Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Без права на памылку

Без права на памылку18 января 2011 — 10:00

   Лёс чалавека часам робіць такія зігзагі і выкрунтасы, што ні пяром апісаць, ні словам сказаць.  На шчасце, ва ўрачоў Марыі Іванаўны і Міхаіла Іванавіча Аверукоў жыццёвых выкрунтасаў было няшмат. Яны, сялянскія дзеці ваеннага пакалення,  вельмі хацелі вырвацца на шырокі жыццёвы прастор, а гэта немагчыма было зрабіць без ведаў. У лёсе Марыі Іванаўны і Міхаіла Іванавіча многа падобнага, і доўгі час іх жыццёвыя пуцявіны ішлі паралельна, каб пазней  у адзін момант не толькі перакрыжавацца, але і злучыцца ў адну  шырокую сямейную дарогу...Хіба мог вясковы хлопчык Міша Авярук, які нарадзіўся ў Глядавічах у даваенны час, думаць, што праз гады стане ўрачом. Калі б у яго быў  іншы характар, яму, напэўна, быў бы наканаваны  другі лёс— звычайны, сялянскі, як і  ў большасці яго равеснікаў. 

    Сям’я Аверукоў была звычайнай, па тагачасных мерках з сярэднім дастаткам, мела сем гектараў зямлі.  А яна  для селяніна—залог поспеху і дабрабыту. Каб мець гэты дабрабыт, даводзілася шчыраваць ад зары да зары на палетку. У дзесяць гадоў Міхаіл мог справіцца з любой сялянскай работай: разам з бацькам касіў, араў, сеяў, малаціў.

    Зімовымі вечарамі, калі работы па гаспадарцы было менш, у хаце Аверукоў збіралася да сарака чалавек, а Іван Аляксеевіч  чытаў услых газеты. Бацька па тым часе быў даволі адукаваным чалавекам: на “выдатна” закончыў чатыры класы польскай школы.    З тых далёкіх палітінфармацый у вясковай хаце ў памяці хлапчука  засталіся аптымістычныя бацькавы расказы аб  жыцці ў Савецкім Саюзе. Дарослыя вялі размовы аб аб’яднанні Заходняй і Усходняй Беларусі.  Крыху пазней,  у верасні трыццаць дзевятага года, Міша стаў сведкам гэтага аб’яднання: разам з іншым вясковымі дзецьмі  сустракаў конных чырвонаармейцаў, якія з’явіліся ў Глядавічах з боку Паніжан. Яны частавалі дзяцей цукеркамі, а дарослыя вяскоўцы прапаноўвалі салдатам паласавацца  грушамі і яблыкамі з уласных садоў.

    Ужо падросшы, Міхаіл Іванавіч зразумеў, што тады ў бацькоўскай хаце ў Глядавічах збіраліся падпольшчыкі-камуністы. Вядома, усяго з тых размоў пяцігадовы хлопчык зразумець не мог, але адно засвоіў добра: “Каб дабіцца лепшага жыцця, трэба настойліва вучыцца”.    Вучоба ў школе давалася Міхаілу лёгка: на “выдатна” ён закончыў сямігодку ў Глядавічах і паехаў паступаць у Гродна ў фельчарска-акушэрскую школу. Тое, што вясковы хлопец выбраў прафесію медыка,  звязана з яго хваробай —ангінай. У Міхаіла моцна разбалелася горла, хлопца павезлі ў бальніцу ў Скідзель. Маладзенькая медсястра зрабіла ўкол, і яму праз некаторы час значна палягчэла. Той звычайны ўкол здаўся хлопцу чароўным, а  медсястра —добрай феяй. Тады Міхаілу ўпершыню захацелася навучыцца лячыць людзей.

    І яшчэ адна адметная асаблівасць сялянскіх дзяцей— іх вялікая працаздольнасць і мэтанакіравасць. Вырашана—зроблена. У 1954 годзе Міхаіл Іванавіч Авярук паспяхова  закончыў фельчарска-акушэрскую школу і атрымаў накіраванне на работу ў Дзятлаўскі раён на ФАП  у вёску Азяраны. Доўга працаваць у Азяранах не давялося. Юнака пры-звалі на службу ў армію, тры гады прыйшлося  адслужыць  на Балтыйскім флоце. Адтуль ён вярнуўся з  цвёрдым перакананнем: медыцына —яго жыццёвае крэда.

    Пасля заканчэння Гродзенскага медыцынскага інстытута маладога доктара накіроўваюць у Дубна, там ён прызначаецца на пасаду галоўнага ўрача ўчастковай бальніцы. За гады яго працы ў Дубна была ад-крыта аптэка, пабудавалі дом для медыцынскіх работнікаў, прыкладна тады ж былі адкрыты фельчарска-акушэрскія пункты ў Заполлі і Сухінічах. А яшчэ ў тыя гады дубненскія медыкі ўсе пагалоўна захапляліся сцэнай, неаднаразова станавіліся  пераможцамі і прызёрамі  разнастайных конкурсаў мастацкай самадзейнасці.

    Менавіта ў Дубна ад чатырохгадовай пацыенткі Танюшы, якую Міхаіл Іванавіч памятае і сёння, ён атрымаў наказ, які стаў яго ўрачэбным запаветам на ўсе гады працы. Малой моцна балеў жывот. Калі малады ўрач пачаў яе аглядаць, дзяўчынка са страхам і надзеяй, паглядзеўшы на яго, папрасіла: “Ты толькі глядзі, не прыдурвайся!” Міхаіл Іванавіч гэтыя дзіцячыя словы зразумеў так: ”Урач не мае права на памылку”. Пра гэты выпадак ён часта расказваў сынам Юрыю і Сяргею, якія пазней таксама сталі медыкамі.

    У Гродне перакрыжаваліся аднойчы, а пазней злучыліся ў адну жыццёвыя дарогі  маладога ўрача Міхаіла Аверука і студэнткі медінстытута Марыі Камянецкай. Сябар  Павел Пакалюк, з якім Міхаіл служыў у арміі, запрасіў  яго ў госці ў студэнцкі інтэрнат. Як раз у тыя дні ў Гродне выступаў цырк з Літвы. Каб цікавей правесці час, сябры вырашылі схадзіць на прадстаўленне, а каб было весялей, запрасілі з сабой сімпатычную Машу. Паход у цырк аказаўся для Міхаіла і Марыі лёсавызначальным, з таго часу яны ідуць па жыцці разам.

    Марыя, як і Міхаіл, нарадзілася і вырасла ў сялянскай сям’і ў Лідскім раёне  ў вёсцы Осава. Дзяўчына таксама ўмела рабіць любую сялянскую жаночую работу. Праўда, яе больш прыцягвалі і цікавілі кнігі, з якіх Марыя даведалася аб зусім іншым, адметным ад вясковага жыцці.Увесь вольны ад работы час Марыя аддавала вучобе. Паспяхова была закончана Табольская сямігодка, а затым і сярэдняя школа ў Беліцы. Марыю не спыніла нават тое, што ў Беліцу ад роднага хутара даводзілася дабірацца за дзесяць кіламетраў. Зімой дзяўчына жыла на кватэры ў знаёмых.

    У Міхаіла і Марыі, як і ў коласаўскіх герояў Сцёпкі і Аленкі з аповесці “На прасторах жыцця”, было нейкае падсвядомае пачуццё, што толькі вучоба можа вывесці іх на бязмежныя жыццёвыя прасторы Гэта іх аб’ядноўвала і збліжала.    З Дубна М.І. Аверука пераводзяць на работу ў Масты. Васемнаццаць гадоў  ён адпрацаваў на пасадзе намесніка галоўнага ўрача раёна, адказваць  давялося за арганізацыю лячэбнага працэсу. Калі М.І. Авярук  заняў пасаду намесніка галоўнага ўрача, раённая бальніца была разлічана на 125 ложкаў для хворых , калі пакінуў  пасаду—ужо было 260 ложкаў. За гэты час да старога будынку бальніцы быў  дабудаваны новы корпус. Пакуль вялася будоўля, Міхаілу Іванавічу і тагачаснаму галоўнаму ўрачу Міхаілу Баляслававічу Собалю давялося асвоіць некаторыя прамудрасці будаўнічай справы. Прыкладна ў той жа час, згодна з патрабаваннямі часу, была абсталявана лабараторыя, дзе хворыя на месцы маглі прайсці лабараторныя абследаванні, раней для гэтага даводзілася ехаць у Гродна.

    Міхаіл Іванавіч і Марыя Іванаўна Аверукі ў медыцынскіх установах адпрацавалі каля сарака гадоў кожны. Марыя Іванаўна спачатку працавала педыятрам, а пазней — урачом-акулістам: лячыла нам зрок, што вельмі важна, бо з дапамогай зроку чалавек атрымлівае да 90 працэнтаў інфармацыі. Абое адзначаны медалямі “Ветэран працы”.

    Міхаіл Іванавіч расказвае памятныя выпадкі з медыцынскай практыкі, калі мастоўскія медыкі аказаліся на ўзроўні. Дзесьці ў сямідзесятыя гады на вяселлі мясной ежай атруціліся госці, у бальніцу тады даставілі каля сямідзесяці чалавек, у тым ліку і маладых. На ногі паднялі ўсіх медыкаў раёна і дастойна справіліся з неардынарнай сітуацыяй.         А хіба можна забыць той даўні выпадак, калі на чыгуначным пераез-дзе каля Дзенькаўцаў  цягнік пратараніў аўтобус? У аварыі тады пацярпелі сорак два чалавекі. 

    Такіх сітуацый Міхаіл Іванавіч можа прыпомніць з добры дзесятак. Ён іх не раз расказваў сынам Юрыю і Сяргею. Хлопцы практычна выраслі ў бальніцы. Бацькі не здзівіліся, калі спачатку старэйшы, а пазней і малодшы заявілі, што стануць медыкамі. Юрый сёння працуе ўрачом-анастазіёлагам у Баранавічах, там жа ўрачом-педыятрам працуе і нявестка Наталля.

    А малодшага Сяргея лёс закінуў аж у Ізраіль. Праўда, прафесію медыка яму давялося змяніць на іншую, а вось яго жонка Вікторыя і там працуе ў медыцыне.     Старэйшае пакаленне Аверукоў марыць, што іх урачэбнае дынастыя працягнецца і ў трэцім пакаленні. Старэйшы ўнук Павел сур’ёзна зацікавіўся медыцынай і пасля заканчэння школы мяркуе паступаць у медыцынскую навучальную ўстанову на задавальненне і радасць бабулі і дзядулю…

Цяпер Марыя Іванаўна і Міхаіл Іванавіч на заслужаным адпачынку. Вольны час удзяляюць унукам. Абое любяць, улічваючы свае сялянскія карані, папрацаваць на дачы. А яшчэ  Марыя Іванаўна -- цудоўная гаспадыня. Дзеці, а цяпер унукі, а таксама шматлікія госці з задавальненнем частуюцца яе смачнымі пірагамі. Нягледзячы на ўзрост, Аверукі жывуць паўнакроўным жыццём, нядаўна вярнуліся з мноствам уражанняў з Ізраіля, дзе гасцявалі ў малодшага сына. Жыццё працягваецца... 

   Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ   На здымках:(у цэнтры) Марыя Іванаўна і Міхаіл Іванавіч АВЕРУКІ ў нашы дні.Фота з сямейнага альбома  Аверукоў


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио