Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиКультура

«Чароўны капялюшык» зачараваў і пераканаў

«Чароўны капялюшык» зачараваў і пераканаў27 июня 2017 — 10:25

Высокую ацэнку гледачоў і журы атрымаў мюзікл А.Рыбнікава “Прыгоды Бураціна, ці Залаты ключык” у выкананні ўзорнага музычна-драматычнага калектыву “Чароўны капялюшык” Гудзевіцкага цэнтра вольнага часу і культуры.

 

— Спектакль атрымаўся жывым, дынамічным, вясёлым, напоўненым танцамі і песнямі, — расказвае загадчыца Гудзевіцкага цэнтра вольнага часу і культуры Антаніна Мікалаеўна Чэрнік. – У маі мы выступілі з прэм’ерным паказам. У тым жа месяцы мюзікл сабраў гледачоў яшчэ раз. Так атрымалася, што менавіта гэтай пастаноўкай нашаму калектыву належала пацвердзіць званне “ўзорнага”. Гэта накладвала дадатковыя хваляванні і перажыванні.


І, скажу я вам, дарэмна, бо ў юных гудзевіцкіх акцёраў усё атрымалася: і зачараваць сваёй гульнёй, артыстызмам і талентам, і пераканаць, што “Чароўны капялюшык” заслужана носіць званне «ўзорнага» калектыву.


Хто ж не ведае прыгоды драўлянага хлопчыка Бураціна і яго сяброў? Аднак вобразы, створаныя пачынаючымі акцёрамі, прымусілі гледачоў па-іншаму зірнуць на гэтую гісторыю ды і на самых рабят. Пераўвасабленне апошніх у сваіх герояў было вельмі дакладным, а ігра заслугоў-вала толькі слоў пахвалы. Яны, дарэчы, прагучалі для ўсіх дваццаці артыстаў, што ўдзельнічалі ў пастаноўцы. Яе рэжысёрам выступіла Лілія Анатольеўна Ценкуш, мастаком -- Станіслаў Іванавіч Рагацэвіч.


Перадаць характар даверлівага гарэзы і свавольніка Бураціны ўдалося Дашы Трацяк. А яе старэйшы брат Вадзім цудоўна справіўся з роляй таты Карла. Такі вось сямейны тэатральны тандэм.


Запомніліся гледачам і тэмпераментныя ролі Лісы Алісы і Ката Базіліо ў выкананні Карыны Цыдзік і Кірыла Ралейніка. Лепшыя якасці сваіх герояў умела раскрылі Марына Станілка (Мальвіна), Даша Ялоўчык (П”еро), Дзіма Салтан (Артэмон), Крысціна Шышко і Ксенія Кудрына (Арлекіна).


— Усе рабяты змаглі праявіць сябе на сцэне, прадэманстраваць свае таленты, і не толькі тэатральныя, але і вакальныя і харэаграфічныя, — з гонарам расказвае пра юных акцёраў Антаніна Мікалаеўна. – Таксама ў нас былі цудоўныя дэкарацыі і касцюмы, вырабам якіх займаліся як работнікі культуры, так і бацькі. Асаблівыя словы падзякі за дапамогу хочацца выказаць Вользе Трацяк і Наталлі Салтан, а таксама ўсім нашым гледачам, родным і сябрам, хто верыў у наш поспех, падтрымліваў дружнымі апладысментамі, дарыў нам свае ўсмешкі.


Між іншым, “Чароўны капялюшык” мае намер у хуткім часе парадаваць жыхароў Гудзевіч новай пастаноўкай. Якая гісторыя будзе разыграна на сцэне мясцовага цэнтра вольнага часу і культуры на гэты раз, пакуль што сакрэт. Несумненна адно: яна будзе такая ж пазітыўная, эмацыянальная, непасрэдная і з запалам, як і самі акцёры.


Н.ШЭЎЧЫК
Здымак прадастаўлены Гудзевіцкім цэнтрам вольнага часу і культуры


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио