Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМолодежьМолодежь Мостовщины

Да новых стартаў гатовы!

Да новых стартаў гатовы!11 декабря 2014 — 10:00

 У Гудзевіцкай гімназіі ганарацца сваім выхаванцам Міхаілам Занеўскім, і падстава таму ёсць. Хлопец доб­ра вучыцца, прымае актыўны ўдзел у жыцці свайго класа і гімназіі, дастойна абараняе яе гонар на шматлікіх спартыўных спаборніцтвах розных узроўняў. А нядаўна ў навучальную ўстанову прыйшла яшчэ адна прыемная навіна: Міхаіл Занеўскі прыме ўдзел у рэспубліканскай ёлцы, якая звычайна праходзіць пры ўдзеле Прэзідэнта краіны.

Што неабходна, каб дабіцца выніка ў спорце? Нейкія асаблівыя фізічныя паказчыкі спартсмена, яго рост, вага ці сіла? Можа быць, але не абавязкова. На першым месцы, безумоўна, жаданне ісці да намечанай мэты, пераадольваючы цяжкасці, вялікая сіла волі, настойлівасць і працавітасць. У гэтым перакананы настаўнік фізічнай культуры Гудзевіцкай гімназіі Анджэй Рышардавіч Занеўскі. З гэтым  згодны і яго выхаванцы, сярод якіх –  яго сын Міхаіл.

Імя Міхаіла Занеўскага пастаянна з’яўляецца ў выніковых табліцах раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод школьнікаў. І хлопец выступае не проста ў якасці статыста. Ён або сярод пераможцаў, або ўваходзіць у лік прызёраў.

Так, толькі за 2014 год Міхаіл пяць разоў падымаўся на спартыўны п’едэстал як пераможца і тры разы – як прызёр. Першае месца ён заваяваў на першынстве раёна ў лыжнай эстафеце “Мастоўская лыжня­2014”, а таксама на раённых спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне, лыжным спорце і стральбе з пнеўматычнай зброі “Снежны снайпер”.

Не пакінуў шансаў сваім сапернікам юны спартсмен у першынствах раёна па зімовым шматбор’і “Здароўе”і па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў 2001 года нараджэння і маладзей, дзе ён паказаў лепшы вынік у трайным скачку.

Футбольная каманда, членам якой з’яўляецца Міхаіл, заняла першае месца ў занальных спаборніцтвах.Трэцім быў гімназіст з Гудзевіч у рэспубліканскім турніры па летнім шматбор’і і ў першынстве Гродзенскай вобласці па бегу, скачках і мятаннях сярод юнакоў і дзяўчат 2001 года нараджэння і маладзей. Другое месца прынёс яму ўдзел у першынстве раёна па лёгкай атлетыцы, а дакладней, у скачках у даўжыню.

­­ Да таго ж, Міхаіл Занеўскі ўваходзіць у склад зборнай каманды вобласці сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне, лыжным спорце і стральбе з пнеўматычнай зброі “Снежны снайпер” і з’яўляецца ўдзельнікам аналагічных рэспубліканскіх спаборніцтваў на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ­­ адзначыла намеснік дырэктара гімназіі па вучэбнай рабоце Вольга Сяргееўна Валюшка.

Напэўна, усё гэта заканамерна, тым больш, што трэнерам Міхаіла з’яўляецца яго бацька Анджэй Рышардавіч Занеўскі, які і сам актыўны ўдзельнік спартыўных турніраў. На іх ён выступае за каманду закрытага акцыянернага таварыства “Гудзевічы” – бясспрэчнага лідэра спартыўнага жыцця раёна сярод сельгас­гаспадарак.  На працягу многіх гадоў гудзевіцкія турысты пад непасрэдным кіраўніцтвам Анджэя Рышардавіча становяцца лепшымі  ў раёне і прымаюць удзел у абласных спаборніцтвах. Прыклад бацькі і ў спорце, і ў жыцці мае вялікае значэнне для яго сыноў Міраслава і Міхаіла.

­­ Міхаіл мае доб­рыя перспектывы не толькі ў спорце. Ён праяўляе здольнасці да вывучэння школьных прадметаў і з’яўляецца актыўным удзельнікам як класных, так і школьных мерапрыемстваў, ­­ падкрэслівае намеснік дырэктара Гудзевіцкай гімназіі па выхаваўчай рабоце Святлана Анатольеўна Шчарбіна. – Таму яго паездка ў Мінск на рэспубліканскую ёлку – гэта заслужаная ўзнагарода.

Н.ШЭЎЧЫК



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: