Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
70
АктуальноСельское хозяйствоСельское хозяйствоСоциумПрофсоюзная жизньСоциумВ трудовом коллективеБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныНовости МостовщиныЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Цялятніца ААТ "Мастаўчанка" Кацярына Маташук характар гартавала ў працы

Цялятніца ААТ 'Мастаўчанка' Кацярына Маташук  характар гартавала ў працы10 апреля 2019 — 14:20

Ужо не першы раз мы разам са старшынёй раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Віктарам Метлюком накіроўваемся на малочна-таварную ферму “Зарудаўе” ААТ “Мастаўчанка”. Падстава зноў прыемная: узнагародзіць у рамках акцыі “Наш жывёлавод” заахвочвальным пісьмом “Перадавік” і грашовай прэміяй райкама прафсаюза за добрасумленную шматгадовую працу, высокі прафесіяналізм мясцовую цялятніцу Кацярыну Маташук.

Прыязджаем на ферму крыху раней вызначанага часу і некалькі хвілін назіраем, як Кацярына Іванаўна Маташук і Алена Іванаўна Красько (дарэчы, гэта родныя сёстры) завіхаюцца каля сваіх падапечных. А ў іх на дваіх – 277 галоў, ад нованароджаных да  рослых цялят.

– А хочаце мы вас з Жорыкам пазнаёмім? Такі разумны і кемлівы бычок, гэта штосьці. Нарадзіўся менш за 18 кілаграмаў, думалі нічога не будзе. А вось выхадзілі, выкармілі. І так ён да нас прывязаўся, не раўнуючы, як маленькі шчанючок ходзіць следам, – з добрай усмешкай расказваюць жанчыны пра свайго любімца.

Хутка на вуліцы з’яўляецца і Жорык. Маленькае двухтыднёвае цялятка, якое ўжо цвёрда трымаецца на нагах, спачатку пужаецца незнаёмцаў, а пасля з задавальненнем удзельнічае ў фотасесіі. Праўда, толькі разам са сваімі “выхавальніцамі” – так між сабой называюць тут цялятніц.

– Цяляты – яны ж як дзеці, і ласку любяць, і цяпло, і клопат. Таму мы стараемся не толькі іх напаіць і накарміць, але і прылашчыць, і паўшчуваць часам, – расказваюць жанчыны, пагладжваючы цікаўных непасед.

А яны, падстаўляючы то адзін, то другі пярэсты бачок, па ўсім відаць, памятаюць іх рукі, цёплыя, клапатлівыя, што выпойвалі іх малодзівам. Памятаюць голас, на які адгукаюцца. І нават, здаецца, пазнаюць іх па кроках з дзясятка іншых.

Ды і як жа іначай, калі Кацярына Іванаўна на ферме працуе ўжо чатырнаццаць гадоў. Алена Іванаўна далучылася да сястры ў 2011 годзе. На працягу ўсяго дня, з рання і да змяркання, яны каля цялят: накарміць, напаіць, падаслаць, каб было цёпла і суха, паназіраць за станам здароўя, каб у час аказаць неабходную дапамогу.

– Да працы на ферме мы прызвычаіліся яшчэ калі былі дзецьмі і хадзілі дапамагаць маме Веры Паўлаўне Коцка, якая працавала даяркай, – успамінаюць нашы суразмоўцы. – Ды хіба ж параўнаеш цяперашнюю дойку і колішнюю. Тады амаль што ўсё даводзілася рабіць уручную, але нічога, спраўляліся, хоць і цяжка было, і рукі балелі. Бацька наш Іван Іванавіч Коцка таксама працаваў у калгасе, быў механізатарам.

А зараз ужо ўнукі Кацярыны Іванаўны, калі прыязджаюць у госці да бабулі, прыходзяць ёй на дапамогу. Ды яшчэ б – тры ўнукі, самы старэйшы з якіх мае 19 гадоў, і адна ўнучка – гэта вялікая сіла.

– З цялятніцамі нам і сапраўды пашанцавала, – уступіла ў гутарку брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі ААТ “Мастаўчанка” Наталля Сяргееўна Пяцэвіч. – На іх можна палажыцца ў самых складаных сітуацыях і быць упэўненым, што не падвядуць, не спалохаюцца цяжкасцей і не пройдуць раўнадушна побач з неахайнасцю і нядбайнасцю. Ды і сяброўкі яны верныя, надзейныя, а гаспадыні – дбайныя і руплівыя, бо, як у народзе кажуць, працай загартаваныя.

Н. ШЭЎЧЫК

Фота аўтара



Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио