пятра Мікалаевіча гэта ўжо пятнаццаты ўборачны сезон, так што вопыту і ўмення яму не займаць. Ён добра ведае, што любыя паломкі і няспраўнасці тэхнікі неабходна ліквідаваць яшчэ да таго, як пачнецца работа ў полі, таму яго працоўны дзень пачынаецца ў шэсць-сем раніцы. У полі камбайны шчыруюць з васьмі гадзін раніцы і да апоўначы – трэба паспець як мага больш.Разам з камбайнерамі сваю працоўную вахту на хлебнай ніве добрасумленна нясуць і вадзіцелі, што адвозяць зерне ад камбайнаў на сушылкі. Так, на час уборкі са старшынёўскай “легкавушкі” на грузавы “МАЗ-5551” перасеў вадзіцель Аляксандр Іванавіч Сасноўскі.

-- І ўтрымлівае лідарства сярод вадзіцеляў гаспадаркі, што першымі перавезлі 1000 тон зерня ад камбайнаў, — удакладняе старшыня райкама прафсаюза Віктар Міхайлавіч Мятлюк, уручаючы стараннаму работніку грашовую прэмію.Не саступае лідарскіх пазіцый на працягу апошніх гадоў і вопытны вадзіцель Уладзіслаў Браніслававіч Лобач, якога таксама віншуюць старшыня  райкама прафсаюза і калегі-механізатары.-- Лёгкага хлеба не бывае. Таму проста рабіце справу, якую вы выдатна ўмееце рабіць, — падкрэсліў на развітанне старшыня абкама прафсаюза Іван Станіслававіч Алізаровіч. – Жадаю вам бяспечнай і паспяховай работы, усім заставацца здаровымі. Няхай вашы родныя і блізкія чакаюць вас дома, ствараючы толькі прыемныя клопаты. А мы заўсёды падтрымаем вас.

На бягучым тыдні былі ўшанаваны і астатнія хлебаробы, што вызначыліся па выніках абласнога і раённага спаборніцтваў на ўборцы ўраджаю.  У лік пераможцаў на ўзроўні вобласці сярод камбайнаў з прапускной здольнасцю ад 10 да 12 кілаграм увайшоў механізатар ЗАТ “Гудзевічы”    І. І. Валюшка. Былі адзначаны таксама і лепшыя камбайнеры і вадзіцелі раёна. Прычым, у таварыствах «Чарлёна» і «Гу-дзевічы», акрамя райкама прафсаюза, камбайнераў і вадзіцеляў-тысячнікаў  адзначыла і кіраўніцтва гаспадарак, і прафкамы.  Прынамсі, кіраўнікі гаспадарак і прафсаюзныя лідары добра разумеюць, што поспехі ў вытворчасці напрамую звязаны з клопатам пра людзей. Матывацыя мае вагу ў любой справе. І людзі гатовы працаваць з душой, калі не толькі атрымоўваюць дастойную заработную плату, але і адчуваюць падтрымку, разумеюць уласнае дачыненне да вялікай справы. Уборка хлеба, без сумнення, адна з такіх.   

Н.ШЭЎЧЫКНа здымках: За руплівую працу, уменне і стараннасць экіпаж бацькі і сына   МАСКВЯНКОВЫХ  з СВК імя А. Міцкевіча ўзнагароджвае старшыня  абкама прафсаюза  работнікаў АПК І. С. АЛІЗАРОВІЧ; Поспехаў у далейшай рабоце вадзіцелю-тысячніку СВК імя А. Міцкевіча А. І.  САСНОЎСКАМУ жадаюць старшыня  райкама  прафсаюза  В. М. МЯТЛЮК, намеснік старшыні гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Р. І. РУБЛІК, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі М. С. ПАЛУБОК. З добрымі вынікамі ў працы  вадзіцеля-тысячніка  СВК імя А. Міцкевіча У. Б. ЛОБАЧА (у цэнтры) віншуюць брыгадзір С. І. РАДЗІОН, намеснік старшыні гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Р. І. РУБЛІК.Фота аўтара



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: