Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумОбщественная жизнь

І гульні другія, і цацкі не тыя...

І гульні другія, і цацкі не тыя...05 августа 2013 — 10:00

 Наш чатырохгадовы сын недзе ў “засеках” бабулі і дзядулі, якія прывыклі нічога не выкідваць – а раптам спатрэбіцца! – знайшоў капейкі. “Двушкі”, “пятачкі”, дзесяць і дваццаць капеек – калісьці гэта было цэлае багацце. А як растлумачыць сучаснаму дзіцяці, што гэта і для чаго патрэбна? У магазін жа з імі не пойдзеш!.. Прыйшлося схітрыць і назваць колішнія грошы трафарэтамі для малявання. Да таго ж, доля праўды ў гэтым ёсць. Не ведаю, як хто, а мы калісьці вечарамі, пад-клаўшы капейкі пад ліст паперы, рознакаляровымі алоўкамі малявалі іх адбітак. Пасля ўсё гэта акуратна выразалася – вось і неабходны “рэквізіт” для гульні ў магазін.

Забыўшыся на ўсе свае электронныя тэлефоны і машынкі, наш цікаўны непаседа некалькі вечароў запар уладкоўваўся ля стала, дзе мы ўсе разам малявалі капеечкі. Пасля лічылі іх, вучыліся адымаць і дадаваць. Забаўка далёкага дзяцінства прыйшлася па душы і нашаму нашчадку. А колькі яшчэ іх было?!

Мы раслі ў іншым свеце, без кітайскіх вырабаў-аднадзёнак, часта не лепшай якасці, і былі шчаслівыя тым, што мелі. Цацкі для сваіх гульняў мы знаходзілі побач, праявіўшы крыху знаходлівасці і фантазіі. Перавернутае крэсла і пакрывала з падушкі служылі нам “домікам”, выкарыстаныя жасцяныя накрыўкі былі лялечным посудам, а пустая баначка з-пад гуталіну, шчыльна напоўненая пяском, — другім незаменным атрыбутам гульні ў “класікі”. Першым усё ж было шкельца – кавалачак шкла ад разбітай талеркі. Прычым, чым яно было прыгажэйшым, тым большай павагай ты карысталася сярод сябровак. А яшчэ былі шчаслівыя шкельцы – гэта тыя, з якімі ты заўсёды выйгравала.

Ды і гульні ў нас былі другія. Памятаеце, “Выбі-вала”, “Мора хвалюецца раз”, “Халі-хала”, “Зламаны тэлефон”, “Калечка”, “Фанты”… Цэлымі днямі напралёт мы маглі скакаць у “рызіначку”, даводзячы да дасканаласці кожны рух. З выдзеленага матуляй  кавалку ткані-ны шылі адзенне лялькам, здзіўляючы дарослых уменнем падыходзіць да справы, як бы зараз сказалі, крэатыўна, нестандартна. А калі на вуліцы вечарэла, усе рэйтынгі папулярнасці білі хованкі, у якіх   удзельнічалі да дзесяці чалавек.

Цяперашнія пакаленні дзяцей маюць намнога больш нашага, аднак чамусьці з задавальненнем скачуць у  “класікі” і “рызіначку”, а таксама  малююць капеечкі. Можа быць, гэта і ёсць тое са-праўднае, захапляючае і непрадказальнае, чаго не хапае нашым малым “чамучкам”?.. А можа, яны проста стаміліся ад сваіх камп’ютэраў, тэлевізараў, планшэтаў і смартфонаў, бо на вуліцы ж – лета, а значыць, пара адпачываць!..Н. СВЯТЛОВА


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио