Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМостовский крайНаш край

Ад Брэста да Берліна наладжваў тэлефонную сувязь

Ад Брэста да Берліна наладжваў тэлефонную сувязь02 марта 2015 — 10:00

14 лютага 2015 года свой 95-­гадовы юбілей адзначыў паважаны ў Монькавічах чалавек, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Аляксандравіч Дамастой.З шаноўнай і значнай датай юбіляра павіншавалі прадстаўнікі ўлады, раённага ваеннага камісарыята, савета ветэранаў, цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а таксама родныя і блізкія, суседзі.

Сустракаў гасцей Аляксандр Аляксандравіч, нягледзячы на падхопленую прастуду, даволі бадзёрым і ў добрым настроі. Нават спрабаваў жартаваць наконт свайго знешняга выгляду ­­ далёка немаладога і неідэальнага, каб фатаграфавацца ў газету.

Першым са словамі віншаванняў да ветэрана звярнуўся раённы ваенны камісар Дз. Ф. Багдановіч, які прыбыў у Монькавічы з ганаровай місіяй – уручыць А.А. Дамастою юбілейны медаль “70 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941­1945 гадоў”.

­­--  Вы прайшлі складаны, але дастойны, варты пераймання шлях. Ахвяруючы ўласным жыццём, захавалі нам мірнае неба. Мы абяцаем заўсёды памятаць Ваш подзвіг у імя будучага і свята захоўваць Вашу перамогу, здабытую крывёю і потам у бязлітасных бітвах з фашысцкай навалай, ­­ -- адзначыў Дзмітрый Францавіч.

Дарэчы, як расказаў сам Аляксандр Аляксандравіч, які не наракае на памяць, ён прайшаў франтавымі дарогамі Вялікай Айчыннай ад Брэста і да самога Берліна. Добра памятае баі за вызваленне Варшавы, Гдыні, Гданьска, жорсткія сутычкі з ворагам на рацэ Одэр, узяцце Берліна.

-- ­­ Служыў я ў супрацьтанкавым дывізіёне артылерыйскага палка, ­­ -- успамінае ветэран. – Быў тэлефаністам на камутатары. Адным словам, забяспечваў сувязь паміж батарэямі дывізіёна. Усе дадзеныя былі зашыфраванымі. Памятаю, што снарады называліся агуркамі...

­­ -- Сёння ў Вас шаноўны юбілей, не кожнаму пакараецца такі ўзрост, ­­ -- падкрэсліла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Марына Осіпаўна Давыдзік, віншуючы юбіляра і ўручаючы яму падарунак. – Таму яшчэ раз дзякуем Вам за Ваш воінскі і жыццёвы подзвіг, за магчымасць жыць, вучыцца, працаваць, гадаваць дзяцей. Моцнага Вам здароўя і дабрабыту.

 Шчырыя словы пажаданняў здароўя, бадзёрасці, увагі і любві ад родных і павагі ад аднавяскоўцаў для Аляксандра Аляксандравіча прагучалі таксама ад старшыні Курылавіцкага сельскага Савета Сяргея Валяр’янавіча Каспяровіча і старшыні раённага савета ветэранаў Мікалая Акімавіча Паплаўскага. Апошні да слоў дадаў і канверт з грашовай дапамогай.

Эстафету добрых віншаванняў у адрас чалавека, за плячыма ў якога амаль сотня гадоў, пераняла загадчыца аддзялення цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Іванаўна Герасімчык. Яна пажадала юбіляру слухаць толькі добрыя навіны па новым падораным радыёпрыёмніку.

­­ --  Аляксандр Аляксандравіч шмат гадоў знаходзіцца ў нас на абслугоўванні, -- ­­ расказала Святлана Іванаўна. – Дапамагае яму ў хатніх клопатах сацыяльны работнік Людміла Мікалаеўна Тарасевіч.Часта ў госці да бацькі наведваюцца дзеці: дачка Валянціна і сын Аляксандр, якія жывуць у Светлагорску Гомельскай вобласці. Таксама дзядуля мае чацвёра ўнукаў, столькі ж праўнукаў і аднаго прапраўнучка. У дзень нашага прыезду бацьку даглядала дачка.

--  З татам мне лёгка і проста. Ён вельмі пазітыўны чалавек. Нават калі нездаровіцца, ён ніколі не капрызнічае, стараецца трымацца малайцом, ­­ -- падзялілася думкамі Валянціна Аляксандраўна.

Яна ж расказала нам цікавы факт, што сын і ўнук ветэрана – яго поўныя цёзкі.  Усе трое ­­ Аляксандры Аляксандравічы Дамастоі. Такая вось сямейная традыцыя.На шум і гоман да юбіляра зайшла і яго суседка Клаўдзія Мікалаеўна Воўк.

­­ -- Мы яго тут не даём у крыўду, ­­ з добрай усмешкай на вуснах удакладніла жанчына і ўжо на поўным сур’ёзе дадала:­­ -- Я заўсёды паўтараю: дзяржыся, Шурачка, бо і так пустыя хаты кругом. А ён – гаспадар, якіх  пашукаць. Яшчэ і зараз пчол трымае, мяне мёдам частуе. Як быў маладзейшы, дык з раночку  ­­ ужо ў агародзе корпаецца: нізавошта ніводнай зеліне не дасць вырасці. Усё ў яго да ладу, да парадку, лепш, чым у некаторых гаспадынь...

Вось такія яны, нашы ветэраны. Мужныя  і бясстрашныя ў баях з бязлітасным ворагам, працавітыя і дбайныя гаспадары ў час мірнага жыцця. І як добра, што яны ў нас ёсць, навечна заняўшыя пачэснае месца ў салдацкім страі і ўдзячнай памяці нашчадкаў!

Н.ШЭЎЧЫКФота С.ЗВЯРОВІЧА



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: