Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНовости МостовщиныНаш край

Дом з гісторыяй

Дом з гісторыяй06 апреля 2015 — 10:00

 Першымі вясновымі днямі ў  Лунненскую сярэднюю школу імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета прыйшла прыемная навіна. Адзінаццацікласніца Алена Сільвановіч стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў па вучэбнаму прадмету “Гісторыя”  і была ўзнагароджана дыпломам I ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Віншаванні прымала і настаўнік гісторыі, кіраўнік і адначасова маці дзяўчыны Ірына Мікалаеўна Сільвановіч.

Поспех –  узнагарода  працавітыхДарэчы, бацькі Алены – Ірына Мікалаеўна і Станіслаў Алёйзавіч – былі першымі, хто даведаўся пра паспяховы ўдзел дачкі ў рэспубліканскай канферэнцыі. Пазней да віншаванняў далучыліся родныя і сябры. А на агульнашкольнай лінейцы радасць перамогі з дзяўчынай раздзялілі яе аднакласнікі, настаўнікі і ўсе вучні школы.

­­ Перад выступленнем вельмі моцна хвалявалася, ­­ дзеліцца ўражаннямі Алена. – Аднак сваю даследчую работу “Дом, у якім я жыву”, матэрыялы якой мы збіралі па крупінках і пісалі некалькі гадоў, я ведала дасканала. Таму нават пытанні, што задавалі члены камісіі, не змаглі парушыць маёй упэўненасці.

Прыдаўся нашай субяседніцы і яе вопыт удзелу ў абласным конкурсе даследчых работ па вучэбных прадметах “Хрустальная Альфа”. З яго Алена таксама вярнулася пераможцай.

Рада за дачку і Ірына Мікалаеўна. Безумоўна, ні сама работа, ні такі ўпэўнены поспех былі б немагчымы без яе дапамогі і падтрымкі. Як і без шматгадовых напрацовак, мудрых настаўленняў і парад бацькі Станіслава Алёйзавіча, выкладчыка Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдата гістарычных навук. Тое, што у рабоце была выкарыстана вялікая колькасць архіўных дакументаў,  ­­ гэта яго заслуга.

Акрамя таго, цікавыя ўспаміны і каштоўныя матэрыялы былі прадстаўлены былым жыхаром Лунна, грамадзянінам Ізраіля Эліазэрам Эйзэншмідтам і старажыламі вёскі.­­ -- Пры даследаванні архітэктурных асаблівасцей дома вялікую дапамогу нам аказалі работы А.Лакоткі, А. Сакаловай, І.Соркінай, а таксама кансультацыі спецыялістаў у вобласці будаўніцтва і архітэктуры, ­­ -- расказвае Ірына Мікалаеўна. – Значную дапамогу ў напісанні работы аказала Рут Маркус (Ізраіль), гісторык­аматар, якая даследуе гісторыю Лунна. Работа не была б поўнай без выкарыстання архіўных матэрыялаў музея школы.

А вось ідэя работы – даследаваць гісторыю свайго дома – належыць усё ж такі Алене.

­­ -- Яшчэ ў пачатковых класах, малюючы ўласны дом на ўрок малявання па заданні настаўніцы Алены Віктараўны Бандарэнкі, я звярнула ўвагу, што ён зусім не такі, як у маіх аднакласнікаў, ­­ -- адзначае дзяўчына.Як аказалася, ён і сапраўды не такі.

 Гміна,  валасны  камітэт,  камендатура...Гэта зараз цагляны дом №28 размяшчаецца на вуліцы Камсамольскай аграгарадка Лунна. У даваенны час гэта была вуліца Падольная, а цяперашні жылы будынак прызначаўся для размяшчэння мясцовай адміністрацыі мястэчка – гміннай управы. На падставе архіўных дакументаў, сведчанняў мясцовых жыхароў і фотаздымкаў удалося ўстанавіць дату пабудовы – 1928 год. З успамінаў С.І. Швед:

” Гмінная ўправа была пабудавана ў даліне ракі Лунянка, але ў параўнанні з суседнімі дамамі знаходзілася на невялікім узвышшы... Ва ўправе парадны ўваход быў з вуліцы. Каб трапіць у будынак, патрэбна было прайсці праз драўляны ганак, які быў аздоблены разьбой. Да ганка вялі каменныя сходы. Другі ўваход, ужо не так прыгожа аздоблены, быў з боку двара...”

У склад Лунненскай гміны ўваходзіла 40 месцаў. Гміна займалася вырашэннем  спраў у галіне пачатковай адукацыі, сацыяльнай апекі, аховы здароўя, будаўніцтва і рамонту дарог. У памяці жыхароў Лунна захаваліся два     войты даваеннага часу – Казімір Шчырскі і Ежы Швед.

З 19 верасня 1939 года ў доме размяшчаюцца новыя органы ўлады – часовы валасны сялянскі камітэт на чале з В.С.Мікулай і сакратаром А.Е. Барысевічам. Над будынкам былой гміннай управы быў падняты чырвоны сцяг. З прыходам савецкіх войскаў у Лунна быў створаны валасны камітэт на чале з Я.Г. Глодам.

У чэрвені 1941 года ў доме з’явіліся новыя гаспадары – немцы, якія заснавалі тут камендатуру. Камендантамі былі Ліпольд і Цюпка. Войтам пры немцах становіцца Казімеж Тарасовіч, сын былога лунненскага памешчыка. Пазней камендатура была перанесена ў цэнтр вёскі, а ў доме на пастой размясціліся нямецкія рабочыя, якія займаліся разборкай пакінутых Чырвонай Арміяй танкаў і самалётаў.

­­ Пасля вызвалення Лунна ад нямецка­фашысцкіх захопнікаў у нашым доме была адкрыта школа, ­­  расказвае Алена Сільвановіч. – У будынку размяшчалася адміністрацыя і старэйшыя класы. Першым дырэктарам школы ў пасляваенныя гады быў былы партызан М.М. Савянкоў. На прыступках нашага дома атрымалі атэстаты сталасці шэсць пасляваенных выпускаў.

Пілястры,  тычкі  і сухарыкіДаследавалі аўтары работы і архітэктурныя асаблівасці свайго дома. Як стала вядома, дом пабудаваны ў цагляным стылі – адным з накірункаў архітэктуры XIX – пачатку XX стагоддзя. Для яго характэрна замена ляпных упрыгожванняў і тынкоўкі дэкорам з неатынкаванай цэглы. Цагляны стыль прынята лічыць адным з накірункаў эклектыкі.­­

--  Сцены ў нашым доме маюць таўшчыню 510 мм. Майстры выкарысталі англійскі тып перавязкі швоў, які ўяўляе сабой чаргаванне тычковых і лажковых радоў, ­­ бы майстар са шматгадовым вопытам  -- тлумачыць нам Ірына Мікалаеўна не зусім зразумелыя назвы і значэнні некаторых спецыяльных слоў. – Вокны з лучковымі перамычкамі маюць цагляныя ліштвы. Дах з’яўляецца двухсхільным і першапачаткова быў пакрыты чарапіцай. Карніз і франтон дома аздоблены сухарыкамі – цаглінамі, умацаванымі такім чынам, што і сапраўды нагадваюць сухарыкі. Дэкаратыўным элементам з’яўляюцца пілястры.

Дарэчы, цэгла для будаўніцтва дома паступала з цагляных заводаў Лунна, уладальнікамі якіх былі А.Шчырскі, А.Шота, С. Кадзевіч, З.Шнэер. Дамы ў Лунна будавалі як мясцовыя майстры, так і ўмельцы з навакольных вёсак. Выдатнымі мулярамі былі Р.Яліковіч, І.Канстанцінаў, В Сямашка, К. Шота. Патрэбу ў будаўнічых матэрыялах жыхароў мястэчка забяспечваў А. Казлоўскі, а неабходны для будаўніцтва лес пастаўляў Бераховіч.

Маўклівы  сведка

Напэўна, калі б сцены дома, дарэчы, абсалютна роўныя, маглі  гаварыць, яны расказалі б яшчэ вельмі многае. Напрыклад, як у 1947 годзе ў двары  дома адбылася перадача ў абласны краязнаўчы музей піянерскага сцяга, выратаванага ў гады вайны мужнай піянеркай Нінай Хомкай.

Ці, можа, паведамілі б нам аб паводцы 1958 года, якая стала стыхійным бедствам для жыхароў Лунна. А вось у сам дом, дзякуючы таму, што ён знаходзіцца на невялікім узвышшы, вада не трапіла.Упэўнена, што яны ўспомнілі б і падзеі 1983 года, калі ля дома здымаліся сцэны з кінафільма “Прыступіць да ліквідацыі”.

А, быць можа, расказалі б пра сваіх вясёлых, шумных, дапытлівых і гарэзлівых непасед – вучняў пачатковых класаў, што да 1994 года атрымлівалі тут пачатковую адукацыю, вучыліся дабрыні, шчырасці, сяброўству.У 1994 годзе, калі будынак быў перададзены пад жыллё, у дома пачалася новая гісторыя. Зараз тут жывуць тры сям’і настаўнікаў, якія вельмі беражліва ставяцца і да самога дома, і да яго такой багатай і цікавай гісторыі.

Н. ШЭЎЧЫК

Фота С. ЗВЯРОВІЧА


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио