Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
Актуально500-годдзе беларускага кнігадрукавання500-годдзе беларускага кнігадрукавання

Францыск Скарына -- беларус і чалавек свету

Францыск Скарына --   беларус і чалавек свету18 февраля 2017 — 15:00

Пяць стагоддзяў таму, у 1517 годзе, у друкарні Прагі Францыск Скарына выдаў “Псалтыр” – першую друкаваную беларускую кнігу. Менавіта гэтая падзея, у гонар якой сёлета ў нашай краіне і за яе межамі запланавана вялікая праграма мерапрыемстваў, прызвана аб’яднаць асветнікаў усяго свету для дасягнення агульных мэт.

 

Духоўная апора

Вобраз Францыска Скарыны з’яўляецца ключавым для айчыннай культуры, аднак яго ўклад у кнігадрукаванне могуць ацаніць не толькі беларусы. Вобраз усходнеславянскага перша-друкара стваральны, ён аб’ядноўвае людзей вакол агульнага ідэалу. Кожны бачыць у Скарыне штосьці сваё: вялікага філосафа-гуманіста, пісьменніка, багаслова, грамадскага дзеяча, вучонага-медыка, першадрукара ці перакладчыка, аднак адно застаецца нязменным – вобраз Скарыны для народаў, незалежна ад гістарычных падзей.


Як адзначыла міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Станіславаўна Ананіч, “уклад першадрукара з Полацка ў развіццё кнігадрукавання – не толькі набытак нашай краіны, але і ўсяго свету. У гэтым годзе мы будзем шмат працаваць, каб яшчэ раз падкрэсліць ролю і значэнне такіх вялікіх, планетарнага маштабу асоб, якія, безумоўна, ёсць у кожнай краіне. Гэта наша духоўная апора, тыя карані і вытокі, якія сілкуюць дзяржаўнасць. Сёння мы гаворым, што Францыск Скарына – гэта чалавек свету. Мы працягваем нітачку з 500-гадовай гісторыі на многія гады наперад, развіваючы нацыянальнае кнігавыданне, развіваючы гуманітарныя кантакты”.

“Я, Францішак, Скарынін
сын з Полацка...”

Францыск Скарына нарадзіўся ў канцы XV стагоддзя ў Полацку, у сям’і купца Лукі. Першапачатковую адукацыю атрымаў тут жа. Лацінскую мову вучыў у школе манахаў-бернардзінцаў, якая працавала пры манастыры.


Прыкладна ў 1504 годзе ён становіцца студэнтам Кракаўскага ўніверсітэта, аднак дакладная дата паступлення ва ўніверсітэт невядома. У 1506 годзе Скарына заканчвае факультэт вольных мастацтваў са ступенню бакалаўра, пазней атрымлівае званне ліцэнцыята медыцыны і ступень доктара вольных мастацтваў.


Пасля гэтага яшчэ пяць гадоў Скарына вучыўся ў Кракаве на факультэце медыцыны, а ступень доктара медыцыны абараніў ў 1512 годзе, паспяхова здаўшы экзамены ў Падуанскім універсітэце Італіі, дзе было дастаткова спецыя-лістаў, каб гэтую абарону падцвердзіць.


У 1517 годзе Францыск Скарына засноўвае ў Празе друкарню і выдае “Псалтыр” – першую друкаваную беларускую кнігу. Усяго на працягу 1517-1519 гадоў ён перакладае і выдае 23 кнігі Бібліі. Мецэнатамі Скарыны былі Багдан Онькаў, вілейскі бурмістр Якуб Бабіч, а таксама князь, ваявода трокскі і вялікі гетман літоўскі Канстанцін Астрожскі.


У 1520 годзе ён пераязджае ў Вільню – сталіцу Вялікага княства Літоўскага, дзе засноўвае першую на тэрыторыі дзяржавы друкарню. У ёй Скарына ў 1522 годзе выдае “Малую падарожную кнігу”, а ў 1525 годзе – “Апостал”.


“... І людзям паспалітым
да добрага навучання”

Мову перакладаў Скарыны даследчыкі адносяць да беларускай рэдакцыі царкоўнаславянскай мовы. Ён імкнуўся зрабіць выданні даступнымі для чытання “усялякага чалавека простага і паспалітага”, не звязанага з царкоўнай іерархіяй, таму мова пераклада набліжана да народнай, а выданні дапоўнены прадмовамі, кароткім зместам раздзелаў, зноскамі на палях і гравюрамі.


Да кожнай кнігі Скарына дадаваў уласныя прадмовы з разнастайнымі звесткамі па гісторыі, геаграфіі, культуры і кароткі пераклад зместу. На палях давалася тлумачэнне незразумелых слоў. Упершыню ў кнікадрукаванні Скарына ўвёў тытульны ліст, прамежкі паміж словамі і водступы-абзацы, а таксама адмовіўся ад скарачэння слоў.


Памеры выданняў Скарыны сведчаць аб тым, што яго Біблія прызначалася для штодзённага чытання, а не для літургічных мэтаў. Так, калі напрастольныя Евангелія ў той час друкаваліся “у ліст”, дык кнігі Скарыны – “у чацвёрку”, а то і “у васьмёрку” – гэта значыць, у 4 ці 8 разоў меньш, што рабіла іх зручнымі ў выкарыстанні.


Біблія Францыска Скарыны, безумоўна, аказала сур’ёзнае ўздзеянне на развіццё беларускай мовы. Напісаная не царкоўнай і не акадэмічнай мовай, Біблія зрабіла культуру больш даступнай для шырокіх слаёў насельніцтва, спрыяла мэтам асветніцтва.

У гонар першадрукара

У нашай краіне Францыск Скарына з’яўляецца адным з найвялікшых гістарычных дзеячаў. У яго гонар названы вышэйшыя дзяржаўныя ўзнагароды: медаль Францыска Скарыны і ордэн Францыска Скарыны. Імя беларускага першадрукара носіць універсітэт у Гомелі, цэнтральная бібліятэка, педагагіч-нае вучылішча і гімназія ў Полацку, а таксама гімназія ў Мінску. Цэнтральны праспект і вуліца ў Полацку, былы Старабарысаўскі тракт у Мінску, а таксама вуліцы ў Баравічах, Брэсце, Пінску, Бярозе, гарадскім пасёлку Воранава і аграгарадку Калодзішчы носяць імя Францыска Скарыны. Помнікі перша-друкару ўстаноўлены ў Полацку, Мінску, Лідзе, а таксама ў Калінінградзе, Вільнюсе і Празе.


“Я, Францыск Скарына...”—так называецца кінафільм, прысвечаны Скарыне, ролю якога сыграў Алег Янкоўскі. Іменем Скарыны названа малая планета №3283, адкрытая савецкім астраномам Мікалаем Чарных. У СССР у 1990 годзе, да 500-годдзя з дня нараджэння Скарыны, была выпушчана юбілейная манета вартасцю 1 рубель з яго партрэтам.

Н.ШЭЎЧЫК



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: