Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумОбщественная жизньНовости МостовщиныНаш край

Адраджэнне народных традыцый у Песках

Адраджэнне народных  традыцый у Песках05 декабря 2017 — 12:52

 

У Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання людзей старэйшага ўзросту “Общение“ на тэму ”Беларускі нацыянальны касцюм і традыцыйная культура Беларусі“. Сюды прыйшлі тыя, хто неабыякавы да роднай спадчыны. У мерапрыемстве ўдзельнічалі старшыня раённага савета ветэранаў І.Я.Сераброўская і старшыня Пескаўскай пярвічнай ветэранскай арганізацыі К.П.Галушка.


У прыгожа аформленым памяшканні панавала святочная атмасфера.
Цёпла і сардэчна прысутных віталі Лявон і Лявоніха, ролі якіх выконвалі В. П. Якубік і Г. П. Гайдаш. Вядучыя падрыхтавалі шмат цікавых звестак пра жаночыя і мужчынскія беларускія нацыянальныя касцюмы, калекцыю якіх прадэманстравалі члены аб’яднання. Адбыўся майстар-клас па беларускіх народных танцах ”Кракавяк”, ”Падэспань”, ”Лявоніха”.


Актыўныя ўдзельніцы аматарскага аб’яднання і таленавітыя майстрыхі А.А.Клімовіч і В.І.Чубрык прадставілі вышытыя сваімі рукамі настольніцы, ручнікі, расчосніцы, сурвэткі. Аб сваіх вязаных вырабах расказалі Т. І. Клімчук і М. Ф. Іванова, а В.П.Якубік прадставіла рэліквіі - посцілкі і дываны, якія выткала яе матуля.


З беларускімі нацыянальнымі стравамі: дранікамі, клёцкамі, аладкамі, мачанкай, квасам пазнаёміла найлепшая кулінарка ў сваёй мясцовасці В. І. Чубрык. Яна прапанавала рэцэпты гэтых далікатэсаў, а таксама гарбаты з лекавых траў: мелісы, мяты, ліпы, шыпшыны і рамонка.


Немагчыма было застацца абыякавым да шчырых слоў аб жыцці пенсіянераў у вёсцы, калі чытала свой верш А.А. Клімовіч ”Жыві, наша любая вёска”.


На працягу ўсяго мерапрыемства гучалі беларускія народныя песні, паданні, легенды, гумарыстычныя жарты, прыказкі і прымаўкі. Асабліва парадаваў усіх конкурс прыпевак пад акампанемент Т.М.Аляшук. Не засталіся абыякавымі і госці. Яны разам з удзельнікамі спявалі, танцавалі, чыталі беларускія байкі.


За кубачкам духмянай гарбаты з лекавых траў людзі не спяшаліся разыходзіцца. Агульнае меркаванне было аднадушным: ”Цікава, пазнавальна правялі час, адпачылі душой. Даведаліся яшчэ больш пра нашу спадчыну, якую будзем берагчы і перадаваць сваім дзецям і ўнукам”.

Г.Гайдаш,
загадчыца Пескаўскай бібліятэкі

Фота Д.Корхавай


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио