Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныГод исторической памятиКультураБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш край

Дбайныя гаспадыні і майстрыхі жывуць ў Стральцах

Дбайныя гаспадыні і майстрыхі жывуць ў Стральцах23 ноября 2018 — 08:58

Рукадзеллю і таленту мясцовых майстрых было прысвечана чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Сустрэчы” для пажылых людзей у Стральцоўскай сельскай бібліятэцы.

Памяшканне, дзе стральцоўскія жанчыны сабраліся на сваю чарговую сустрэчу, мы знайшлі ... па паху. Водар свежаспечаных духмяных пірагоў прыемна казытаў нос і распальваў апетыт. Але не толькі шэдэўрамі хатняй выпечкі здзіўлялі мясцовыя майстрыхі. На аформленай выставе – вышываныя і маляваныя карціны, шматлікія падзелкі для ўпрыгожвання інтэр’еру, рэчы, звязаныя на спіцах і кручком, ручнікі, посцілкі, сурвэткі, навалачкі і іншыя сямейныя рэліквіі, што беражліва захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

- Не сакрэт, што займацца рукадзеллем карысна для здароўя, бо яно супакойвае чалавека. Калі жанчына вяжа ці вышывае, усе негатыўныя думкі кудысьці знікаюць. Вязанне, да прыкладу, нават называюць спіцатэрапіяй і рэкамендуюць для зняцця стрэсавых момантаў, - падкрэсліла арганізатар сустрэчы, бібліятэкар Ніна Мікалаеўна Марчык. – І, нягледзячы на тое, што ў сучасных жанчын шмат часу аднімае праца і хатнія клопаты, яны заўсёды знаходзяць хвілінку для любімых заняткаў і радуюць нас сваёй творчасцю.

Сярод іх – Вольга Андрэеўна Урбановіч, якая вышывае крыжыкам цудоўныя карціны, а гладдзю – ручнікі, якіх у яе цэлая калекцыя.

- Асеннія і зімовыя вечары доўгія, часу хапае, каб управіцца па гаспадарцы і заняцца такой карпатлівай справай, як вышыванне. Гэты занятак мяне сапраўды супакойвае. А вышываю я пераважна кветкі – яны заўсёды яркія, прыгожыя і прыносяць радасны настрой навакольным людзям, - разважае Вольга Андрэеўна, маці чацвярых дзяцей і клапатлівая бабуля. Дарэчы, свае першыя ручнікі майстрыха вышыла на Украіне, адкуль родам.

Нейкім асаблівым светам напоўнены і карціны Ніны Іосіфаўны Шніп. Развіваць свой творчы патэнцыял ў жывапісе былы галоўны эканаміст мясцовай гаспадаркі і камсамолка-актывістка пачала пасля выхаду на заслужаны адпачынак.

- Вольнага часу на пенсіі шмат, трэба ж яго чымсьці займаць, вось і пачала маляваць. Дачка падаравала масляныя фарбы, а я купіла палатно, падрамнік, прыдумала сюжэт – і справа набыла акрэсленасць. Добра ўдаюцца пейзажы, нацюрморты, а вось абстракцыя не атрымліваецца, - падзялілася думкамі суразмоўца. Сваю першую работу яна прысвяціла хутару Марцінаўцы, дзе нарадзілася і правяла дзяцінства. Акрамя малявання, Ніна Іосіфаўна захапляецца падарожжамі: наведала ўжо 15 манастыроў. Назапашвае станоўчыя ўражанні і ад экскурсій па роднаму краю. Напрыклад, нядаўна члены іх аматарскага аб’яднання пабывалі ў Гудзевіцкім музеі.

Званне майстра на ўсе рукі сярод аднавяскоўцаў набыла Марыя Ігнатаўна Лазаровіч, якая нягледзячы на сталы ўзрост можа і звязаць, і вышыць, ды не толькі крыжыкам або гладдзю, але і стужкамі. Старыя і на першы погляд непатрэбныя рэчы ў яе руках пачынаюць жыць новым жыццём. Так, пакеты з-пад малака пераўтварыліся ў палавічок, а каробка з-пад цукерак стала адмысловай шкатулкай.

- Дык вядома ж навучу, справа гэтая няхітрая, я калісьці за паўдня яе асвоіла, - пагадзілася жанчына даць майстар-клас па вышыванні стужкамі сваім сяброўкам. – У маёй дачкі вышыты дыван служыць ужо 25 гадоў, а ўсё такі ж прыгожы.

Прыцягваюць увагу і не губляюць сваёй актуальнасці таксама рэчы, што належаць умелым рукам Тамары Браніславаўны Белка. Удала развівае свой творчы патэнцыял і юная Алёна Ялымава.

Нараўне з рукадзеллем для жанчыны стаіць і захапленне кулінарным мастацтвам. Дасканала авалодала ім Марыя Іосіфаўна Ялымава, якая пячэ прыгожыя і смачныя пірагі. Пішу гэта з поўнай упэўненасцю, бо падчас чаяпіцця, якім і завяршылася сустрэча, давялося дэгуставаць яе кулінарны шэдэўр. Ну, што хочацца сказаць – дбайныя гаспадыні і майстрыхі жывуць ў Стральцах! У гэты дзень для іх прагучала  шмат добрых і шчырых слоў, і напамінкам пра сустрэчу стануць дыпломы, уручаныя за творчасць і захаванне народных традыцый.

Н.ШЭЎЧЫК

Фота аўтара 

При использовании авторских материалов гиперссылка на сайт www.mosty-zara.by обязательна. 

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио