Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноКультура и историяКультураНаука и образованиеНаука и образование

Арлы на свет вылятаюць з такіх менавіта гнёзд!

Арлы на свет вылятаюць з такіх менавіта   гнёзд!31 января 2017 — 10:52

 

Беларуская народная песня… Менавіта праз яе да мяне прыйшла любоў да нашай роднай мовы: мілагучнай, мяккай, шчырай, пяшчотнай, трапяткой. Слухаеш прыгожую гаворку і чуеш, як бяжыць вада ў рачулцы, як спявае салавейка ў хмызняку, як шуміць дуброва. Столькі ў ёй пераліваў, столькі душы і любові!


Вось вы паспрабуйце прызнацца ў каханні сваёй любай на беларускай мове: “Зязюленька мая, шэрая, журавіначка любая, ластавачка жаданая! Каханая! Адзіная!” А цяпер тое ж самае зрабіце на рускай мове: “Кукушечка моя, серая, клюквочка любимая, ласточка желанная! Любимая! Одна!”


Я ні ў якім разе не хачу сказаць, што руская мова непрыгожая! Не! Любая мова – гэта цуд! Але свая родная – такая цёплая і ўтульная! З ёю спакойна, як быццам бы пад матуліным крылышкам…


Калі я са сваімі навучэнцамі пачынаю гаварыць на беларускай мове, у класе становіцца ціха-ціха. А калі пачынаю спяваць на ёй, адчуваю цеплыню кожнага сэрца. Гэта праяўляецца наша адзінства на генным узроўні! Нездарма гавораць, што мова – гэта тыя ж самыя гены, праз якія новаму пакаленню перадаюцца ўсе здабыткі продкаў. Страцім мову – страцім гены – страцім сябе, як народ!


Кожны чалавек хоча быць менавіта сабой, бо ён адзіны такі ў свеце, непаўторны! А чаму ж народ не хоча быць менавіта сабой, адзіным такім у свеце, непаўторным?


Проста так прымусіць любіць сваю мову немагчыма!Любое насілле, гвалт вызываюць супраціўленне, непрыняцце! А вось дакрананне да беларускіх каранёў спакваля, праз народную песню, казку, абрад дае адваротны вынік.


У мінулым годзе я сваім вучням прапанавала падрыхтаваць абрад беларускіх Калядак. Згадзіліся. З задавальненнем вучылі калядныя народныя і царкоўныя песні, рыхтавалі ўборы.


А як прымалі нас, каляднічкаў! Спачатку з недаверам (звычайна каляднікі скажуць некалькі слоў ды і чакаюць падарункаў!), а пасля з цікавасцю, задавальненнем! І ў хату запрашалі, і за стол садзілі, і дзякавалі, і на наступны год прасілі не абмінаць!
У гэтым годзе ўсё паўтарылася. І вялікі мароз (-27 градусаў) 7 студзеня не напалохаў хлопчыкаў і дзяўчынак! Ідзем па вуліцы, зорка калядная весела зіхаціць (зрабілі падсветку, як у былыя добрыя часы: толькі раней гэта рабілі з дапамогай свечкі, а мы – з дапамогай лямпачкі), “козачка” прыплясвае… Людзі здзіўляюцца, віншуюць са святам, мы – іх! Настрой – выдатны! Чаканне сапраўднага цуда! Там, дзе нас прымалі, былі і смех, і радасць, і роспач, і слёзы ад пачутага, убачанага, узгаданага… Нехта вярнуўся ў дзяцінства, нехта сустрэўся з маладосцю, а нехта – з цудам! Мы ж неслі ў кожную сям’ю і гаспадару і гаспадані, і іх дачушкам і сыночкам пажаданні шчасця, здароўя, дабрабыту, дарылі маленькія каляровыя зорачкі на шчасце і добрую памяць.
Прапанова падрыхтаваць абрад “Гукання вясны” была прынята з радасцю! Нашыя рады папоўніліся! Калі пачалі развучваць беларускія народныя гульні, карагоды, я ўбачыла на тварах сваіх навучэнцаў непадзельную шчырую цікавасць.


Але самай вялікай асалодай для нас было тое, што наша свята падтрымалі ўсе гледачы, што прыйшлі да нас. Мы разам палілі на вуліцы Зімку, вадзілі карагоды, спявалі песні, гулялі ў гульні, клікалі Вясну, адмыкалі Зямлю! Было столькі смеху і радасці!
Гучала беларуская народная мова! І гэта было так звычайна! Ніхто не задаваўся пытаннем: нашто, для чаго? Усім было добра і ўтульна. Сярод зімы прыйшла вясна! Усюды снег, а ў сэрцы – кветкі!


А цуд гэты стварыла наша мова, наша спадчына, здабыткі нашых продкаў!

Мір гэтаму дому,
Дзе шчасце мы 
бачылі ўсе…
Вецер шматкі саломы
Па мокраму снегу нясе,
Дожджык імжыцца ціхі
(Вясковы вячэрні час),
Карова з добрымі
ўздыхамі
Глядзіць з-за сена на нас;
Курка з цёплага поклада
Кудахча, бы знесла
сусвет…
Прытульны,
добры і цёплы
Наш беларускі свет.
Садок да рачулкі збягае,
Хатка глядзіцца ў плёс.
Арлы на свет вылятаюць
З такіх менавіта гнёзд.

У. Караткевіч


Н. Ганцэвіч,
настаўнік гісторыі, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Музейная справа”, факультатыўнага курса “Вучымся жыць у міры і зго-дзе” ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Масты”



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: