Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Час, жаданне і натхненне – вось і чарговае тварэнне

Час, жаданне і натхненне – вось і чарговае тварэнне02 сентября 2013 — 10:00

Пагадзіцеся, што бясконца можна глядзець на агонь і ваду. Таксама доўга можна сузіраць і прыгажосць навакольнай прыроды. Нават калі яна за шклом і ў рамцы. Нават калі вышыта крыжыкам умелымі жаночымі рукамі... Хадзіць за прыкладам далёка не спатрэбілася, бо багаты наш горад на творчых людзей. Так склалася, што з мастаўчанкай Марыяй Станіславаўнай Саўко я знаёма даўно. Аднак пра тое, што яна захапляецца вышываннем, нават і не здагадвалася. Таму калі нядаўна адна з сябровак жанчыны патэлефанавала ў рэдакцыю з просьбай напісаць пра майстрыху, з ахвотай і ўласцівай журналістам цікаўнасцю,  рушыла ў госці.

Першае ўражанне, калі заходзіш у пакой, што трапіў у галерэю народнага мастацтва. На сцяне вісяць карціны, на канапе – вышываныя падушкі, на стале і блоку – сурвэткі. З адной з іх вось-вось, здаецца, узляцяць прыгожыя матылькі і напоўняць памяшканне яшчэ большым светам. А кветкі, што яркімі зоркамі ззяюць з падушак, падораць пяшчотны водар вясенніх першацветаў, рознакаляровых віёлаў, трапяткіх лілій і велічных руж. Па запрашэнню гаспадыні ўладкоўваюся ў мяккае крэсла і ўважліва слухаю, занатоўваючы ў сваім рабочым блакноце знакавыя моманты.

-- Ды нічога тут такога няма, — сціпла адзначае Марыя Станіславаўна. – Вось выйшла на пенсію, свабоднага часу шмат, дык і знайшла сабе занятак па душы. А вышываць навучылася яшчэ ў дзяцінстве. Памятаю, кароў пасвілі, цялят калгасных, а з сабой бралі вышыванне. А пасля просіш матулю, каб нітак “мулінэ” купіла і тканіны. А то і на саматканым кужалі вышывалі...

Успаміны Марыі Станіславаўны бяруць пачатак з вёскі Пескаўцы Лідскага раёна, адкуль яна родам. Невялікі населены пункт, як і нашы Масты, размяшчаецца на беразе Нёмана. Жанчына і зараз бывае на сваёй малой радзіме. Праўда, пра бацькоўскую хату цяпер нагадваюць толькі вялізны камень, ліпа і куст бэзу. Яны і турбуюць памяць.

Аднак не толькі ўспаміны прывозіць са сваёй вёскі  наша суразмоўца. Старым карцінам, што выцвілі, згубілі сваю былую прывабнасць і зараз пыляцца на вышках дамоў, яна дае другое жыццё. -- Зараз вось на чарзе – буслы ў гняздзе, — дэманструе жанчына работу, на якой ужо цяжка што-небудзь разабраць. Новымі фарбамі заіграў на вышываным ручніку і фрагмент другога ўзору. Вышывае Марыя Станіславаўна і вясельныя ручнікі, аздабляючы іх ажурнымі карункамі. За імі, дарэчы, яна ездзіць у Ліду, дзе ёсць спецыялізаваны магазін.

— Найбольш люблю вышываць прыроду і жывёл, - працягвае свой расказ майстрыха. Пацвярджэнне яе слоў знаходжу на сцяне. Погляд прыцягваюць коні. Такое ўражанне, што адзін з іх праз хвіліну-другую кінецца галопам – толькі яго і бачылі. Вецер цярэбіць яго хвост і грыву. Ды ён і сам, як вецер: хуткі, імклівы, поўны жадання кудысьці імчаць, не разбіраючы дарогі.

Пільным праніклівым позіркам сочыць за намі з другой карціны велічны арол. Хочацца паназіраць і за малым рыжым кацянём: зловіць ён рыбку, ці не? А вось лебедзі – сімвал вернасці і адданасці, сімвал вечнага кахання, якое можа пераадолець усе нягоды... Нядаўна сакрэты свайго майстэрства Марыя Станіславаўна адкрыла сваёй дзесяцігадовай унучцы Кацярыне. Першая вышываная сурвэтка – гэта радасць самастойнай працы, якой дзяўчынка ахвотна дзеліцца з сябрамі і знаёмымі.

-- А з пруткамі і шыдэлкам таксама спрытна ўпраўляецеся? – цікаўлюся ў сваёй субяседніцы.— Канешне, і пруткамі  ўмею вязаць, і шыдэлкам, — адказвае майстрыха. – Раней яшчэ, калі сыны пайшлі вучыцца, дык за тыдзень магла мужчынскі світэр звязаць. Зараз ўжо вочы не тыя, ды і купіць усё можна. А ў тыя цяжкія гады  гэта быў сякі-такі прыбытак да асноўнага заробку.

 У свой час Марыя Станіславаўна закончыла Жалудоцкае медвучылішча. Сваю працоўную біяграфію пачынала ў Бялавіцкім дома-інтэрнаце. А пасля больш за трыццаць гадоў працавала валеолагам у Мастоўскай раённай бальніцы. Усе творчыя работы Марыі Станіславаўны такія яркія, жывыя, поўныя жыцця, што хочацца любавацца імі зноў і зноў. Каб іх маглі ўбачыць і нашы чытачы, пытаемся ў гаспадыні дазволу зрабіць некалькі фотаздымкаў. Сама майстрыха фатаграфавацца адмовілася, а работы – калі ласка.

Пакуль настройваю фотаапарат і вы-біраю лепшы ракурс, Марыя Станіславаўна завіхаецца на кухні і запрашае на чай. Адмаўляцца было неяк няёмка – чалавек жа рыхтаваўся. Таму ўжо праз некалькі хвілін мы  разам здымаем пробу з хрусткіх марынаваных агурчыкаў, прыгатаваных па новым рэцэпце, і з апетытам частуемся смачнымі блінчыкамі з тварагом. У прыгатаванай ежы, таксама як і ў вышываных  тварэннях Марыі Станіславаўны, адчуваўся творчы падыход гасціннай гаспадыні. А перадабе-дзенны перакус у майстрыхі прыйшоўся вельмі дарэчы, бо абедаць і вячэраць у той дзень давялося адначасова.

Н. ШЭЎЧЫКФота аўтара



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: