Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМостовский крайНаш край

Дзе аднаму не справіцца, там род падтрымае

Дзе аднаму не справіцца, там род падтрымае16 ноября 2015 — 10:00

 Сям’я Сарока з аграгарадка Пацавічы склала радавод сваёй сям’і да сёмага калена. Займаючыся даследаваннем гісторыі роду, ім удалося высветліць, што іх продкамі былі беларусы, палякі, літоўцы і нават немцы, а колькасць сваякоў налічвае звыш пяцісот чалавек. Пра самых старэйшых продкаў пацвярджэнні знойдзены ў “Кліравай кнізе Спавядальных Роспісаў Свята­Мікалаеўскай царквы за 1864­-1868 гады”.Хто мы, адкуль? Хто былі нашы продкі, чым займаліся? Дзе бярэ корні наш род? Напэўна, кожны з нас хоць раз у жыцці задаваў сабе гэтыя пытанні. Праўда, найчасцей, гэтым  усё і заканчвалася. А вось для сям’і Сарока з Пацавіч дадзеныя пытанні сталі кропкай адліку ў іх карпатлівым даследаванні, якое яны распачалі яшчэ ў 2009 годзе.

­­ - Спачатку дачка Анастасія, а затым і сын Дзмітрый былі ўдзельнікамі рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі, і тым ганаруся”. Менавіта ўдзел у ёй і стаў штуршком да збору матэрыялаў і напісання даследчай работы “Сям’я – мост паміж мінулым і будучым”, ­­ расказвае Наталія Іванаўна Сарока. Дарэчы, гэта яна, з’яўляючыся настаўнікам гісторыі Пацавіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы, стала навуковым супрацоўнікам і ідэйным натхняльнікам дачкі і сына. Кансультантамі па фотаздымках і камп’ютарнай апрацоўцы былі Святлана Віктараўна Заблоцкая і Наталля Міхайлаўна Патапава.

З цікавасцю знаёмлюся з архіўнымі дакументамі і ўспамінамі, генеалагічным дрэвам і картай рассялення роду, традыцыямі і легендамі сям’і Сарока. Разумею, што за ўсім гэтым – складаная і не менш цікавая работа, і не аднаго тыдня, а некалькіх месяцаў і нават гадоў.

Быццам у калейдаскопе, змяняюцца твары, імёны і прозвішчы. Аказваецца, многія прадстаўнікі даследаванага роду мелі талент да земляробства і выбіралі сабе прафесіі агароднікаў, паляводаў і аграномаў. Аўтары работ звярнулі ўвагу, што самымі распаўсюджанымі прозвішчамі іх роду з’яўляюцца Баравік і Сарока. Часцей за ўсё сярод жаночых імён сустракаецца імя Алена, сярод мужчынскіх – Аляксандр. Былі і рэдкія, напрыклад, Самуіл, Феафанія, Апалінарый, Феафіл.

- ­­ Феафіл Баравік – гэта бацька майго прадзядулі, ­­ - уступае ў гутарку Анастасія Сарока. – У яго цікавае не толькі імя, але і лёс. Мы даведаліся, што Феафіл вучыўся на “агародніка” у панскім доме ў Правых Мастах. Накапіўшы грошай, ён купіў у пана Красніцкага 12 гектараў зямлі ля Самуйлавіч. У самой жа вёсцы разам з братам пабудаваў дом на два канцы. Жаніўся на Юліі Красько з Міжава і ў іх сям’і нарадзілася шасцёра дзяцей. Двойчы Феафіл ездзіў на заробкі ў Амерыку. Каля іх дома ў Самуйлавічах калісьці рос вялікі і дагледжаны сад.

Любоў да роднай зямлі, да працы на ёй пераняў і прадзед нашай суразмоўцы Рыгор Феафілавіч Баравік. Ён закончыў польскую школу і па тым часе быў даволі адукаваным чалавекам. А яшчэ Рыгор Феафілавіч у складзе мінамётнай брыгады I Беларускага фронту прайшоў франтавымі дарогамі Вялікай Айчыннай вайны да самога Берліна.

­­ Мы памятаем прадзядуліны расказы аб вайне: аб тым, як ён ледзь не загінуў ад куль нямецкага снайпера; аб тым, як карміў генерала салдацкім супам з чарпака, жартаўліва называючы яго “генеральскай лыжкай”. Пасля вайны ён працаваў звеннявым па вырошчванні ільну, ­­ працягвае свой расказ Анастасія.

З не меншай любоўю і павагай у гэтай сям’і ўспамінаюць і дзядулю Івана Сцяпанавіча Леўчыка, які меў ступень вучонага агранома і быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Дарэчы, гэта яго бацька – Сцяпан Тэафільевіч Леўчык – улан польскай арміі і садоўнік пана Бішпінга, пачаў пасадку “тарасінскага” сада, што яшчэ да нядаўняга часу рос  у ваколіцах Струбніцы.

 ­­ - Дзядуля Ясь, як мы яго называлі, запомніўся нам добрым, клапатлівым і вясёлым чалавекам. Ён вельмі любіў і ведаў шмат вершаў і баек Якуба Коласа, умеў іх па­майстэрску расказваць і нават перафразіраваць на ўласны лад. Дзядуля застаецца для нас прыкладам ва ўсім, ­­ - дадае дзяўчына.

Знаёмімся з наступнай галінай прапанаванага генеалагічнага дрэва – радаслоўнай таты нашай суразмоўцы Аляксандра Сарокі, які нарадзіўся ў сям’і Чаславы Себасцяновіч і Мечыслава Сарокі.­­ -У кнізе “Памяць. Мастоўскі раён” маюцца звесткі, што ў 1856 годзе панам Антонам Стырпейка ў вёску Пацавічы Ваўкавыскага ўезда Гродзенскай губерніі было прывезена восем сем’яў жамойтаў з­пад Коўна. Сярод іх быў і дзядуля Антона Скірко – нашага продка ў чацвёртым пакаленні, які з’яўляецца прабацькам Чаславы Себасцяновіч, нашай бабулі, ­­ - знаёміць нас са сваімі продкамі Анастасія. – Сямейнае паданне гаворыць, што ён прынёс крыж з­пад Вільні, які ўстанавіў на магіле сваёй маці, каля Троіцкага касцёла ў вёсцы Струбніца.

­­ Вельмі зацікавіў нас і той факт, што прабабуляй нашага таты была Францішка Карлаўна Гаупт, немка па паходжанні, ­­ адзначае наша субяседніца. – Яна працавала ў пана гувернанткай і выйшла замуж за мясцовага майстра-­чырвонадрэўшчыка.

Безумоўна, мы не можам расказаць пра ўсіх продкаў з вялікага роду Сарока, але адчуваецца, што, разам з любоўю да зямлі і роднага краю, працавітасцю і акуратнасцю, у гэтай сям’і з пакалення ў пакаленне  перадаюцца хрысціянскія запаведзі, майстэрства рукадзелля і прыхільнасць да добрай, шчырай песні.

Хочацца адзначыць, што грунтоўнасць праведзенага даследавання і складзенага сямейнага летапісу падмацавана шматлікімі дыпломамі і граматамі. Так, у 2009 годзе Анастасія Сарока  была адзначана за  першае месца ў абласным конкурсе радаводаў “Мой род, мая сям’я” у рамках рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі, і тым ганаруся”. Наступны, 2010 год, прынёс Анастасіі і яе брату Дзмітрыю ўзнагароды за ўдзел у абласной краязнаўчай канферэнцыі і конкурсе сацыяльных праектаў “Мая сям’я – мой гонар”, што праводзіўся ў нацыянальным дзіцячым цэнтры “Зубраня”.

Аднак, безумоўна, самым каштоўным вынікам гэтай карпатлівай работы з’яўляецца ўдзячная памяць нашчадкаў. І зараз галоўная задача – не згубіць тое, што ўдалося сабраць і пра што даведацца. Кропка ў летапісе пакуль не пастаўлена...

Н.ШЭЎЧЫК

Фота з архіва сям’і Сарока



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: