Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНовости МостовщиныНаш крайНовости МостовщиныНовости Мостовщины

«Ён вёску пакінуў, пайшоў ваяваць…”

«Ён вёску пакінуў,  пайшоў ваяваць…”31 января 2017 — 13:47

 

 

Мастоўскія камунальнікі рэканструявалі помнік загінуўшым землякам па вуліцы Занёманская горада Масты.

 

Больш за тры стагоддзі назад ва ўтульным месцы на правым беразе ракі Нёман размясцілася вёска Занёманск.

 

Вёска ад пачатку насіла такую назву. Занёманск таму, што цэнтрам грамадскага і гаспадарчага жыцця ў мінулыя стагоддзі былі Зяльвяне – пасёлак на левым беразе ракі, амаль што насупраць Занёманска. Там быў цэнтр, а вёска, што знаходзілася за ракой, і атрымала такую назву.

 

У Зяльвянах размяшчаліся маёнткі двух памешчыкаў, шматлікія яўрэйскія лаўкі, школа, сякія-такія прадпрыемствы, як напрыклад, крухмальны завод ( на месцы яго зараз завулак Крухмальны), а галоўнае – там быў рынак. Паміж Зяльвянамі і Занёманскам хадзіў паром, але людзі ў асноўным дабіраліся да месца па сваіх патрэбах на лодках. У абодвух паселішчах на рацэ Нёман у тыя часы яе мела амаль кожная сям”я. У Занёманску была яшчэ і прыстань.

 

Перад вайной з”явіўся мост, які звязаў два берагі ракі. А галоўнае – непадалёку ад Занёманска з”явіліся два прадпрыемствы, дзякуючы якім цэнтр гаспадарчага і грамадскага жыцця перамесціцца  з часам з левага берага ракі на правы. Тут узнікне фабрычны пасёлак,  а затым з”явіцца  і горад Масты. Гэта лесапілка купца Камінара, якая пачала дзейнічаць з 1925 года, і фанерны завод братоў Канапацкіх, што выпусціў першую прадукцыю у 1927 годзе.

 

Здавалася б, вёсцы Занёманск у такіх умовах можна было б жыць і развівацца. Але войны, пажары ды іншыя нягоды не давалі такой магчымасці. У 1915 годзе, калі фронт Першай  сусветнай вайны прасоўваўся на усход, царскія улады выдалі загад праваслаўнаму насельніцтву выяздзжаць у бежанства ў раёны Сібіры. Людзі з нашай тэрыторыі павінны былі ехаць  у Вяцкую губерню. Хто жыў у вёсках  далей ад чыгункі – часта знаходзілі магчымасць застацца ў сваёй мясцовасці, а  Занёманск быў побач са станцыяй. Хто доўга думаў і не рашаўся на далёкі выезд, таму “дапамагалі” казакі. Мне старажылы расказвалі, што ў Занёманску амаль нікога не засталося, так, дзве-тры сям”і.

 

У 20-я гады з бежанства з Расіі пачалі вяртацца занёманцы, але тут ужо была іншая дзяржава – Польшча. Па гэтай ці іншай прычыне  многія так і не вярнуліся ў родныя мясціны. Вось і былы жахар вёскі Даніла Іванавіч Валковіч застаўся ў Савецкай Беларусі, стаў Старшынёй Савета Міністраў краіны. Яго імя прысвоена суседняй вуліцы.

 

У 1941 годзе зноў пачалася вайна. І зноў вёска пацярпела. У адным канцы яе быў пабудаваны яшчэ у царскія часы чыгуначны мост праз раку Нёман, у другім – аўтамабільны, за якія ішлі жорсткія баі.

 

У 1944 годзе хлопцаў і мужчын Занёманска прызваў у армію Мастоўскі палявы ваенны камісарыят. Хлопцаў 1926 года нараджэння накіравалі асвойваць ваенныя спецыяльнасці у глыб краіны, усіх, хто старэй, -- на фронт. У ваеннай віхуры пад Кёнігсбергам ды Берлінам загінулі многія.

 

У 1968 годзе ў памяць пра загінуўшыых землякоў быў устаноўлены помнік. Спачатку на пастаменце стаяў бронзавы салдат, пазней усталявалі стэлу у форме салдацкага штыка. Мясцовыя жыхары вельмі шануюць гэты помнік. Здаецца, ён нясе памяць не толькі аб загінуўшых земляках у гады апошняй вайны, але і аб усіх памерлых ды пацярпелых за ўсю гісторыю вёскі.

 

У пасляваенны час вёска Занёманск стала вуліцай Занёманскай нашага горада.

 

Яе жыхарам прыемна, што мясцовая улада знайшла сродкі, а мастоўскія камунальнікі рэканструявалі помнік. З надыходам цяпла замацуюць на ім мемарыяльныя пліты з прозвішчамі загінуўшых землякоў.

 

Добрае слова хочацца сказаць пра вучняў ды настаўнікаў гімназіі № 1, якія пастаянна наводзяць парадак у скверы ля помніка, высаджаваюць тут дрэўцы і кветкі, даглядаюць іх. Вучні ж школы – таксама жыхары вуліцы Занёманскай ды суседніх з ёю. Гэтым самым яны ўшаноўваюць памяць сваіх землякоў.

 

Многа чаго нагадаў факт рэканструкцыі аднаго з помнікаў у цэнтры нашага горада.

С.ЗВЯРОВІЧ

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио