Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМестное управление и самоуправлениеГод исторической памятиКультураБлоги наших журналистовНаталья Шевчик

Да новых сустрэч, Масты! Завяршыўся скульптурны пленэр “Шлях традыцый”

Да новых сустрэч, Масты! Завяршыўся скульптурны пленэр “Шлях традыцый”29 мая 2022 — 17:54

Вось і завяршыўся трохдзённы творча-працоўны марафон рэзчыкаў па дрэве, удзельнікаў скульптурнага пленэра, што праходзіў у нашым горадзе падчас фестывалю рамёстваў. А апошні, у сваю чаргу, быў арганізаваны ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Старыя традыцыі вечна маладыя – польска-беларускае супрацоўніцтва па захаванні культурнай спадчыны горада Масты і муніцыпалітэта Чарна Беластоцкай”.

На працягу трох дзён мастаўчане пільна сачылі за тым, як нараджаюцца драўляныя шэдэўры. Праца гэтая не з лёгкіх. Убачыць у кавалку дрэва нейкі вобраз, намаляваць яго ў сваім уяўленні і напоўніць яго розумам і душой, а пасля ўвасобіць у рэальнасць – на гэта патрэбны не толькі час і фантазія, але і вопыт, прафесіяналізм і абавязкова талент.

Чатырнаццаць майстроў з усёй Беларусі стваралі драўляныя скульптуры па матывах беларускіх народных казак і міфаў. Словы падзякі ім за ўдзел у пленэры, творчасць і цудоўныя работы прагучалі ад намесніка старшыні райвыканкама Марыны Давыдзік, якая ўручыла рэзчыкам дыпломы і памятныя сувеніры. Пасля спецыяльнай апрацоўкі скульптуры зоймуць сваё месца ў гарадскім парку.

Што ж атрымалася ў рэзчыкаў, якія вобразы яны пакінулі ў нашым горадзе? Напрыклад, Валянцін Багдзевіч, які працуе ў агратурыстычным комплексе “Каробчыцы”, сваёй работай пажадаў нашаму гораду і яго жыхарам міру і дабрабыту. Таму што скульптура Белуна, ці, як называлі яго нашы продкі, Белабога, – гэта ў славян носьбіт свету, поспеху, чысціні і ісціны. Дарэчы, каб Бялун дапамог, трэба абавязкова пацерці яму нос.

А вось дзякуючы ўмелым рукам майстра з Мсціслаўля Рыгора Свядомскага, будзе зараз у Мастах і свая залатая рыбка. Майстар па сакрэту для нашых чытачоў прызнаўся, што рыбка здзяйсняе любое жаданне людзей працавітых, культурных і  незайздросных, трэба толькі …,правільна, пацерці яе карону.

Гараджане, што прагульваліся ў парку падчас работы рэзчыкаў, заўважылі, што вобраз сястрыцы Алёнушкі ў скульптуры нашага земляка Мікалая Ярца вельмі падобны на нашых мастоўскіх жанчын – такі ж мілавідны твар, прыгожы стан, летуценны погляд, а за далікатнасцю схаваны моцны характар.  Майстар не стаў супярэчыць, што яго Алёнушка – зборны вобраз жаночай паловы Мастоўшчыны, якому яна і прысвячаецца.

Яшчэ адная цікавая скульптура, якая таксама можа здзяйсняць жаданні і прыносіць радасць і вяселле – гэта Дзядуля Ох і яго залатая табакерка, што належыць рукам рэзчыка Святаслава Няхайчыка.

А вось майстру са Скідзеля Віктару Урбашу так спадабаўся наш прыгожы, чысты і ўтульны горад, наш велічны Нёман, нашы гасцінныя мастаўчане, што ён нават выказаў жаданне пераехаць сюды на пастаяннае месца жыхарства. Як кажуць, заўсёды рады і міласці просім.

Дарэчы, навакольная прыгажосць нашага Прынёманскага краю натхніла на манументальную работу і рэзчыка Юрыя Камандзірчыка, які вырашыў увекавечыць у дрэве гісторыю Мастоў.

Таксама ў гарадскім парку хутка з’явяцца Маша і мядзведзь, героі казак “Пакаці-гарошак” і “Людзей слухай, а свой розум май”, а таксама асілак, лесавік, ліса, дзяцел і варона з аднайменнай беларускай казкі, лясны дух, кот, які можа напужаць нават жыхароў лясной пушчы, і чорт з казкі “Чортаў млын”. Галоўнае  зараз – захаваць гэтую прыгажосць на доўгі час. Таму што ад дажджу і снегу абарону ўжо вынайшлі, а вось ад вандалаў і хуліганаў – пакуль што не.

Наталля ШЭЎЧЫК

Фота аўтара

 

 

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио