Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЭкономикаСтроительство, ЖКХБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш край

Чатыры станцыі абезжалезвання вады сёлета пабудавана ў Мастоўскім раёне

Чатыры станцыі абезжалезвання вады сёлета пабудавана ў Мастоўскім раёне02 декабря 2019 — 13:28

Чыстая, празрыстая вада, без бруднага іржавага асадку, якая адпавядае ўсім мікрабіялагічным, хімічным і бактэрыялагічным нормам, у тым ліку і ўтрымання жалеза. Нарэшце жыхары аграгарадкоў Дубна і Харціца маюць магчымасць карыстацца гэтым прыродным багаццем у поўнай меры, без аглядкі на якасныя і смакавыя характарыстыкі: нядаўна тут былі ўведзены ў строй станцыі абезжалезвання вады.

 

З апярэджаннем графіка

У аграгарадках Дубна і Харціца станцыі абезжалезвання былі запушчаны 1 верасня. На працягу дзясяці дзён яны працавалі ў рэжыме пуска-наладачных работ, але ўжо нават на гэтым этапе вяскоўцы адчулі розніцу паміж тым, што “было” і як “стала”, – расказвае старшыня Дубненскага сельвыканкама Анатоль Ліс. – Штодня жыхары выказваюць словы падзякі кіраўцтву раёна. Вось і на днях пенсіянерка Раіса Міхайлаўна Анчурава сустрэла на вуліцы і прасіла падзякаваць усім, хто мае дачыненне да гэтай добрай справы.

Праблема з якасцю пітной вады ў Дубна існавала і раней, а пасля сур’ёзнай паломкі свідравіны, якой карысталіся жыхары аграгарадка, і свідравання новай, яна толькі павялічылася. На працягу двух гадоў дубненцы падымалі гэтае пытанне падчас сустрэч з прадстаўнікамі ўлады. Адна з іх адбылася ў снежні мінулага года, дзе старшыня Мастоўскага райвыканкама Юрый Валяваты даў станоўчы адказ на пытанне аб будаўніцтве станцыі абезжалезвання і нават агучыў дату – канец 2019 года.

На гэтыя мэты былі выдаткаваны сродкі рэспубліканскага і абласнога бюджэту ў рамках падпраграмы “Чыстая вада” Дзяржаўнай праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе на 2016-2020 гады”. Распрацоўкай праектна-каштарыснай дакументацыі і правядзеннем тэндэра займалася Мастоўскае РУП ЖКГ. Генпадрадчыкам будаўніцтва аб’ектаў “пад ключ” з’яўлялася прыватнае ўнітарнае прадпрыемства па аказанні паслуг “ПАНСістэмІнвест”.

 

“Купацца ў чаі не будзем”

Брудная ванна – яна станавілася чорнай літаральна пасля двух выкарыстанняў – і сантэхніка, якая выходзіла са строю хутчэй, чым заканчваўся тэрмін яе эксплуатацыі па гарантыі, – гэта далёка не ўсе праблемы жыхароў Дубна і Харціцы.

– Для прыгатавання ежы і піцця ваду мы куплялі, а калі-нікалі карысталіся калодзежнай. Многія ўстанаўлівалі фільтры, толькі хапала іх ненадоўга, – расказвае жахарка аграгарадка Дубна Інна Табала. – Нават посуд псаваўся ад іржавай вады, што ўжо казаць пра астатняе. Зараз карыстаемся вадой з-пад крана без боязі, бо яна чыстая і празрыстая.

Падтрымліваюць жанчыну аднавяскоўцы Наталля Мінько і Віктар Карэвік:

– Пасля будаўніцтва станцыі абезжалезвання сітуацыя з вадой у нас змянілася кардынальна. Не паверыце, але гэта шчасце: адкрыў кран – і можаш піць, гатаваць ежу, мыць бялізну, купаць дзяцей.

А вось у Мікалая Дзенісевіча свая гісторыя на гэты конт.

– Раней калі ўнукі прыязджалі ў госці, дык адразу заяўлялі: “Купацца ў чаі мы не будзем!”. А зараз былі нямала здзіўлены: “У вас што, заварка закончылася?!”, –  расказвае Мікалай Паўлавіч. – Цяпер гэта выклікае ўсмешку, а раней было не да смеху.

Задаволена тым, як вырашылася пытанне водазабеспячэння, і пенсіянерка Аліна Іванаўна Даранчук:

– Было вельмі нязручна, бо ўсю бялізну даводзілася перадаваць дачцэ ў Гродна, каб тая памыла яе ў сваёй пральнай машыне. У нас нават каляровыя рэчы гублялі свой колер і набывалі рыжае адценне. Зараз пра гэта можна забыць.

Прыкладна такая ж сітуацыя была і ў аграгарадку Харціца, жыхары якога таксама ўдзячны старшыні райвыканкама Ю. М. Валяватаму і старшыні раённага Савета дэпутатаў В. І. Табала за вырашэнне праблемы.

Праўда, без іх не абыходзіцца, і ўжо наспелі новыя.

– Да РУП ЖКГ у нас маецца некалькі просьб, – ад імя жыхароў Харціцы выступіла Галіна Эльяшэвіч. – Першая датычыць рэгулявання колькасці падачы вады ў летні перыяд: хочацца, каб яе хапала ўсім і падавалася яна без перабояў. Другая – вываз смецця ці, дакладней, яго графік. Раней у выхадны дзень можна было ўсё сабраць і адразу выкінуць ў смеццевоз, а зараз, пакуль прыедзе машына, смецце разносіць вецер і сабакі. Хацелася б урэгуляваць гэтыя пытанні. Спадзяёмся на ўзаемаразуменне з боку камунальнай службы.

 

Кампетэнтна

Уладзімір БАРОЎСКІ,

намеснік дырэктара Мастоўскага РУП ЖКГ:

– Станцыі абезжалезвання вады ў Дубна і Харціцы ўжо працуюць ў штатным рэжыме. Дзве станцыі абезжалезвання ў аграгарадку Гудзевічы таксама запушчаны, зараз ідзе наладка абсталявання, вядзецца падрыхтоўка дакументацыі для здачы іх у эксплуатацыю. Усяго на будаўніцтва чатырох станцый было зрасходавана больш як 373 тысячы рублёў бюджэтных сродкаў, паступіўшых з вобласці і рэспублікі.

Зараз ў нашым раёне, улічваючы пабудаваныя сёлета, маецца 9 станцый абезжалезвання вады. Яны працуюць таксама ў Мастах, Лунна, Вялікай Рагозніцы, Глядавічах, Вялікіх Азёрках. На наступны год запланавана будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў аграгарадку Пескі.

Н. ШЭЎЧЫК

Фота аўтара

 

 

 

 



Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио