Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноКультура и историяКультура

Чароўны і непаўторны свет дзіцячай цацкі

Чароўны і непаўторны свет  дзіцячай цацкі20 мая 2016 — 10:00

 Да  Міжнароднага дня музеяў, які адзначаўся васемнаццатага мая,  супрацоўнікі музея “Лес і чалавек” прымеркавалі адкрыццё выстаўкі “Музей дзіцячай цацкі”. 

У першы ж дзень выстаўку наведала  больш за пяцьдзесят выхаванцаў  гарадскіх дзіцячых садоў  і  вучняў малодшых класаў. Выстаўка працягнецца да канца ліпеня.

   Ва ўсе часы  дзеці навакольны свет пазнавалі праз гульню.  Яе неад’емным атрыбутам   была  цацка. На выстаўцы  шырока  прадстаўлены  не толькі  цацкі, з якімі  гуляюць  сённяшнія  хлопчыкі і дзяўчынкі, але і тыя, з якімі  забаўляліся нашы далёкія продкі. Менавіта  цацкі, з якімі любілі гуляць  прабабулі, выклікалі ў   сённяшніх дзяцей найбольшую цікавасць і захапленне.

    Найбольш шырока на выстаўцы прадстаўлена калекцыя лялек, пачынаючы ад старых  драўляных   і да сучасных прыгожых з фарфору. Трэба было бачыць, якую рэакцыю  выклікалі ў рабят    просценькія драўляныя , лялькі  з саломы, з кусочкаў тканіны.

    Хлопчыкам і дзяўчынкам цікава было даведацца, што лялькам здаўна надаваліся чароўныя  ўласцівасці. Людзі верылі, што яны могуць абараніць  ад злых духаў, хваробаў і бедаў, прынесці шчасце. Але каб лялька стала  талісманам і абярэгам, яна павінна  быць  правільна зроблена. Раней майстрыхі ніколі не выкарыстоўвалі пры рабоце над лялькай  інструментаў, якія колюць і рэжуць. Кавалкі   тканіны і ніткі не рэзаліся, а проста  рваліся рукамі, а затым звязваліся. Вузельчыкі таксама  служылі яшчэ адным абярэгам, які  паўставаў на шляху злых духаў.

   Рабілі нашы продкі лялькі таксама і з саломы. Па іх ўяўленнях салома павінна  была садзейнічаць будучаму ўраджаю, урадлівасці зямлі, пладавітасці жывёлы і прадаўжэнню чалавечага роду. Для рэалізацыі гэтага з саломы рабілі разнастайныя атрыбуты  абрадаў: вянкі з каласкоў, фігуркі людзей, жывёл і птушак.

   Значная частка экспазіцыі была прысвечана дзіцячым цацкам савецкага  перыяду:  пласмасавыя і гумовыя  фігуркі птушак і звяроў, якія яшчэ маглі  і свістаць,  любімая не толькі ў нас, але і за мяжой  матрошка, плюшавыя мішкі, зайцы і каты. Гэтыя цацкі  выклікалі цікавасць і  прыемную настальгію   ў настаўнікаў і выхавацеляў, бо менавіта ім у дзяцінстве даводзілася гуляць з такімі цацкамі.

   --Экспанаты  прадастаўлены з уласных фондаў музея, а некаторыя прапанавалі нам  на час выстаўкі жыхары  горада. Раім наведаць  гэтую выстаўку  дзецям і дарослым, калі  для рабят -- гэта магчымасць пашырыць свой кругагляд, дык дарослым прыемна будзе ўспомніць свае дзіцячыя  гады,  гульні і забавы,-- запрашае дырэктар музея “Лес і чалавек” Наталья Анатольеўна  Пуцілоўская.

  А яшчэ ў  гэты дзень у музеі былі падведзены  вынікі фотаконкурсу “Масты неўміручасці”, які быў прымеркаваны да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін.  На фотавыстаўцы, якая была адкрыта 18 красавіка, былі прадастаўлены 27 работ. Найбольшую цікавасць конкурс  выклікаў у вучняў  раёна,  некаторыя ўдзельнікі   прадаставілі на   конкурс па дзве работы.   Рабяты на  здымках  імнуліся  занатаваць самыя цікавыя і прыгожыя мясціны Мастоўшчыны,  гістарычныя і культурныя помнікі нашага краю.

   Усе  работы  цікавыя і змястоўныя, заслугоўваюць пахвалы і  ўвагі.  Журы і наведвальнікі выстаўкі, якія  таксама мелі права аддаць свой  голас,  лепшай у намінацыі “Гісторыка-культурная спадчына Мастоўскага раёна” прызналі  работу  Паліны Пронскай, вучаніцы СШ №5 г. Масты. У намінацыі “Архітэктура і забудовы населеных пунктаў, памятныя гістарычныя мясціны Мастоўскага раёна” пераможцай сталі  Ксенія Панас  і Лізавета Ганчар з гімназіі №1 г. Масты. У  намінацыі “Прырода Мастоўшчыны” лепшай аказалася  работа вучаніцы гімназіі №1 г. Масты Веранікі Аскірка. А прыз сімпатый гледачоў атрымала   работа  “Гудзевіцкая царква” вучаніцы Гудзевіцкай  СШ   Вольгі Рэйшэль.                                                                              

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ




Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: