Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумЖизнь

Дзякуй, настаўнік!

Дзякуй, настаўнік!06 октября 2014 — 10:00

 У кожнага чалавека рана ці позна ў жыцці наступае момант, калі ён пачынае ацэньваць пройдзены шлях, поспехі і няўдачы, здзейсненае, і тое, што засталося толькі ў марах. Для мяне гэты момант наступіў у пяцьдзесят гадоў. Я амаль фізічна адчула гэта, як нейкі штуршок, сігнал у арганізме.Аглядаючыся на пражытае і перажытае, вылучала тое, што радавала, давала сілы жыць далей. Але як бы само выплывала і негатыўнае, аб чым не хацелася б успамінаць, ад чаго да гэтага часу непрыемна на душы.

І гэта непрыемнае часцей за ўсё звязана з маёй працай. Самае цікавае, што гэта ніяк не звязана з вучнямі ці іх учынкамі. Вучні ўсе розныя, кожны пакінуў пасля сябе нейкі ўспамін. На той час успамін мог быць не самы прыемны, але з цягам часу гэта забывалася як не вартае ўвагі непаразуменне. Цікава сустракаць былых вучняў цяпер, дарослых, якія сталі самадастатковымі асобамі, і ўжо іх дзеці прыходзяць да нас у школу.

Успамінаюцца  непрыемныя моманты, звязаныя з паводзінамі калег-настаўнікаў:непрыняцце або зайздрасць да чужога поспеху, бестактоўнасць у адносінах,адно-сіны да дзяцей як да ніжэйшых істот. Адкуль гэта ўзялося ў настаўніцкім асяроддзі? Час такі наступіў, грамадства  такое? Але ва ўсе часы былі подласць, зайздрасць, зазнайства, а настаўнік заставаўся Настаўнікам, які вылучаўся сярод  іншых не толькі інтэлектам, начытанасцю, але і пачуццём меры, жаданнем дапамагчы (прычым, бескарысліва) любому, каму гэта патрэбна. Таму такі высокі быў аўтарытэт настаўніка, асабліва на вёсцы. Вядома, былі выпадковыя людзі сярод настаўнікаў, але гэта былі адзінкі.

Я, як кажуць, інтэлігент у першым пакаленні. Мае ўсе родныя працавалі ў калгасе, таму для мяне настаўнік быў вышэйшай асобай, як чалавек з іншай планеты. Памятаю  ў дзяцінстве, калі мяне ўпершыню ўзялі капаць бульбу, я была вельмі здзіўлена, убачыўшы на палетку настаўнікаў, якія таксама выбіралі бульбу: як гэта настаўнікі, як звычайныя людзі, капаюць бульбу? На той час мне здавалася, што яны, наогул, не ядуць, не спяць, а толькі кнігі чытаюць. І ўжо ў малодшых класах мне таксама захацелася стаць настаўнікам. Я памятаю свае дзіцячыя гульні ў “настаўніка”, калі я пісала работы  “сваіх вучняў” і наўмысна рабіла многа-многа памылак. З якім натхненнем і задавальненнем я потым вы-праўляла гэтыя памылкі чырвоным алоўкам!             

У малодшых класах на перапынку мы часта не давалі адпачыць настаўніку, бо ўзнікалі пытанні, на якія трэба было тэрмінова атрымаць адказ. І настаўнік адказваў, пераконваў, а самае прыемнае было (помню, як зараз), калі хваліў і пры гэтым гладзіў па галаве.   Я цяпер разумею, як цяжка было вытрымаць настаўніку (а гэта былі пераважна жанчыны) працу без адпачынку, улічваючы, што яны маглі вучыць адначасова два класы. Сказаць дзякуй ім, на жаль, нельга, бо іх ужо няма на гэтым свеце. Позна мы разумеем, што ўсё трэба рабіць у свой час, асабліва выказваць па-дзяку. І ўсё ж такі дзякуй вам, настаўнікі Ланцавіцкай васьмігадовай школы  Мастоўскага раёна, якой ужо няма, але яна засталася ў нашых успамінах.

Сярэднюю адукацыю я атрымлівала ў Мілявіцкай сярэдняй школе. Школа была новая (мы былі пятым выпускам), з пераважна маладым настаўніцкім складам. Настаўнікамі былі людзі на сваім месцы. Яны былі, як старэйшыя сябры, з якімі можна было гаварыць на любую тэму, папрасіць і атрымаць добрую параду. Многіх, старэйшых з іх, таксама ўжо няма, але ў маіх успамінах назаўсёды захаваліся светлыя вобразы настаўніка фізікі  М. М. Дравіцы, тагачаснага дырэктара школы  В. К.  Бубена. Я кажу дзякуй тым настаўнікам Мілявіцкай школы, якія на пенсіі або яшчэ працуюць ( дай ім Бог здароўя!) , дзякуй за тое, што вы былі ў маім жыцці. Асаблівая падзяка сям’і Яўсейчык, сям’і Галавач, класнаму кіраўніку  М. С. Кімашэўскай.

Аналізуючы мінулае, я  зразумела , што зрабіла правільны выбар у сваім жыцці. Страшна ўявіць, што я магла памыліцца і трэцюю частку жыцця (менавіта столькі мы аддаем працы, а настаўнік нашмат больш) патраціць дарэмна – гэта ўжо занадта! Мне падабаецца быць з дзецьмі, адказваць на іх пытанні ( каб толькі задавалі), весці дыскусію, пераконваць, самой вучыцца. Самае галоўнае ў зносінах з дзецьмі – бачыць асобу, адзіную і непаўторную, ні на каго не падобную.

На выпускных балях я заўсёды з цяжкасцю стрымліваю слёзы, гле-дзячы на такіх ужо дарослых сваіх вучняў. Спадзяюся, што часцінка маёй працы, душы засталася ў іх, і калі-небудзь дапаможа ім у цяжкую хвіліну. І адыходзяць на задні план усе непрыемныя моманты, а застаецца толькі адно: “Сустракай, вучы і зноўку развітвайся…”.Яшчэ адно мяне непакоіць: ці ўсё я зрабіла магчымае, ці правільна я будавала зносіны з вучнямі, каб хоць адзін вучань у будучым мог сказаць: “Дзякуй, настаўнік!”.  Хай сабе і позна…

А. КАЖЭЦКАЯ, настаўніца ДУА“Гудзевіцкая  гімназія”



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: