Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСпорт и ТуризмСпорт

Дакрануліся да гісторыі роднага краю

Дакрануліся да гісторыі роднага краю28 апреля 2012 — 10:00

Своеасаблівым фестывалем экскурсаводаў быў адзначаны Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін у нашай краіне. 18 красавіка па ўсёй Беларусі прайшлі мерапрыемствы, на якіх асноўная ўвага надавалася нацыянальным помнікам гісторыі і культуры. Традыцыйна было праведзена мноства пазнавальных экскурсій. Не застаўся ўбаку і наш раён, для вучняў гарадскіх школ тут было арганізавана запамінальнае падарожжа па цікавых мясцінах, якімі багата мастоўская зямля. 

Гудзевічы – Багатырэвічы – Лунна. З гістарычнай спадчынай менавіта гэтых населеных пунктаў належала па-знаёміцца нашай групе. Сама дарога да прызначанага месца ўжо была займальнай. Вельмі шмат цікавага і адметнага пра сваю малую радзіму пачулі мы ад экскурсавода Ларысы Георгіеўны Ваўчок, нават адкрылі для сябе раней невядомыя факты.

Першым вандроўнікаў ветліва сустрэў аграгарадок Гудзевічы. Мы накіраваліся ў мясцовы літаратурна-краязнаўчы музей, які ўжо стаў знакамітым нават за межамі нашай краіны. Яго памеры і рэдкія экспанаты аказалі на нас вялікае ўражанне. У 13 выставачных залах сабраны матэрыялы па беларускай літаратуры, гісторыі, мастацтве, многія з іх прысвечаны побыту беларусаў, ёсць зала  народнай медыцыны. Мы нават сваімі вачамі ўбачылі, як ткуцца рушнікі, і  сфатаграфавалі дзіўныя дываны, самаму старому з якіх больш за 100 гадоў. Не пакінула раўнадушнымі экскурсантаў і этнаграфічная хатка, дзе яны змаглі пабачыць, як раней жылі нашы продкі, паколькі тут захаваліся рэчы  хатняга ўжытку і разнастайныя гаспадарчыя прыстасаванні.

Далей турыстычны маршрут прывёў нас у вёску Багатырэвічы да помніка Яну і Цэцыліі. Гісторыя закаханых вядома многім, менавіта яна лягла ў аснову знакамітага рамана Э. Ажэшкі  “Над Нёманам”. На гэтым невялічкім кавалачку мастоўскай зямлі жывуць легенды. Сюды прыходзяць памаліцца мясцовыя жыхары і часта наведваюцца турысты. Тут таксама знаходзіцца і геалагічны аб’ект – помнік прыроды рэспубліканскага значэння, агаленне “Роў Яна і Цэцыліі”. Менавіта ў ім даследчыкамі быў знойдзены тарфянік, які ўтварыўся 100 тысяч гадоў назад. У Лунна нашай мэтай было наведванне касцёла Святой Ганны, пра які нам расказаў ксёндз Люцыян Апалонавіч Радомскі, а таксама  мы з задавальненнем пабывалі ў музеі пры мясцовай школе, які з’яўляецца гонарам установы адукацыі. 

  Экскурсія была арганізавана аддзелам па справах моладзі райвыканкама, райкамам ГА “БРСМ”, інспекцыяй па справах непаўналетніх пры садзеянні  работнікаў раённага музея «Лес і чалавек». Як адзначыў першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Дзмітрый Валянцінавіч Невяртовіч, падобныя мерапрыемствы працягнуць добрую традыцыю і ў далейшым.

Тэкст і фота А. КАНДРАТОВІЧ

На здымках: экскурсія ў Гудзевіцкім краязнаўчым музеі, касцёл Святой Ганны ў Лунна.



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: