Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСельская жизньСельская жизнь

Багаты працай, вопытам, павагай і... ўнукамі

Багаты працай, вопытам, павагай і... ўнукамі18 ноября 2013 — 10:00

 Хутка вось ужо трыццаць гадоў, як Іван Іванавіч Сідар працуе галоўным ветэрынарным урачом спачатку  калгаса «Шчара», а з 2003 года -- сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Азяранскі». Нядаўна да шматлікіх  ганаровых грамат раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, якія пацвяр-джаюць добрасумленную шматгадовую працу І. І. Сідара, дадалася і дзяржаўная ўзнагарода -- медаль «За працоўныя заслугі».

—Віншаванні з узнагародай працягваю атрымліваць яшчэ і зараз, -- крыху саромеючыся такой пільнай увагі да сваёй сціплай асобы, адказвае Іван Іванавіч на наша пытанне аб сваіх уражаннях. -- А ў Палацы Рэспублікі, дзе праходзіла ўзнагароджанне, вельмі хваляваўся. Упершыню прысутнічаў на такім мерапрыемстве. Усё было арганізавана вельмі ўрачыста і прыгожа. І сам прыём, і медаль, і поціск рукі Прэм”ер-міністра краіны М. Мясніковіча, і словы віншаванняў -- гэта памяць на ўсё жыццё...

А яшчэ гэта, дапаўняючы думку нашага суразмоўцы, безумоўна, даніна павагі чалавеку працы за працу, якую ён выконвае добра.  Вось што чытаем ва Узнагародным лісце Івана Іванавіча Сідара: «За час працы зарэкамендаваў сябе кампетэнтным, мэтанакіраваным і ўмелым арганізатарам. Яму ўласцівы прынцыповасць, спалучэнне даверу з высокай патрабавальнасцю да сябе і падначаленых, пачуццё вялікай асабістай адказнасці за стан спраў. У сваёй дзейнасці імкнецца ўкараняць дасягненні навукі і перадавога вопыту.

Своечасова арганізоўвае і праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы па паляпшэнню захаванасці маладняку. Распрацоўвае мерапрыемствы па недапушчэнню інфекцыйных захворванняў буйной рагатай жывёлы і свіней. Вядзе кантроль  за якасцю вытворчасці малака, за выкананнем мерапрыемстваў па недапушчэнню ўзнікнення ачагоў захворвання афрыканскай чумы на свінаферме кааператыва. Шмат увагі надае паляпшэнню санітарнага стану жывёлагадоўчых фермаў.

Дзякуючы настойлівасці галоўнага ветэрынарнага ўрача, планы супрацьэпізаатычных мерапрыемстваў з 2008 года па люты 2013 года выконваюцца на 100 працэнтаў. Падзеж буйной рагатай жывёлы да абароту статка за апошнія тры гады паменшыўся на 0,2 працэнта, свіней -- на 1,9 працэнта.  Невытворчае выбыццё буйной рагатай жывёлы і свіней да прыплоду з 2010 года паменшылася на 0,4 працэнта і 3,9 працэнта адпаведна». Родам Іван Іванавіч Сідар з Мастоўшчыны, з вёскі Букштава. Праўда, нарадзіўся ў Казахстане, дзе бацькі ў 60-ыя гады асвойвалі цалінныя землі,   а вырас -- у беларускай вёсцы, якую выбраў для пражывання на ўсе астатнія гады. У свой час  закончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут, адслужыў паўтара гады ў арміі, і з таго часу  працуе ў мясцовай гаспадарцы.  У час вучобы пазнаёміўся і са сваёй будучай жонкай Аленай Рыгораўнай, якая таксама атрымоўвала спецыяльнасць ветэрынарнага ўрача. Зараз    сям”я жыве ў Вялікіх Азёрках.

-- У нас два сыны і дачка, пяцёра ўнукаў -- адны хлапчукі, -- з гонарам і добрай усмешкай адзначае наш суразмоўца. -- Часта бываюць у нас у гасцях, блага, што жывуць недалёка.  Нядаўна вось усе сабраліся разам, каб павіншаваць мяне з узнагародай.

Старэйшы сын   Дзяніс  жыве з       сям”ёй у Ваўкавыску, працуе экспертам-крыміналістам у органах  унутраных спраў. Там жа жыве і сям”я дачкі Аксаны -- настаўніцы матэматыкі і фізікі. Малодшы сын Андрэй, па прыкладу маці і бацькі, стаў ветэрынарным урачом.

-- Цяжкая гэта работа, адказная, патрабуе шмат ведаў, уменняў, намаганняў фізічных і маральных сіл, -- разважае Іван Іванавіч. Сапраўды, яшчэ калісьці акадэмік І. П. Паўлаў казаў: «Медыцынскі ўрач лечыць чалавека, а ветэрынарны -- чалавецтва».

З пачэсным прызнаннем заслуг кампетэнтнага спецыяліста, дбайнага і руплівага гаспадара, тактоўнага чалавека на дзяржаўным узроўні І. І. Сідара працягваюць віншаваць і ў калектыве сельгаскааператыва «Азяранскі». Як адзначылі ў гаспадарцы, Іван Іванавіч -- чалавек  вельмі  выхаваны  і ветлівы  ў абыхо-джанні з людзьмі, здольны самастойна і аператыўна прымаць важныя рашэнні, актыўна перадае свой багаты працоўны вопыт маладым спецыялістам, карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай сярод кіраўніцтва, калег і падначаленых. Адным словам, свой медаль Іван Іванавіч заслужыў добрасумленнасцю, адказнасцю і працавітасцю.

Н. ШЭЎЧЫКФота С. ЗВЯРОВІЧА


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио