Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Хатка майстра запрашае

Хатка майстра запрашае16 декабря 2013 — 10:00

Сённяшнія школьнікі пра быт сваіх  продкаў маюць смутнае ўяўленне. Хлопчыкам і дзяўчынкам, выхаваным на сучасных камп’ютарных тэхналогіях і наварочанай бытавой тэхніцы, цяжка ўявіць, што іх прабабулі прасавалі бялізну прасам, які награваўся звычайнымі вуглямі, а прадзядулі зерне на муку малолі ў жорнах. Гэтых і многіх іншых прылад некаторыя хлопцы і дзяўчаты нават не бачылі.

А школьнікам з вёскі Мікелеўшчына з этнаграфічнымі пазнаннямі, можна сказаць, пашанцавала.     У былым сельскім клубе мясцовы рэзчык па дрэву Міхаіл Мар’янавіч Маскевіч абсталяваў хатку майстра, так з яго лёгкай рукі пачалі называць невялікі вясковы  этнаграфічны музей.  Каля 400 розных  экспанатаў  сабраў ён у адным месцы. Сярод іх  і тыя самыя жорны ў спраўным стане,  на якіх і сёння можна  малоць зерне. Ёсць кросны і ўсе ткацкія прылады,  якія  ў свой час ахвяравала музею Люцыя Станіславаўна Маскевіч,  і не толькі кросны, але і прыгожыя тканыя рэчы.

 ­­Тут выстаўлены не  ўсе сабраныя экспанаты, амаль столькі ж захоўваецца ў мяне дома. Усё гэта сведчыць, што нашы продкі былі таленавітымі і майстравымі людзьмі. Хацелася,  каб пра іх побыт  і жыццё цяперашняя моладзь ведала не толькі  па кнігах, але многае  магла  ўбачыць, памацаць рукамі. Усведамленне таго, што тая ці іншая рэч належала  прабабулі ці прадзеду,  кранае мясцовых  дзяцей да глыбіні душы. Ведаючы пра маё захапленне гісторыяй і этнаграфіяй, вяскоўцы часта прыносяць  экспанаты ў музей.  Рамуальд Хрыстафоравіч Масюк, напрыклад, падараваў музею арыгінальную  конскую збрую, вясковыя кабеты прыносяць  вышываныя і тканыя рэчы,­­ расказвае  Міхаіл Мар’янавіч пра сваё захапленне.

  А яшчэ ў хатцы майстра  вучні мясцовай школы Аляксандр Клусевіч, Андрэй Строк,  Раман Масюк, Павел Лішко пад кіраўніцтвам М.М. Маскевіча спасцігаюць разьбу па дрэву. Каб навучыцца  гэтаму прыгожаму  рамяству, Уладзіслаў Бохан прыязджае на заняткі гуртка з Мастоў. Мне давялося пабачыць   выстаўку  работ юных рэзчыкаў, спадабалася і ўразіла.                

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио