Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноКультура и историяКультура

«А мне не хочацца іншага лёсу...”

«А мне не хочацца іншага лёсу...”10 марта 2016 — 10:00

 Калі чалавек мяняе  месца жыхарства  ­­ вёску на горад ­­ і імкнецца ўсімі сіламі даказаць, што ён гарадскі, нікога такі факт не здзіўляе, гэта  лічыцца нармальным і правільным. А калі   карэнны гараджанін атрымлівае сельскагаспадарчую спецыяльнасць і  пазней усё свядомае жыццё жыве і працуе ў вёсцы, большасць з нас палічаць такога чалавека дзіваком і недаўменна паціскаем плячыма, не зразумеўшы яго ўчынка. Ветэрынарны ўрач жывёлагадоўчай фермы “Каўшова” Людміла  Аркадзьеўна Сухадольская ­­ карэнная віцябчанка, трыццаць два гады назад  прыехала з  Віцебска ў Харціцу  пасля заканчэння ветэрынарнага інстытута па размекаванню  і сёння ніколькі не  шкадуе аб  сваім выбары.

    Людміла Аркадзьеўна  за гэты час  стала ў Харціцы сваім чалавекам, засвоіла сельскі   ўклад жыцця: яшчэ некалькі год назад яны з мужам  трымалі ў гаспадарцы  карову, свіней. На сёння  засталіся толькі куры і сабака. Ад вырошчвання свіней давялося адмовіцца з­за афрыканскай чумы.   Утрыманне каровы патрабавала  шмат   часу, а гаспадар і гаспадыня ўвесь дзень  былі заняты на рабоце. Муж Васіль Васільевіч доўгі час працаваў механізатарам, Людміла Аркадзьеўна да  позняга вечара  занята на ферме. А яшчэ многа  часу  патрабавалі рэпетыцыі ў мясцовым клубе.

  За  трыццаць два гады  жыцця і працы   ў  Харціцы  Людміла Аркадзьеўна палюбіла беларускія народныя песні, яна актыўная  ўдзельніца мастацкай самадзейнасці, раней на репетыцыі хадзілі разам  з мужам, сёння Васіль Васільевіч крыху  адышоў ад сцэны.

  Гарадская дзяўчына  не марыла стаць  ветэрынарным урачом. Пасля заканчэння  школы паступала ў Віцебскі  педагагічны інстытут, не прайшла  па конкурсу. Трэба было  ўладкоўвацца  на працу. Якраз у гэты час  у ветэрынарным інстытуце  патрэбна была лабарантка. Людміла  ўладкавалася туды, думала, што часова. А  праз год стала студэнткай гэтай навучальнай установы і, як паказаў час, з ветэрынарыяй  звязала  ўсё сваё жыццё.

  -  ­­Сказаць, што я зусім не ведала  вясковага жыцця, будзе няпраўдай. У вёсцы жылі мае бабулі і дзядулі. Летнія школьныя  канікулы  я звычайна праводзіла ў іх. Адкуль бяруцца малако, масла, сыр, яйкі, бачыла на практыцы. Спрабавала нават даіць карову, ­­-  успамінае  Людміла Аркадзьеўна сваё дзяцінства.

   Больш за  дваццаць гадоў  Людміла Аркадзьеўна спявае ў фальклорным  ансамблі “Аксаміт”, які дзейнічае пры мясцовым  сельскім  клубе. Ні адно вясковае свята не абыходзіцца без песень  у выкананні   гэтага ансамбля. Яшчэ ў Людмілы Аркадзьеўны   праявіўся і талент драматычнага акцёра. З ахвотай і задавальненнем іграе яна ролі  ў невялікіх  спектаклях.

   А зусім нядаўна  ёй давялося на  мясцовай сцэне сыграць ролю… самой сябе.  У самадзейных артыстаў з Харціцы  ёсць  добрая традыцыя:  ладзіць  невялікія “капуснікі”  ў гонар  юбілеяў сваіх калег па сцэне. У снежні  для Людмілы Аркадзьеўны гучалі   песні, добрыя пажаданні.

   ­­А я з каронай на галаве,  сапраўдная каралева… Як у кіно, перад вачыма пракручваліся кадры  з майго   жыцця.  Першае,  аб чым падумалася, што  стань я настаўніцай пачатковых класаў, як марыла ў юнацтве, і не было б у маім жыцці Харціцы,  гэтай сцэны, не сустрэла б у вёсцы мужа Васіля. Усё магло б скласціся па­іншаму, а мне не  хочацца іншага лёсу,­­ пераканана сёння Людміла Аркадзьеўна.                

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ    



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: