Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноКультура и историяКультураНовости МостовщиныНовости Мостовщины

Адкрыццё выставы “На шляху сяброўства” на Мастоўшчыне

Адкрыццё выставы “На шляху сяброўства” на Мастоўшчыне24 июля 2017 — 11:06

У музеі “Лес і чалавек” 21 ліпеня адбылося адкрыццё выставы “На шляху сяброўства”, на якой былі прадстаўлены  работы мастакоў  суполкі “Адраджэнне” Фёдара Ладуцькі, Яўгена Шунейкі, Андрэя Лычкоўскага і іх аднадумцаў. Увазе наведвальнікаў яны прапануюць пераважна маляўнічыя беларускія пейзажы. Ёсць на карцінах і краявіды Гродзеншчыны. Выстава працягнецца да  26 жніўня.

 

Выстаўку адкрыла  і прадставіла   мастакоў  галоўны захавальнік фондаў музея “Лес і чалавек”  Дзіяна Струг:

 

-- Фёдар Сяргеевіч Ладуцька, Яўген Феліксавіч Шунейка і Андрэй Міхайлавіч Лычкоўскі наведалі наш  край ужо другі раз. Смяркую, што і  сённяшні летні пленэр, куды мастакі маюць намер нактравацца адразу   пасля выставы, пакінуць толькі добрыя эмоцыі і ўражанні, якія мастакі павязуць дамоў, каб зноў  вярнуцца і пабачыць наш край ужо ў час  вясновай квецені ці зімой, калі прырода спіць, але гатова ў любы  момант абудзіцца, каб  паказаць свае зімовыя цуды і прыгажосць. Увогуле Мастоўшчына тое месца, дзе можна адпачыць душою, любуючыся купаламі храмаў, узыходзячым сонцам, якое кранае сваімі промнямі верхавіны магутных дубоў, блакітнай стужкай Нёмана, які  дорыць натхненне многім мастакам Прынямоння.

 

На адкрыццё  выставы былі запрошаны вучні гімназіі №1 г. Масты, якія адпачываюць у аздараўляльным лагеры. Некаторыя з іх займаюцца ў Мастоўскай дзіцячай школе мастацтваў. Хлопчыкам і дзяўчынкам  было цікава  пазнаёміцца з прафесіянальнымі мастакамі, пагутарыць з імі. Трэба было бачыць, з якой зацікаўленасцю   юныя наведвальнікі разглядалі і  абмяркоўвалі  з мастакамі  іх  карціны. 

 

Выдатны мастак, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, арганізатар і  ўдзельнік  шматлікіх выстаў у Гродна, Мінску, Віцебску і многіх раённых цэнтрах Беларусі, а таксама ў Гермаіі, Польшчы, Італіі  Яўген Феліксавіч Шунейка цікава расказваў рабятам аб групе “Адраджэнне”, аб творчых планах.

 

-- Мне  цікава сустракацца і гутарыць з дзецьмі, бо  ўсе яны  любяць маляваць. У  душы  заўсёды цепліцца надзея, што сярод  юных наведальнікаў нашых выстаў  вырастуць  сапраўдныя  мастакі, і  юныя мастаўчане не выключэнне, -- выказаў спадзяванне Яўген Феліксавіч.

 

Пасля завяршэння сваіх выстаў мастакі  перадалі  музею “Лес і чалавек” і жыхарам  Мастоўшчыны   ў дар 17  карцін.  Гэта робіцца на дабрачынных пачатках з мэтаю  ўзбагаціць рэгіянальныя музейныя калекцыі творамі сучаснага беларускага мастацтва і актывізаваць сувязь мастакоў з беларускім грамадствам. У гэтым члены суполкі  “Абуджэнне” бачаць сваю творчую місію.

 

Іх вабяць прыгожыя краявіды  Прынямоння. Адразу ж пасля адкрыцця выставы   мастакі  адправіліся ў чарговы    пленэр на Шчару. Ёсць надзея, што ў наступны раз мы зможам пабычыць іх новыя карціны з мясцовымі прыгожымі краявідамі.   

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ

Фота аўтара




Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: