Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСельская жизньСельская жизнь

І зноў два Чаславы і Масквянкоў з сынам

І зноў два Чаславы і Масквянкоў з сынам10 августа 2015 — 10:00

 Землі, што належаць сельскагаспадарчаму вытворчаму кааператыву імя Адама Міцкевіча, — адныя з самых багатых у нашым раёне. Тут здаўна вырошчвалі і збіралі добрыя ўраджаі сельгаскультур. Штогод шчодра адорвае за клопат аб ёй і хлебная ніва гаспадаркі. Праўда, усё гэта было б немагчыма, каб не людзі – працавітыя, старанныя і гаспадарлівыя.

Багаты ўраджай – гэта, безумоўна, вынік сумесных намаганняў механізатараў і спецыялістаў, якія падчас жніва перадаюць эстафету камбайнерам. Цяпер ад іх зладжанай работы залежыць, ці ў час будзе ўбрана вырашчанае зерне, ці не перастаіць колас, ці не абсыплецца. Зараз яны – валадары хлебных ніў. Добра разумеючы сваю адказнасць у гэтай важнай справе, камбайнеры праводзяць  у кабінах сваіх магутных машын з раніцы да цямна, пад палячым сонцам і з перапынкам толькі на абед ці тэрміновы рамонт.

-- Сёлета ў нас на жніве працуюць дванаццаць камбайнавых экіпажаў. Працуюць зладжана, старанна і добрасумленна, — расказвае галоўны інжынер СВК імя Адама Міцкевіча Станіслаў Генадзьевіч Юшкевіч. – Усе зернеўборачныя камбайны былі своечасова падрыхтаваны да адказнай работы. Праўда, здараюцца крыўдныя паломкі і ў час уборкі. Тады стараемся ў мінімальныя тэрміны іх ліквідаваць.

Разам са Станіславам Генадзьевічам накіроўваемся у поле, дзе шчыруюць лепшыя экіпажы гаспадаркі, што аднымі з першых увайшлі ў лік тысячнікаў. Яшчэ на пад’ездзе да ўборачных плошчаў сустракаем “Лексіён – 580” і яго “баявы” экіпаж у складзе Часлава Іосіфавіча Стасевіча і Часлава Вацлававіча Палубка. Намалоту ў тысячу тон яны дасягнулі 4 жніўня. На пазаўчарашні дзень на рахунку камбайнераў – 1487 тон намалочана зерня. -- Разам мы працуем ужо дзесяты сезон, з паўслова разумеем адзін аднаго, таму, напэўна, і работа ладзіцца, — адзначаюць камбайнеры, якія па нашай просьбе спешыліся, каб пагутарыць і зрабіць здымак для газеты.

 Дарэчы, некалькі гадоў таму менавіта два Чаславы – Часлаў Іосіфавіч Стасевіч і Часлаў Вацлававіч Палубок — былі пераможцамі раённага, абласнога і рэспубліканскага спаборніцтва, што арганізоўваецца сярод камбайнераў падчас жніва, прымалі ўдзел у рэспубліканскіх “Дажынках”.

Наступны наш прыпынак – на палетку з азімым трыцікалем. Нават, як кажуць, на вока, можна вызначыць, што ўра-джайнасць гэтай культуры высокая. Буйныя, тугія каласы нагадвалі вусатыя батоны, што прагавіта жадалі раскрыцца, каб адарыць людзей шчодрым зернем новага ўраджаю.

Пацвярджае нашыя высновы яшчэ адзін тысячнік – Пётр Мікалаевіч Масквянкоў. Як і летась, ён працуе на “Лексіёне 760” разам з сынам Аляксандрам, які спецыяльна ўзяў водпуск, каб дапамагчы бацьку і гаспадарцы.-- Працуецца добра, ураджай выдатны, надвор’е быццам на заказ, — разважае Пётр Мікалаевіч, за плячыма якога шаснаццаць уборачных сезонаў. Зразумела, вопыту і ўмення яму не займаць. Як і адказнасці і стараннасці, з якімі ён ставіцца да хлебаробскай справы, як любові, з якой ён адносіцца да роднай зямлі і перадае сваім сынам. Да слова, Пётр Мікалаевіч, таксама кожны год адзначаецца сярод лепшых камбайнераў у раёне, вобласці і рэспубліцы. На  6 жніўня на рахунку гэтага працавітага сямейнага экіпажа – 1360 тон зерня.

Між тым, збожжавы палетак у сельгаскааператыве імя Адама Міцкевіча сёлета складае 2600 гектараў. Па інфармацыі райсельгасхарчу на 7 жніўня, тут была абмалочана больш за палову  ўсіх плошчаў пры валавым намалоце 9 474 тоны. Ураджайнасць па-ранейшаму адна з самых высокіх у раёне – 68 цэнтнераў з гектара. За дзень хлебаробы гаспадаркі паспяваюць убраць  150 гектараў. Добрыя намалоты даюць ячмень – 65,4 цэнтнера, азімае трыцікале – больш за 70 цэнтнераў, пшаніца – каля 71 цэнтнера.

Такі ж высокі тэмп на жніве трымаюць і астатнія гаспадаркі. Па раёну на названую дату было ўбрана  8 543 гектары, ці 55 працэнтаў пры ўраджайнасці 54,2 цэнтнера.

Н.ШЭЎЧЫК


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио