Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Хай часцей смяюцца дзеці – будзе радасней у дзетсадзе

Хай часцей смяюцца дзеці – будзе радасней у дзетсадзе27 сентября 2013 — 10:00

Хто ён, сучасны кіраўнік дзіцячай дашкольнай установы? Што яго засмучае і радуе,  клапоціць і выклікае захапленне? Да чаго ён імкнецца і чым даражыць? Над вырашэннем якіх надзённых задач працуе і чым “падмацоўвае” свае фізічныя і духоўныя сілы?Каб знайсці адказы на ўсе гэтыя пытанні, мы звярнуліся да загадчыцы ясляў-сада № 2 горада Масты Вольгі Рышардаўны Снецька. Яе партрэт сёлета занесены на раённую Дошку гонару.

Наша сустрэча з Вольгай Рышардаўнай адкладвалася некалькі разоў. Яно і зразумела: намячалася яна якраз у разгар рамонтных работ у дзіцячым садзе. Ці да размовы ўжо тут, калі ў адным баку стукаюць, у другім – свідруюць, а праз шчыліны прабіваецца настойлівы пах свежай фарбы. Ды і ўсюды патрэбны пільны погляд гаспадыні гэтага вялікага дома, дзе жыве дзяцінства. А клапоціць загадчыцу толькі адно: каб выхаванцам сада было тут добра, цёпла, утульна і цікава.

Неабходна адзначыць, што на наступную вясну дзяржаўная ўстанова адукацыі “Яслі-сад №2 г. Масты” адзначыць сваё 50-годдзе. Зараз яе наведвае 101 дзіця, тут     функцыянуюць шэсць груп, дзве з якіх спецыялізаваныя – гэта санаторная група для дзетак, што часта хварэюць, і інтэграваная, якую наведваюць хлопчыкі і дзяўчынкі з парушэннямі мовы.

За два апошнія гады сад змяніўся непазнавальна. І ў гэтым заслуга як нашай суразмоўцы, так і ўсяго калектыву, а таксама бацькоў рабят, якія зацікаўлены ў тым, каб іх дзеці раслі здаровымі і разумнымі.— Заменены ўсе вокны, дзверы, у актавай зале і некаторых групах пакладзена ламініраваная падлога, сцены пафарбаваны, — праводзіць невялікую экскурсію па дзіцячым садзе Вольга Рышардаўна, калі наша размова нарэшце рэалізавалася. – А вось санаторная група. Яшчэ летась з дапамогай бацькоў тут быў праведзены выдатны рамонт. Сёлета ў групе абноўлены стэнды на сучасныя і больш эстэтычныя. Дапамагаюць бацькі набываць цацкі і развіваючыя гульні. Дзякуючы Праграме   развіцця дашкольнай адукацыі ў нашых групах зараз новая мэбля, у тым ліку камплекты дзіцячых сталоў і крэслаў.

— Не так даўно закончылі  рамантаваць санвузлы, — працягвае загадчыца.    – Поўнасцю памянялі  абліцовачную плітку, устанавілі новую сантэхніку.Сярод хвалюючых пытанняў, якія патрабавалі тэрміновага вырашэння, значылася  ўстаноўка насосаў на сістэме ацяплення дзіцячага сада. Зараз і яно знята з парадку дня.— Вельмі спадзяёмся, што гэта нарэшце дазволіць вырашыць  праблему з ацяпленнем  і выканаць неабходныя санітарна-гігіенічныя нормы, — падкрэслівае Вольга Рышардаўна, мімаходам паспяваючы па-цікавіцца справамі ў адной з выхавальнікаў.

Заглянулі мы і на дваровую тэрыторыю, якая прываблівала чысцінёй, парадкам і ўтульнасцю.Дарэчы, як мы даведаліся, працоўны дзень у загадчыцы пачынаецца з абходу ўстановы, яе тэрыторыі і ўсіх групавых пакояў. Гэта не толькі дазваляе мець поўную карціну аб праблемах і недаліках, але і дае магчымасць убачыцца з бацькамі, штосьці абмеркаваць ці параіцца.

— Прыемна бачыць у добрым настроі сваіх супрацоўнікаў і бацькоў, што раніцай прыводзяць дзяцей у сад, — адзначае Вольга Рышардаўна. – Вельмі радуе, калі ніхто з выхаванцаў не плача, а дзіцячыя вочкі  свецяцца радасцю ад новай сустрэчы з садам, выхавальнікам і сваімі сябрамі. Мне падабаецца размаўляць з дзецьмі – такімі шчырымі, дапытлівымі, непасрэднымі і даверлівымі. Іх аніяк нельга падмануць, ім нельга схлусіць і здрадзіць.

Сама ж Вольга Рышардаўна не здраджвае другому гарадскому дзіцячаму саду ўжо васемнаццаць гадоў, дзевяць апошніх з іх – на пасадзе загадчыцы.Вось што чытаем у характарыстыцы-прадстаўленні аддзела адукацыі райвыканкама для занясення на Дошку гонару:“За час работы В.Р. Снецька зарэкамендавала сябе мэтанакіраваным і працаздольным кіраўніком. Гэта прыклад высокай адказнасці і прафесійнага майстэрства, патрабавальнасці да сябе і іншых, сціпласці і самаадданасці. Ёй уласцівы сапраўдная інтэлегентнасць і душэўная шчодрасць.

Праца на пасадзе кіраўніка прынесла Вользе Рышардаўне добры практычны вопыт, дзякуючы якому яна змагла стварыць моцную сістэму, што паспяхова выконвае задачы выхавання і навучання падрастаючага пакалення.Пад яе кіраўніцтвам сфарміраваны ініцыятыўны, творчы педагагічны калектыў.”

— Так, сапраўды, у нас працуюць старанныя, адказныя, нераўнадушныя педагогі і работнікі, якія шчыра любяць дзяцей, — пацвярджае радкі афіцыйнага дакумента наша суразмоўца. – Мы добра разумеем, што сёння, як ніколі, лёс кожнага дзіцяці залежыць ад мудрасці, дабрыні, цярпення дарослых і нават, больш таго, – ад майстэрства і душэўнай шчодрасці яго першых выхавальнікаў. Высокія патрабаванні прад’яўляе да нас, як да першай ступені адукацыі, і дзяржава. Сваё бачанне  на работу дашкольнай установы і ў бацькоў. Так што працуем сумленна, поўнасцю аддаючы сябе любімай справе.

Вольга Рышардаўна прызнаецца, што праца займае амаль увесь час, а калі выпадае  свабодная хвіліна, яна прысвячае яе сям’і і кветкам – у двары іх дома шмат ружаў, з любоўю вырашчаных і дагледжаных гаспадыняй. — Яшчэ люблю гатаваць, пачытаць добрую кнігу, — працягвае жанчына. – Асаблівая ўвага – сынам. Адзін з іх ужо выпускнік: пара думаць аб далейшай жыццёвай дарозе і прафесійным выбары. Другі – сямікласнік, а гэта складаны падлеткавы ўзрост, які патрабуе ад бацькоў цярпення і развагі…

Працягваем нашу размову з Вольгай Рышардаўнай ужо на лесвіцы, куды яна мяне праводзіць. Нават тут нічога не застаецца незаўважаным,  не выпадае з-пад пільнай увагі загадчыцы. І ў чарговы раз разумею, што яслі-сад №2 г. Масты давераны надзейным рукам мудрай і знаючай сваю справу В.Р. Снецька.Н.ШЭЎЧЫК

Фота С. ЗВЯРОВІЧАі С. БУЙКО



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: